Третий путь
ГалоўнаяНавіныПублікацыіДумкарэйБібліятэка пра нас
by rudeeng Простае дзеяньне:
цытата:
У дэмакратыі большасьць кіруе, а меншасьць увесь час паказвае, куды круціць руль
Лорэнс Пітэр
Раім наведаць:
Навукова-дасьледчы цэнтар Мізэса
Беларускі экспэртны цэнтар
Інстытут Катона
Амэрыканскі лібэртарны think-tank
Cato.ru
Расейскамоўны праект Інстытута Катона
сувязь з намі:
Калі Вам цікава тое, што мы робім - пішэце нам. Будзем радыя.
       кантакт       
апытаньне
« Студзень 2009
Пн Ат Ср Чц Пт Сб Нд
      1 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31  
The image verification code you entered is incorrect.

Прыйдзі і вядзі нас


12/19/2006 - 00:08 / Баўтрамей Горбач

Вось ужо паўгоду дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі сочыць за ўсё меней сьціплымі, але ўсё болей пэрыядычнымі паведамленьнямі аб этапах вылучэньня адзінага кандыдату ў прэзыдэнты ад аб’яднанае апазцыцыі. Гэты працэс — ключавы ў маючай адбыцца праз паўтары гады спробе дэмакратычнае рэвалюцыі ў нашай краіне. Відавочна, што калі зьявіцца адзіны кандыдат ад апазыцыі, бітва з дыктатурай пяройдзе ў сваю актыўную стадыю.

Апазыцыя зрабіла пэўныя высновы пасьля 2001 году, таксама і Захад, у адрозьненьне ад мінулых выбараў, усур’ёз пачаў працаваць на ліквідацыю рэжыма Лукашэнкі. Падобна, што гэтым разам дэмакраты пойдуць да канца, і нас чакаюць вельмі і вельмі гарачыя вясна і лета наступнага году.

Меней, чым празь месяц, будзе вырашанае адзінае, але самае няпростае пытаньне ўва ўсім гэтым. А менавіта, мы даведаемся пра імя кандыдата ў прэзыдэнты ад аб’яднанае дэмакратычнае апазыцыі.

Адзіны кандыдат — ключавая фігура беларускай дэмакратычнай альтэрнатывы. Ён мае стацца менавіта тым, чаго беларускай апазыцыі бракавала ўсе гэтыя годы — яе канкрэтным ўвасабленьнем, адрозным ад састарэлага вобразу Зянона Пазьняка. Пад сьцягам Адзінага кандыдату будзе рэальна згуртаваць адзіным фронтам усіх незадаволеных рэжымам Лукашэнкі, да канкрэтнага адзінага кандыдата пацягнуцца канкэтныя людзі і канкрэтныя рэсурсы. На плечы гэтага чалавеку ляжа місія весьці нас да перамогі.

Сярод беларускае дэмакратычнае апазыцыі можна вылучыць дзьве асноўныя плыні, якія і будуць вызначаць адзінага кандыдата.

Адна плынь, назавем яе, прагматычнай — гэта людзі, якія лічуць, што дзеля перамогі над дыктатурай ды на ейным полі, у створанай ёй сыстэме, трэба самім зьнешне як мага больш наблізіцца да яе вобразаў, каб быць зразумелымі лукашызаванаму электарату. Гэта тыя людзі, якія віталі абвестку аб расейскамоўным вяшчаньні Deutsche Welle, а да гэтага прасоўвалі ідэю пераходу Радыё Свабода на расейскамоўнае вяшчаньне, «каб Свабода гаварыла зь людзьмі на іхнай мове». Гэта людзі, якія акцэнтуюць на тое, што ў дзень пасьля выбараў мы прачнемся ў той самай краіне, у якой клаліся спаць — нават калі будзем мець ужо іншага прэзыдэнта.

Другая плынь — плынь ідэалістычная. Гэта людзі, якія чакаюць збаўцу ад Лукашэнкі ў вобразе беларускамоўнага рыцара на белым кані з аповесьці Караткевіча. Іх крэда адваротнае — кантраст да існуючае сыстэмы, рашучае адмаўленьне навязаных Лукашэнкам правілаў гульні і роляй, яскравая і адназначная альтэрнатыва навакольнаму застою і савецкасьці. Гэтыя людзі больш зьвяртаюць вагу на тое, што прачнуўшыся ў дзень пасьля выбараў, трэба ведаць, куды далей весьці краіну.

