|
|
|
Хвароба, якая не адпускае12/19/2006 - 23:58 / Надзея (газэта “MAKASIN”) Зноў ды зноў вяртаюся да тэмы Радзімы…Гэта як хранічнае захворваньне: троху адпусьціць і зноўку вернецца з новай сілай – «ты што не прыдумала яшчэ, як дапамагчы краіне?». І чаму так адбываецца: камусьці зусім нецікава, што дзеецца навокал, а ў мяне сэрца баліць, як навіны гляджу (куды сьвет коціцца?). Напэўна, так ужо гістарычна склалася, што гэтае пачуцьце, прыйшоўшае аднойчы разам зь неразуменьнем ганьбаваньня роднай мовы і ўзмацнёнае потым любоўю да ўсяго беларускага, гэтае пачуцьце ўжо ніколі не адступіцца, а балець будзе з кожным вяртаньнем мацней. І праз пэўны час мяне можна будзе назваць старой (сталай?) патрыёткай… Да новых разважаньняў мяне падштурхнуў успамін пра даўнюю ўжо размову. Тады, падчас спрэчкі, знаёмы запытаўся ў мяне: «І што будзе, як не стане адной вядомай усім асобы? Як ты ўяўляеш будучыню?». Такое пытаньне прыводзіць у шокавы стан, прынамсі, мяне тады прывяло (сапраўды, ці часта мы гэта ўяўляем? Ці можам увогуле ўявіць?). І толькі праз колькі месяцаў да мяне дайшоў сэнс сказанага. Ні я, ні ён, напэўна, тады не зразумелі, што гэтае нескладанае (?) пытаньне дае адказ на шматлікія складаныя (!) кшталту «Чаму, колькі мы не б’емся, усё адно нічога не зьмяняецца?» ды «Што з гэтым рабіць?». А адказ гэты вельмі просты: мы не ўяўляем сабе будучыні, мы баімся яе, мы ня ведаем, як гэта – вольна… Можа, так яно склалася здаўна, увесь час мы «пад кімсьці хадзілі», і не нашая тут віна. Проста даўняя традыцыя. Дрэнная звычка… Старэйшае пакаленьне яшчэ жыве ў Савецкім Саюзе і «по боку» ім гэтая Беларусь са сваімі народнымі асаблівасьцямі. А маладзейшае, напэўна, проста не ўяўляе, як гэта – па-іншаму: я нарадзіўся – ён тут, я ў школу — і ён разам, я ва ўнівэр – і ён са мной…па жыцьці як зь лепшым сябрам! Прызвычаіліся мы… але мы і не на такое здольныя! Беларусы – гэта такія цікавыя «жывёлінкі»: як прусы, да ўсяго прыстасавацца здольныя. На гэтую тэму добры анэкдот ёсьць: павесілі француза – ён шыю зламаў, павесілі немца – ён задыхнуўся, а беларуса павесілі – ён жывы вісіць, дзень, другі…кажа: «ну спачатку цяжка было, а потым нічога – прызвычаіўся…» (Да-а-а, что русскому хорошо, то немцу – смерть!) Вось так мы і жывем: ціха-мірна, «только б не было войны». Дарэчы, студэнтам нават курс такі ўвялі «Гісторыя Вялікай Айчыннай», гэта, напэўна, дзеля таго, каб умелі мір цаніць (студэнцтва заўсёды было самым ненадзейным пластом грамадзтва). А насамрэч не вайны мы баімся, а рэвалюцыі, рэвалюцыі ў галовах сваіх, бо гэта ж заўсёды карэнныя зьмены. А якія нам зьмены, калі мы самі не ведаем, чаго жадаем, якая яна, па-нашаму, гэтая будучыня! Лепей ужо так, як ёсьць, пакуль з нас яшчэ ёсьць, што цягнуць, пакуль дыхаецца патроху… Толькі б не думаць, толькі б не варушыцца! Мы нават і змагацца прызвычаіліся. Вы ведаеце, колькі людзей асноўнай працай па жыцьці маюць гэтую «халодную вайну» (апазыцыя ў сэнсе)? Але ніякай рэальнай сілы на сёньняшні дзень мы не маем. А хай прыдзе той дзень, калі мы ўрэшце пераможам, і гэтыя людзі застануцца без працы, як звычайныя працаўнікі з фабрыкі. Не, мы не гатовыя да будучыні. Каб мы ведалі, чаго насамрэч мы жадаем, і верылі ў тое, што таксама людзі, што вартыя лепшай долі, дык даўно ўжо выйшлі б УСЕ, не пабаяліся б хадзіць з «памаранчовымі стужкамі»! Дык не. А раптам згубім і тое, што маем? І прыціскаем да грудзей свае 100 даляраў у месяц (зь якіх 60 – за камунальныя паслугі). І такая асноўная частка насельніцтва… Так званы сярэдні кляс. Мне здаецца праблема ў тым, што мы проста не верым у посьпех. Мы і біцца, і змагацца гатовыя, але мы ня верым у станоўчыя вынікі. Мы ня можам трошку патрымацца ды настаяць на сваім, мы баімся (як прыклад, «бессрочная забастовка» прадпрымальнікаў), мы ня верым ні ў будучыню, ні ў сябе. Можа, я звычайны рамантык, які, абчытаўшыся Каэльі, лічыць, што «толькі адно робіць спраўджаньне мары немагчымым – гэта страх паразы». Магчыма, яно і так… Але ніхто ня здолее пераканаць мяне ў тым, што чалавек МОЖА перавярнуць сьвет! Прынамсі, свой навакольны. Ну, а цэлы народ… Я добра ведаю, зь якімі перашкодамі сутыкаецца апазыцыя, і што ў нашай краіне амаль немагчыма рабіць штосьці супраць, але таксама добра ведаю (веру?), што выхад ёсьць заўсёды (нават калі цябе зьелі, у цябе ёсьць два выхады), проста гэта павінны быць не адзінкі, а тысячы, галоўнае верыць. Дзе ж мы згубілі сваю веру? Можа, харчаваньне дрэннае (на свае 100 даляраў), дык энэргіі няма? Нас яшчэ ў «Контурах» вучылі, што мяса ды малочныя прадукты – гэта зло! А есьці, напэўна, траву трэба ды дубовую кару…Дзякуй Богу, вось на што-што, а на лясы мы багатыя! Ну, некаторым відавочна не хапае патрыятызму, але тут ужо зусім іншая размова… А можа, не хапае ў сэрцах агеньчыку, запалу? Вось дзе варта ўспомніць жаночую эмацыянальнасьць! Вось дзе яна прыйшлася б да месца. Шкада, але жанчыны ня здолеюць «грудью на барикады», іх функцыя ў прыродзе іншая: дзяцей гадаваць ды «залізваць раны» мужыкоў, што з вайны вярнуліся. Але ж! Дзе вы, нашыя мужчыны? (Цікава, адказ адразу напрошваецца сам сабой: п’юць. Вось, здаецца, і яшчэ адна праблема намалявалася…) Вось так і атрымліваецца: таўчэмся нешта, а сэнсу аніякага… Людзі, мы ж патрэбныя адзін адному ды матухне-зямлі! Паболей вам агеньчыкаў у вачах, патрыятызму, каханьня ў сэрцы. А галоўнае – ВЕРЫ! Надзея |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар