12/19/2006 - 00:16 / Салідарнасьць-16

“Давайце ўсе разам 16 кастрычніка выключым на некалькі хвілін сьвятло ў сваёй кватэры і паставім запаленую сьвячу на падаконьнік. Мы павінны уявіць сябе Беларусь, у якой мы маглі б жыць. Магчыма, з гэтага ўсё і пачнецца. Цёмныя гарады, цёмныя вокны, у якіх бачныя толькі цені сьвечаў, могуць стаць тым люстэркам, праз якое мы пабачым, што нас вельмі шмат!”
З такім заклікам звярнулася да суайчыньнікаў вядомая беларуская журналістка Ірына Халіп. Яе падтрымалі лідэр грамадзянскай ініцыятывы “Мы помнім” Ірына Красоўская і адзін з лідэраў руху “Зубр” Мікіта Сасім. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі прапанавалі правесьці 16 кастрычніка 2005 году Дзень салідарнасьці з беларускімі палітзьняволенымі, зьніклымі апазыцыянэрамі, іх сем’ямі, незалежнымі журналістамі, з усімі, хто змагаецца за Свабоду і Дэмакратыю ў Беларусі. Яны заклікалі беларусаў на знак салідарнасьці 16 кастрычніка ў 20.00 выключыць на 15 хвілінаў сьвятло ў сваёй кватэры і паставіць на падаконьнік запаленую сьвечку.
На думку Ірыны Халіп, кожны чалавек, які заклапочаны лёсам Радзімы, ня можа сказаць, што не выключыў сьвятло таму, што спужаўся сьпецслужбаў ці звальненьня з працы. “Гэта будзе звычайнай баязьлівасьцю альбо крывадушшам,” - кажа журналістка. “Замест таго, каб дасьледваць справы выкрадзеных палітыкаў, улады намагаюцца запалохаць людзей, якія памятаюць аб зьніклых і дабіваюцца дасьледваньня справаў аб іх выкраданьні. Але чалавека немагчыма пазбавіць памяці, і ўсё болей людзей задаюцца пытаньнем, чаму зніклі гэтыя людзі? Рана ці позна мы даведаемся праўду, і ўсе вінаватыя прадстануць перад справядлівым судом,” - заяаіла Ірына Красоўская.
“Сёньня мы, як ніколі, мусім быць салідарныя адзін з адным. Сёньня час спыняць размовы, трэба пераходзіць да дзеяньняў.”, - сказаў каардынатар “Зубру” Мікіта Сасім. Некалькі тыдняў таму на вулічнай акцыі Мікіта ўзнаў нацыянальны сьцяг. Амапаўцы адабралі сьцяг. “І тады я вырашыў зьняць з сябе джынсавую кашулю і зрабіць сьцяг зь яе,” - распавёў Сасім, -- Мы будзем працягваць нашую барацьбу, мы заклікаем да салідарнасьці ўсіх, хто неабыякавы да лёсу нашай Радзімы".
Кажа Ірына Халіп:
- Нас імкнуцца запалохаць і раз’яднаць. На самой справе, нас ужо даўно - большасьць. У нас проста няма таго самага люстэрка, у якое мы б здолелі ўсе зазірнуць і ўбачыць, што нас вельмі шмат. Мы ўсе запалім сьвечкі, падумаем, памолімся аб зьніклых, аб палітвязьнях, аб іх сем’ях.
Выключым сьвятло
Запалім сьвечку
Падумаем аб нашай Беларусі
16 кастрычніка, 20.00
Даслаць камэнтар