12/19/2006 - 23:42 / Яна Ранішняя (газэта “MAKASIN”)
З чужых краёў у Беларусь вяртаюся з болем у сэрцы. Не была тут некалькі тыдняў, а адчуваньні, што зьязджала на некалькі год.
Вяртаюся ў мілую, «закансэрваваную» краіну ў легкай дэпрэсіі, троху напужаная і з далека ня лепшымі думкамі: двух чалавек забралі, калі тыя раздавалі МАКASIN. Дзякуй Богу, што абыйшлося бяз штрафаў ды выключэньняў, але… але разумею, што гэта толькі пачатак. Узрадавалася аднаму: інцыдэнт зачапіў і іншых студэнтаў. Можа абудзяцца ад навакольнай лухты? Можа і ў іх зьявіцца боль у сэрцы? Спадзяюся…
Няўжо нормай для нас сталі словы «нельга выказваць свае думкі ўслых, калі гэта ня думкі ўлады»? Ці ўбачу я ў нашай краіне, каб каля мэрыі доўгі час стаялі людзі з транспарантамі «Павысьце стыпэндыі» без далейшых для іх вынікаў у міліцыі? Спадзяюся… калі-небудзь. Але гэты боль у сэрцы…
Ці ведаеце, у звычайным жыцьці па-беларуску не размаўляю. Будучы за мяжой, праз некалькі дзен засумавала па мове. Сама сабе чытала вершы Купалы, Танка, раскладвала па гуках словы зорачка, каханьне, навакольле. Зьдзіўлялася мяккасьці нашай мовы і, на жаль, яе ўсе большай русыфікацыі ў апошнія гады. Можа, трэба доўгі час быць у чужой мове, каб да канца зразумець сваеасаблівасьць роднай?
Знаемы ўкраінскі хлопец распавёў, што ў іх ва ўнівэрсытэтах шмат хто са студэнтаў піша курсавыя па-ўкраінску. Потым доўга дзівіўся, што, калі ў нас напішаш работу па-беларуску, дык хутчэй за ўсе будзеш мець праблемы з уладай. Ен не зразумеў, чаму маладыя людзі, якія размаўляюць на роднай мове, але не ўваходзяць ў ціслыя рады БРСМ, аўтаматычна адносяцца да апазыцыі.
Здараецца, што часам жадаеш быць як усе: «моўчкі» хадзіць ва ўнівэрсытэт, «моўчкі» хадзіць па клюбах, «моўчкі» размаўляць пра адзеньне ды хлопцаў, а гэты боль узьняць на шыбеніцу ды загубіць яго. Але адчуваю, забудзеш пра боль – страціш сваю сутнасць. Да таго ж, калі ты не адзін жывеш з гэтым болем у сэрцы – страціць яго немагчыма. Забудзе адзін, два, тры…і так па коле…і тады Беларусь ужо зьнікне назаўсёды й па-сапраўднаму.
Краіна, яна не на паперы, у законах ды пастановах, яна ня ў гербах. Любая сапраўдная краіна жыве ў сэрцы. Беларусь сеньня – гэта краіна балючых сэрцаў.
Яна Ранішняя
Даслаць камэнтар