|
|
|
Трансфармацыя луканомікі12/18/2006 - 23:30 Што нас чакае за паваротам Эканоміка шмат у чым ёсьць база, грунт палітычных працэсаў у краіне. І ніякія словы не гавораць аб пануючым рэжыме гэтак красамоўна, як яго эканамічная палітыка. Пабудаваны Аляксандрам Лукашэнкам рэжым – гэта ідэалягічная, палітычная, эканамічная хімэра, якой наканаваны сумны канец. І хмары ўжо гусьцеюць над Беларусяй. Няма сумневу, што ў бліжэйшыя гады мы зробімся сьведкамі грандыёзнага відовішча злому сыстэмы лукашысцкага рэжыму – а значыцца, у першую чаргу, лукашысцкае эканомікі. Пытаньне ў тым, якім будзе гэты злом. Ці будуць гэта рынкавыя рэформы, праграмы якіх чакаюць свайго часу на сайтах АГП і Партыі БНФ? Ці будуць гэта вымушаныя рэформы зь ініцыятывы лукашэнкаўскае адміністрацыі? Урэшце, у якім стане будзе йснаваць сам аб’ект рэформаў – беларуская эканоміка – калі надыдзе іхная магчымасьць? Для пачатку паспрабуем разглядзець, што ў прынцыпе азначалі б перамены ў эканамічнай палітыцы ўраду Беларусі. Перш за ўсё гэта было б зьмяншэньне ціску на бізнэс – як адміністрацыйнага ціску, так і рэфармаваньне рэпрэсіўнага ў дачыненьні да прадпрымальнікаў законадаўства, зьмяншэньне падатковага прэсу. Гэта было б зьмяншэньне ціску на інвэстараў і пераарыентацыя дзяржаўнае палітыкі на спрыяньне замежным інвэстыцыям, на вяртаньне зьбеглых у Расею і Чэхію беларускіх капіталаў. Нельга забывацца на неабходнасьць прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, і чым болей шырокай, тым лепей. Патрабуе радыкальных зьменаў і банкаўская сыстэма краіны. У здаровай эканоміцы Нацыянальны банк мусіць быць пазбаўлены кантролю з боку ўраду – у Беларусі падпарадкаваньне “Савету Міністраў” зацьверджанае ці не законадаўча. Нават такі вельмі сьціплы агляд to do-list’а для будучых беларускіх рэфарматараў дазваляе нам зрабіць адну выснову, якая ляжыць на паверхні – Лукашэнка на такія крокі ня пойдзе ні пры якіх умовах. Для немагчымасьці рэформаў зьверху, то бок немагчымасьці эвалюцыйнага сцэнару пры гэтым рэжыме, ёсьць дзьве прычыны – аб’ектыўная і суб’ектыўная. Суб’ектыўная прычына ляжыць проста ў асабістых якасьцях Аляксандра Лукашэнкі. Ён адзінаццаць гадоў будуе сваю мадэль эканомікі. Гэты чалавек паранаідальна ня здольны прызнаць уласную памылку. Нават калі ўявіць сабе разумных дарадцаў пры ім – якіх ужо даўно не засталося ў ягоным лягеры – для Лукашэнкі няма аўтарытэтаў. Урэшце, гэта чалавек проста неадукаваны, які верыць у эфэктыўнасьць камандна-адміністратыўнай эканамічнай мадэлі. І, напэўна, Лукашэнка і ёсьць галоўным закладнікам створанай ім самім сыстэмы, дзе, боячыяся цяжкай “бацькавай” рукі, дырэктары і чыноўнікі завышаюць фармальныя паказчыкі эканамічнага разьвіцьця, адцягваючы расплату. Аб’ектыўная прычына ў тым, што рэформы банальна пазбавяюць рэжым крыніцаў грошай. Палітыка лукашэнкаўскага ўраду ад пачатку была накіраваная на высмокваньне з нацыянальнае эканомікі ўсіх сокаў дзеля падтрыманьня апарату прымусу, дзеля забесьпячэньня ляяльнасьці сілавых структураў, ну і на “кішэнныя” самому тырану і яго атачэньню, а ў выпадку рынкавых рэформаў дзяржава пазбавіцца магчымасьці пабораў зь бізнэсу, будзе вымушаная легалізоўваць ценявы “прэзыдэнцкі” бюджэт. Пятля на шыі беларускае дыктатуры паступова звужаецца й бяз гэтага, бо якія прыгожыя лічбы не малюй у штогадовых справаздачах, а аднойчы канфлікт лічбаў з рэчаіснасьцю зробіцца крытычным і непапраўным. Акрамя таго, рэформы ў эканоміцы распачнуць цалкам непрымальную для лукашыстаў ланцуговую рэакцыю: калі мы хочам мець спрыяльныя ўмовы для інвэстараў, спатрэбіцца, скажам, справядлівы суд з Балтыкай аб бровары “Крыніца”. А паслабленьне дзяржаўнага кантролю над судом патыхае ўжо і расьледваньнямі зьнікненьняў апазыцыянэраў, і запатрабаваньнямі справядлівасьці над Марынічам, Севярынцам, Статкевічам і іншымі. Лібэралізацыя эканомікі азначае рост уплыву незалежнага ад адміністрацыі Лукашэнкі