12/19/2006 - 00:23 / Баўтрамей Горбач
Сярод беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці традыцыйна добра чутныя галасы пэўнага кола пэсымістаў, якія ўжо сёньня плачуць над верагоднай паразаю прыхільнікаў пераменаў на надыходзячых прэзыдэнцкіх выбарах як над адбыўшымся фактам. З набліжэньнем 2006 года галасы гэтых "незалежных аглядальнікаў" відавочна ўзмацніліся.
Іх цытаты аб "непрадстаўнічасьці" Нацкангрэсу, "беспэрспэктыўнасьці" адзінага кандыдата і ўвогуле "неверагоднасьці" паразы дыктатуры ў наступным годзе палюбілі ці не цытыяваць нават лукашэнкаўскія СМІ. Танальнасьць гэтых енкаў часам нагэтулькі нэгатыўная, што міжволі сапраўды здаесься пытаньнем аб тым, "на чый млын яны ліюць ваду".
Стаць "над бітвай", заняць нейкую нэўтральную пазыцыю, чаго, верагодна, спрабуюць гэтыя аналітыкі і асобныя выданьні (са зразумелых прычынаў перш за ўсё тыя, якім пакуль засталося чаго губляць), у беларускай сытуацыі, як і на вайне, ужо нельга. Занадта высокія стаўкі і занадта відавочны радыкальны водападзел на прыхільнікаў і праціўнікаў пераменаў у краіне сярод грамадзтва. Альбо ты згодзен з палітыкай Лукашэнкі, альбо не. Альбо ты хочаш пераменаў і супрацівісься дыктатуры па меры сваіх магчымасьцяў, альбо не. Дэкляратыўная "нэўтральнасьць" - гэта ў лепшым выпадку крывадушніцтва.
Зразумела таксама і тое, што адсутнасьцю посьпехаў "традыцыйная" беларуская партыйная апазыцыя за папярэднія гады пасьпела сябе скампрамэтаваць, у першую чаргу таксама і тым, што беларускія палітыкі ня здолелі ані перадухіліць надыход дыктатуры, калі гэта было ў іх сілах, ані справіцца з Лукашэнкам у той час, калі ў іхных руках былі моцныя інструмэнты як парлямэнт, канстытуцыйны суд, дзясяткі тысячаў дэманстрантаў на плошчах. Але ж тым ня меней, большага ўнёску, чым ад дзеючай апазыцыі, ані ад каго чакаць далей не даводзіцца - хочам мы таго ці не, але менавіта гэта тая структураваная сіла, якая аднойчы зламае лукашэнкаўскую дыктатуру і прыйдзе да ўлады. Ніякай "іншай" апазыцыі, ніякай "іншай" альтэрнатыўнай сілы элемэнтарна няма. Наша пытаньне - альбо ісьці з гэтымі людзьмі побач (што не абавязкова значыць "на чале зь імі"), спрыяць іхнаму імкненьню адрадзіць канкурэнтную палітыку ў краіне, альбо пасіўна ці актыўна супрацівіцца гэтаму - проста не рабіць нічога ці дэмаралізаваць апазыцыйны электарат прапагандай ідэі "вечнага і непераможнага Лукашэнкі".
Дзеля супраціву дыктатуры як нішто іншае патрэбная салідарнасьць усіх нас. Наша сіла – толькі ў адзінстве, раздрай толькі зьмяншае шансы дэмакратыі на перамогу. Мы павінны ўсе зразумець, што апазыцыя рэжыму Лукашэнкі - гэта зусім ня толькі "Дзясятка", "Свабодная Беларусь" і Казулін. Кожны з тых, хто жадае Беларусі лепшага лёсу, чым яна мае зараз, кожны з тых, каму абрыдла хлусьня па ТВ, падаючы ўзровень жыцьця і дыскрымінацыя беларускай мовы, усе мы - "апазыцыя", усе мы праціўнікі дзеючага рэжыму.
Другі складнік надыходу пераменаў у нашай краіне - гэта вера ў нашу перамогу. Вера ў тое, што замкнёнае кола будзе нарэшце прарванае, і што ў нашых сілах наблізіць гэты момант. Шансы на зьмену ўлады ў 2006 г. на дадзены момант я б ацаніў як прыкладна 1 з 4. Хай яны пакуль невялікія - але нельга казаць, што іх няма. Аранжавае рэвалюцыі ва Ўкраіне таксама ніхто не чакаў, усім здавалася, што ўкраінцы пакорна праглынуць уладнага Януковыча і што ўкраінская апазыцыя - гурток дзівакоў з плякатамі "Кучму геть!" з намётаў на Храшчатыку - ня здолее пераламіць сытуацыю. Але ж гісторыя паказала, што энтузіязм і салідарнасьць тысячаў людзей мацей любога адміністрацыйнага рэсурсу, любога дыктату і грознага расейскага АМАПу.
Зрэшты, каб вызачыцца з тым, што рабіць зараз і далей, варта задаць сабе самім толькі адно пытаньне - хочам мы, каб ужо ў 2006 годзе нешта зьмянілася, ці не? У вечар 16 ліпеня мы пойдзем на Плошчу толькі калі сусед/калега/сваяк пойдзе, альбо самі станем тым суседам/калегам/сваяком, за якім пойдуць іншыя прыхільнікі пераменаў каб нарэшце зразумець, што іх большасьць? Лёс нашай краіны ў нашых руках, і нічыіх іншых. Толькі нам яго і вырашаць, так ці йнакш.
Баўтрамей Горбач
Даслаць камэнтар