Гледзячы на сьпіс кандыдатаў на Адзінага, увасабленьнем прагматычнае плыні доўгі час мог лічыцца Аляксандар Казулін, аднак апошнім часам былы рэктар БДУ чамусьці здаў пазыцыі і зьнік з інфармацыйнага поля. Пры гэтым патэнцыял Казуліна як адзінага кандыдата быў бы зь некалькіх прычынаў вельмі сур’ёзным. Па-першае, толькі нядаўна перайшоўшы ў адкрытую апазыцыю да рэжыму, ён захаваў сувязі і аўтарытэт сярод дзеючай лукашысцкай намэнклятуры. Да яго заявы аб стварэньні кааліцыі «Воля народу» далучыліся некалькі высокапастаўленых супрацоўнікаў БДУ, можна меркаваць, што ўнутрана салідарныя зь ім яшчэ дзсясткі і дзясяткі беларускіх чыноўнікаў. Па-другое, моцны аргумэнт за Казуліна — яго блізкі народу просты імідж, яго расейскамоўнасьць і «зразумеласьць».

Ён мог бы спрачацца за электарат Лукашэнкі — іншае пытаньне, ці задавальняў бы ён традыцыйны апазыцыйна настроены электарат.

Застаецца нявысьветленым яго сёньняшняе стаўленьне да ўласнаручных рэпрэсій супраць беларускамоўных студэнтаў БДУ ў бытнасьць яго рэктарам. Прынамсі, прабачэньняў з боку апальнага палітыка так і не прагучала. Ад самога пачатку сваёй барацьбы з рэжымам, Казулін намагаўся абстрагавацца ад асноўнага апазыцыйнага блёку — «Пяцёркі». Ён быў апэратыўна «падхоплены» адным з аскепкаў БСДП «Народная Грамада» і гучна абвешчаны старшынёй аб’яднанай Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», створанай БСДП (НГ) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамадой. Доўгі час Казулін казаў аб самастойным паходзе на выбары-2006, чым ставіў сур’ёзную пад пагрозу магчымую перамогу дэмакратаў. На шчасьце ў выніку ён такі далучыўся да агульнага працэсу. Таксама зь цягам часу посьех праекту аб’яднаньня беларускіх сацыял-дэмакратаў на чале з Казуліным рабіўся ўсё большым і большым пытаньнем. Хоць аб’яднаўчы зьезд і быў праведзены, рэальна рэшткі «Народнае Грамады» Статкевіча і БСДГ Шушкевіча сваю дзейнасьць не спынілі, іх лідары аб’яднаньня не прызналі і сваіх прэтэнзій на ролю адзінага кандыдату (цяпер застаўся толькі С. Шушкевіч) не зьнялі, — у выніку гэтага ў сьпісах дэлегатаў на Нацыянальны кангрэс цяпер фігуруюць прадстаўнікі ажно трох беларускіх сацыял-дэмакратычных партый. Наступны месяц усё пакажа, але на дадзены момант шанцы Казуліна на першынства здаюцца спрэчнымі — хаця ў каманду адзінага кандыдату, у фармаваны апазыцыяй ценявы ўрад — Нацыянальны камітэт — ён безумоўна войдзе.

Увасабленьнем ідэалістычнай плыні можна лічыць вылучанага Партыяй БНФ і партыяй Зялёных гарадзенскага грамадзкага дзеяча Аляксандра Мілінкевіча, інтэлігентнага навукоўца і выкладчыка, які валодае некалькімі замежнымі мовамі, працаваў за мяжой, мае дыплёмы некалькіх замежных унівэрсытэтаў, узнагароджаны ордэнам за ўнёсак у разьвіцьцё польскае культуры. Ня тое, каб Мілінкевіч быў вядомым нацыянал-дэмакратам, але відавочна, што яго вылучэньне мае на мэце згуляць менавіта на кантрасьце гарадзенскага прафэсара з былым дырэктарам стратнага саўгаса.

Ствараецца ўражаньне, што ніводны прэтэндэнт на кандыдацтва ад аб’яднанай апазыцыі — нават дасьведчаны і ўплывовы Анатоль Лябедзька — не карыстаецца гэткай увагай дэмакратычных мас-мэдыяў, як Мілінкевіч. Адно за адным выходзяць у газэтах, прычым ніяк не зьвязаных з БНФ, па стылістыцы відавочна перадвыбаровыя інтэрвію зь Мілінкевічам, артыкулы пра яго. Ніхто не наважаецца казаць гэта ўслых, але хутчэй за ўсё стаўка будзе зробленая менавіта на яго.

Сама па сабе кандыдатура Аляксандра Мілінкевіча дастаткова ўдалая. Гэта чалавек, публічна не замараны паразамі беларускіх дэмакратаў 90-х гадоў, інтэлектуал, зьнешне прывабны чалавек. Мае Мілінкевіч і пэўны досьвед дзяржаўнага кіраваньня на пасадзе намесьніка гарадзкога галавы Горадні. У 2001 годзе Мілінкевіч кіраваў штабам Сямёна Домаша — апазыцыйнага кандыдата, які да самага канца йшоў як фаварыт, пакуль у апошні момант ня быў «ракіроўкай» (альбо ў выніку ўласнае капітуляцыі) заменены на будучага паражэнца Ганчарыка. Слабыя бакі Мілінкевіча — малавядомасьць, адсутнасьць досьведу публічнае палітыкі, а адсюль нявыпрацаванасьць харызмы, непераканаўчасьць яго аратарскіх здольнасьцей. Падаецца, што збольшага гэта тэхнічныя моманты, справа падрыхтоўкі, таму перашкоды пераадольныя.

Трэці варты асаблівае ўвагі прэтэндэнт — гэта лідар лібэральна-дэмакратычнае Аб’яднанае Грамадзянскае Партыі, легендарны беларускі апазыцыянэр Анатоль Лябедзька. Разглядаючы яго праз прызму двух плыняў беларускае апазыцыі, Лябедзька падаецца кампрамісным варыянтам — збольшага расейскамоўны і ўспрымаючы кантэкст беларускай рэальнасьці, але ўсёж яскрава аддзелены ад яе на вартасьцёвым узроўні.

Разам са зьніклым пазьней Віктарам Ганчаром, у 1994 годзе Лябедзька быў адным з тых людзей, якія прывялі Лукашэнку да ўлады. Вельмі хутка каманда маладых дэмакратаў расчаравалася ў сваім калгасным пратэжэ — але было ўжо позна. З тых часоў Анатоль Лябедзька быў адным з фронтмэнаў беларускае апазыцыі, на сёньняшні момант ён — сярод апошніх застаўшыхся на вядучых ролях у палітыцы прадстаўнікоў супраціву сярэдзіны дзевяностых. Зьнешне ня вельмі ўражаючы, «вечны камсамолец», ён, аднак, вельмі дасьведчаны, а галоўнае — вулічны — палітык, што будзе граць істотную ролю ў надыходзячых «выбарах». Цягам пратэстаў у цэнтры Менску пасьля леашняга рэфэрэндуму Анатоль Лябедзька быў жорстка зьбіты лукашэнкаўскім АМАПам, інтэрнэт і незалежныя газэты тады абляцелі фотаздымкі яго ў інваліднай каталцы. Чалавек, які зрабіў змаганьне з дыктатурай сваім жыцьцём, будзе змагацца да канца, і яго роля будзе ключавой нават у выпадку, калі ён ня будзе абраны адзіным кандыдатам.

Мінусы Анатоля Лябедзькі як прэтэндэнта зьвязаныя зь яго ж плюсамі. З аднаго боку, вялікі досьвед палітычнае барацьбы за яго плячыма дазваляе меркаваць, што гэты чалавек яго як ніхто іншы знаёмы і арыентуецца ў беларускай палітыцы. Лябедзька мае аўтарытэт і сувязі сярод апазыцыі і за мяжой, ён добра вядомы безумоўна ўсяму апазыцыйнаму электарату і мае найбольшы сярод апазыцыйных палітыкаў (хоць і дробны ў абсалютных паказчыках) рэйтынг, што насамрэч паказальна. Зь іншага боку, кандыдатура Лябедзькі ў многіх выклікае і адмоўную рэакцыю якраз як кандыдатура чалавека, які сярод іншых нясе адказнасьць за тое, што беларуская апазыцыя так і не здолела зьмяніць сытуацыю ў краіне да лепшага, нясе адказнасьць за ўсе папярэднія паразы беларускіх дэмакратаў. Паводле ацэнак складу вылучаных на Кангрэс дэмакратычных сілаў дэлегатаў і іх сымпатый да таго ці іншага прэтэндэнту, для Анатоля Лябедзькі таксама складаюцца досыць спрыяльныя ўмовы быць вылучаным адзіным кандыдатам.

Акрамя азначаных прэтэндэнтаў ёсьць яшчэ шэраг іншых, шансы якіх падаюцца досыць малаверагоднымі з-за таго, што яны ня маюць за сваёй сьпіной моцных рэсурсаў. Пры ўсёй павазе да Станіслава Шушкевіча, гэты чалавек ужо адыграў сваю, хай і немалаважную, ролю ў беларускай гісторыі, і наўрад ці здольны весьці людзей да перамогі як чалавек стары, неэнэргічны і нехарызматычны. Лідар камуністаў Сяргей Калякін — хоць кандыдатура і неблагая, але ж саступае перад больш, да таго ж камуністам у постсавецкай краіне перамагчы проста не наканавана. Інтэлігент Колас, як ствраецца ўражаньне, толькі прагне задавальненьня ўласных амбіцый, гаспадарнік Вайтовіч таксама хіба стварае масоўку. Нельга не згадаць і фігуру Зянона Пазьняка, які як заўжды пазыцыянуе сябе як адзіны магчымы «народны кандыдат», які супрацьстаіць і «прамаскоўскаму» Лукашэнку, і «кіраванай з Масквы» апазыцыі. Па сутнасьці Пазьняк хавае вернасьць свайму амплюа правакатара і наўрад ці будзе здольны на нешта большае. Прынамсі, пакуль ён ня вернецца ў Беларусь, аб сур’ёзнасьці яго намераў як палітыка ня варта і дыскутаваць.

У рэшце рэшт нельга выключаць, што адзіны кандыдат стане для ўсіх нечаканасьцю. Галоўнае, каб гэта быў чалавек, у першую чаргу прымальны для большасьці ў дэмакратычнай апазыцыі, каб ні ў кога не ўзьнікла сумневаў у правільнасьці зробленага выбару ці, яшчэ горай, ідэі вылучаць нейкага іншага кандыдату асобнай калёнаю. У першую чаргу гэта павінен быць Твар, чалавек харызматычны, прывабны, пакідаючы добрае ўражаньне ў кожнага ад калгасьніка-лукашыста да прафэсара-бээнэфаўца. Ужо за яго сьпіной будзе павінна працаваць зладжаная каманда.

Ня гэтулькі важную ролю будзе граць канкрэтная асоба, колькі менавіта наступныя дзеяньні ўсёй каманды апазыцыі і ўсіх беларусаў, жадаючых пераменаў. Дзеяньні кожнага з нас. Адзіны кандыдат — гэта імя, якое ня будзе зыходзіць з вуснаў і галоваў дэмакратычнае грамадзкасьці наступныя 10 месяцаў, імя, якое павінен пачуць кожны жыхар краіны, імя, насупраць якога краіна будзе ставіць свой гачак у бюлетэні ў той гарачы ліпеньскі дзень. І нават калі доўгачаканая зьмена ўлады не адбудзецца ўлетку 2006, прэзыдэнцкія выбары стануцца толькі першым актам буйнамаштабовае кампаніі, якая, мяркуючы па тэндэнцыях за мяжой і ўнутры Беларусі, гэтым разам ужо прывядзе нас да перамогі. А добры пачатак, як кажа вядомая расейская прымаўка, гэта палова справы.

Баўтрамей Горбач

Даслаць камэнтар

  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.
  • Разрешенные теги HTML: <a> <em> <strong> <cite> <code> <ul> <ol> <li> <dl> <dt> <dd>
  • Переносы строк и параграфов формируются автоматически.

Больше информации об опциях форматирования

Captcha Image: you will need to recognize the text in it.
Please type in the letters/numbers that are shown in the image above. Введите код подтверждения с картинки
ГалоўнаяНавіныПублікацыіДумкарэйБібліятэка пра нас
2004-2008 © «Трэці шлях». Пры поўным ці частковым выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на «Трэці шлях» абавязковая.
Зьвязацца з намі можна праз e-mail: judi@3dway.org