бізнэсу, зьяўленьне патэнцыйных спонсараў палітычнае альтэрнатывы. Па Карлу Марксу (ці каму?) быцьцё вызначае сьвядомасьць – свабодная эканоміка робіць свабодным грамадзтва. Пачаць эканамічныя рэформы, пераводзіць нацыянальную эканоміку на цывілізаваныя рэльсы – самагубства для беларускае дыктатуры, вось у чым канфлікт нацыянальных інтарэсаў зь інтарэсамі правячае ў краіне клікі. Улада загнала сябе ў тупік, зь якога выйсьце толькі адное – рэвалюцыя. Глядзець далей, што будзе пасьля зрынаньня рэжыму, цяжка. Незразумела, якой будзе беларуская рэвалюцыя. Наколькі яна будзе бяскроўнай, наколькі яна будзе мірнай. Незразумела, што можа зрабіць з эканомікай каляпсуючы рэжым у сваёй агоніі. Карацей кажучы, не зразумелая адназначна зыходная сытуацыя, у якой будзе эканоміка на апэрацыйным стале першага пост-лукашэнкаўскага ўраду. Паспрабуем разглядзець аптымістычны сцэнар, пры якім сытуацыя застанецца такой, як зараз. Бадай што адзінай сапраўднай заслугай (ня было б шчасьця, ды няшчасьце дапамагло) Лукашэнкі і ягонага рэжыму ёсьць тое, што цяпер пры правядзеньні рынкавых пераўтварэньняў Беларусь можа вучыцца на памылках сваіх суседзяў. Дэ-факта закансэрваваўшы плянавую эканоміку, Беларусь дала фору іншым краінам Усходняе Эўропы ў правядзеньні рэформаў. Цяпер, калі асноўная, вырашальная частка рэформаў у Чэхіі, Польшчы, Вугоршчыне, Славэніі, Эстоніі, праведзеная альбо запушчаная, мы сапраўды можам бачыць вынікі іхнае палітыкі, што было зроблена слушна, якіх памылак неабходна будзе пазьбегнуць у Беларусі. Мы згубілі час, але атрымалі невялічкі шанец, што ператварэньні ў Беларусі будуць ня гэтак моцна біць па ўзроўню жыцьця і сытуацыя будзе не такой кепскай, якой яна была ў іншых краінах. Цалкам магчыма будзе выкарыстаць накоплены суседзямі досьвед, запрасіць кансультантаў зь ліку былых урадоўцаў і рэфарматараў Чэхіі, Польшчы, Вугоршчыны. Але й тут размова йдзе не аб “паступовасьці”, а хутчэй аб добра падрыхтаванай “радыкальнасьці” рэформаў, бо, перафразоўваючы аднаго з бацькоў рынкавых рэформаў ва Ўкраіне, “рынкавыя рэформы бываюць радыкальныя альбо няўдалыя”. Досьвед паказвае, што толькі краіны, дзе была зробленая стаўка на радыкальны і бескампрамісны паварот да рынку, дасягнулі посьпеху. Гэта згаданы ўсходне-эўрапейскі “авангард”, краіны-лідары рэгіёну па эфэктыўнасьці праведзеных рэформаў – Чэхія, Польшча, Вугоршчына, Эстонія, Славэнія. Прыклад зваротнага – Румынія і Баўгарыя, дзе ўрады з папулісцкіх мэтаў дэкляравалі “паступовыя рэформы”, якія ў выніку абарачваліся цяжкімі крызісамі сярэдзіны 1990-х. Перамены ў Белаурсі непазьбежныя. Гэта ня проста аптымізм, гэта ўпэўненасьць, бо верагоднасьць іншых сцэнараў для Беларусі (аншлюс да Расеі ці перадача Лукашэнкам улады “ў спадчыну”) мізэрная. Пытаньне адное – час. Час, які працуе супраць рэжыму, але і супраць эканомікі Беларусі. Чым далей, тым болей губляе канкурэнтаздольнасьць вытвораная на старэючым абсталяваньні прадукцыя. Чым далей, тым меней эканамічная мэтазгоднасьць інвэстыцый у беларускія прадпрыемствы. У адзін момант стане элемэнтарна таньней расьпілаваць састарэлыя заводы на мэталалом, чым пераабсталёўваць іх – і гэта ўжо будзе трагедыя. Крызіс набліжаецца, і пасьля яго мы можам прачнуцца ў цэнтральнаэўрапейскай Альбаніі. Пасьля распаду СССР Беларусь згубіла непапраўна шмат часу. Непапраўна шмат людзей, непапраўна шмат капіталу – грашовага, інтэлектуальнага, рэпутацыйнага нарэшце. Рэвалюцыя ў Беларусі робіцца ня проста пытаньнем перастаноўкі краіны на больш канструктыўныя рэльсы разьвіцьця, але літаральна пытаньнем жыцьця і сьмерці Беларусі як эфэктыўнае эканомікі. Якой будзе краіна пасьля яшчэ 5 год кіраваньня некампэтэнтнымі, неадукаванымі і недобрасумленнымі людзьмі на чале з былым дырэктарам стратнага калгасу – гэта пытаньне, на якое ня хочацца даваць адказу. Гэтаму павінен быць пакладзены канец. |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар