24 Красавіка, Аўторак, 0:15 – На абарону архітэктурнай спадчыны Беларусі!
|
|
|
Краiна гiганцкiх мышэй12/20/2006 - 00:43 / Марыйка Мартысевіч Калі Том Хэнкс дзясяты раз выцягнуў з шырокіх каляшын правы кіроўцы, іх нарэшце паказалі буйным плянам. “Я ж табе казаў, у яго ксіва беларуская”, - хлопец зьлева ад мяне тузануў у бок сваю дзяўчыну. “Ды ну нафіг”, - чамусьці радасна азвалася тая. “Зяме-е-ля!” - шалёна заенчылі гопнікі з апошняга шэрагу.
Калі даваць веры прадаўцам менскіх аўдыёвідэакрамаў, напрыканцы 2004 году “Тэрмінал” стаўся адным з найпапулярнейшых відэа- і DVD-падарункаў да навагодніх сьвятаў. Ухвальны выбар, бо вядзецца пра выдатнае, вельмі настраёвае гледзіва на сем калядных вечароў, а адсутнасьць у кадры елак, аленяў, сантаў ды іншых атрыбутаў каляднага кіно надзвычай спалучаецца з адсутнасьцю сьнегу на нашых вуліцах.
Стывэн Сьпілбэрг, паклаўшы ў аснову сцэнару гісторыю пра індуса, які больш за дзесяць год пражыў у аэрапорце Парыжу, прапанаваў свайму сябруку Тому Хэнксу выступіць у яго каронным амплюа разгубленага недалыгі ў вялікім і варожым сьвеце (у дадзеным выпадку - нью-ёрскім аэрапорце Кенэдзі). Атрымалася недурная (г. зн. без спэрматозна-какашкавага гумару), незласьлівая сэнтымэнтальная камэдыя. Калядная казка, дзе сьвятым Міколам, які зьмяняе навакольны сьвет да лепшага, апынаецца славянскі эмігрант Віктар Наворскі. Пакуль самалёт Наворскага быў у паветры, ягоная краіна Кракожыя перапыніла існаваньне праз ваенны пераварот, і галоўны герой цягам дзевяці месяцаў ня мае права пакідаць тэрмінал аэрапорту. Спачатку ён самотна туляецца па будынку JFK, але пакрысе вучыць мову, знаходзіць грашовую працу, сяброў і каханьне. У выніку кумірам аэрапортаўскага мікракосму апынаецца менавіта ён, а апошняй сукай - прадстаўнік амэрыканскай cлужбы бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ, ЗАЙЗДРОСЬЦІЦЕ…
Вобраз Кракожыі, мітычнай страчанай радзімы героя Хэнкса, ня тое што зьбіральны - ён да немажлівасьці эклектычны. Victor Navorsky мае абстрактны пашпарт савецкага ўзору, вучыць інгліш з дапамогаю абстрактнай расейскай мовы, гутарыць зь земляком па-баўгарску, кажа каханай жанчыне, што вельмі баіцца Дракулы, ну і пэрыядычна пхае ў кадар “вадзіцельскае пасведчанне” на імя Гулінай Гюльнары Надзіраўны, г. Гомель.
Тое, што для амэрыканца цэнтральнаэўрапейскі калярыт і сыгнал умоўнасьці, для беларуса - прычына душэўнага ўздыму. Цяпер дакумэнтальна пацьверджана: няхай і пад псэўданімам, але наш родны кут аказаўся мілым Сьпілбэргу. Кракожыя, вядома ж, прыдуманая краіна, але калі дыктар CNN вяшчае: “Апазыцыя ўзяла рэзыдэнцыю прэзыдэнта штурмам, месцазнаходжаньне дыктатарскага ўраду невядомае”, - сэрца тахкае па сапраўднаму…
А тым часам гэта ўжо ня першы раз, калі прадукцыя Галівуду&Co прымушае згадаць пра нашу сінявокую.
1. ЛЭХАІМ
У 1930-я гады на некаторых здымачных пляцоўках Галівуду англамоўная меншасьць пачувалася ніякавата: працоўнай мовай кінэматографу быў ідыш. Жарт пра тое, што тагачасны Галівуд - заходнія крэсы Беларусі (Польшчы, Украіны) - амаль не перабольшаньне: кінэматограф тады рабілі габрэі-эмігранты з Расейскай Імпэрыі альбо іх дзеці. З “нашых” асабліва вызначыліся Луіс Б. Мэер (Лазар Мэер, нарадзіўся ў Менску ў 1885 годзе), які разам з Сэмюэлем Голдвінам (варшаўскім Шмуэлем Гельбфішам) заснаваў канцэрн METRO GOLDWYN MAYER, ды Кірк Дуглас (Ісур Даніілавіч Дземскі), які нарадзіўся ў Амстэры на шляху ягоных бацькоў з радзівілаўскага мястэчка Мір у Амэрыку.
Данінай памяці габрэйскаму цэху “фабрыкі мрояў” стаўся зьняты ў 1985 годзе на кінастудыі Disney мультфільм “An American Tail” (можна перакласьці дваіста: “Амэрыканская сага” ці “Амэрыканскі хвасток”). Гэтая кранальная гісторыя пра мышак-эмігрантаў пачынаецца так: зіма, засьнежанае габрэйскае мястэчка ў цэнтральнай Украіне, сьвяточная вячэра беднай сям’і Мышкевічаў. Бацькі не змаглі падарыць дзеткам нічога на Хануку, і тата расказвае малым мышыную народную казку пра мыш-асілка зь Менску (the Giant Mouse of Minsk), мужнага і дужага - нават каты яго баяцца. Мышкевічы эмігруюць у Новы Сьвет, і праз Атлянтыку іх вядзе адна надзея: there are no cats in America!
У канцы мульціку назву the Giant Mouse of Minsk атрымлівае сканструяваная з дошак робамыш, з дапамогай якой мышы-эмігранты накручваюць хвасты кашэчай мафіі.
Цікава, што прадусарам “Хвастка” быў… ізноў-такі Стывэн Сьпілбэрг. Відаць, “этнічнага адэсіта” прывабілі дзьве ўлюбёныя тэмы: лёс эўрапейскіх габрэяў (гл. таксама “Сьпіс Шындлера”) і эміграцыя з Усходняй Эўропы (гл. таксама “Тэрмінал”).
Аматары раяць не глядзець “An American Tail” у глямурным расейскім дубляжы 1990-х, а шукаць ольдскульную агучку 1980-х: гугнявы перакладчык ня робіць ляпаў і не заглушае ідыш-амэрыканскую трасянку галоўных герояў ды рускі акцэнт катоў у казацкіх папахах падчас пагрому напачатку гісторыі.
2. АКРУГА “ОСТ”
Беларуская тэма выразна прагучала ў амэрыканскім кінэматографе ў 1985 годзе ў тэлевізійным фільме “The Belarus File”(“Беларускае дасье”). Папулярны пэрсанаж дэтэктыўнага тэлесэрыялу 1970-х лейтэнант Тэа Коджак высочвае беларускіх эмігрантаў у Нью-Ёрку, перасьледуючы іх за супрацоўніцтва з нацыстамі падчас Другой Сусьветнай. Цікава, што Джон Лофтус - аўтар дакумэнтальнай кнігі “Беларуская таямніца”, паводле якой быў зьняты фільм, - ірляндзец па паходжаньні. Калі ўлічыць падабенства гістарычнага лёсу Ірляндыі і Беларусі (балоты, бульба і вялікі брат з усходу), а таксама ваяўнічы сэпаратызм зеленавокай нацыі, рэакцыя ўзьнікае адна: “Чые б цяляты рыкалі”… Пасьля амэрыканскім славістам ды нашай дыяспары ў ЗША дарагога каштавала перамагчы стэрэатыпнае ўяўленьне пра беларусаў як недабітых фашыкаў з Цэнтральнай Эўропы. Нават аргумэнты пра “кожнага чацьвертага” дапамагалі мала.
Рэзыдэнцкую аўру краіны Belarus арганічна дапаўняе той факт, што ў 1960 - 1962 гг. меркаваны забойца Джона Кенэдзі Лі Гарвэй Освальд працаваў на заводзе “Гарызонт” у Менску, быў шчырым марксістам і пабраўся зь беларускаю Марынай Прусаковай. Кінахроніка Менску канца 1950-х з закадравым камэнтарам пра “чырвоны сьлед” стрэлаў у Даласе нязьменна фігуруе ў любым дакумэнтальным фільме пра Освальда і не абмінае знакаміты J.F.K. Олівэра Стоўна (1991 г.).
3. ЯДЗЕРНАЯ ДЗЯРЖАЎКА
“Ці ведаў ты, што я магу купіць ядзерныя боегалоўкі ў Менску за сорак мільёнаў?” - кажа герой Джона Траволты ў стужцы Дамініка Сэны “Swordfish” (“Рыба-меч”, 2001). У адной з частак сэрыялу “Nikita” адважная бляндынка абараняе сьвет ад пагрозы ядзернай вайны, якая зыходзіць ад постсавецкай Беларусі. Па ўсім відаць, Бронная Гара і іншыя ліквідаваныя ў 1996 годзе ядзерныя арсэналы РБ глыбока запалі ў міратворчую амэрыканскую душу. Мясцовыя кажуць, што падчас перамоваў пра раззбраеньне РБ адзін з генэралаў Air Forces у адказ на прапанову праехаць да броннагорскіх ядзерных шахтаў па галоўнай дарозе з галівудзкай усьмешкаю распахнуў нейкія весьнічкі і пашыбаваў напрасткі. Галоднае паляшуцкае дзяцінства ці дасканалая фотаапаратура спадарожнікаў НАСА?
4. THE HEART OF RADIATION
Апошнім часам у інтэрнэт-рэсурсах, прысьвечаных Чарнобылю, часта можна прачытаць прыкладна такое: “Прывітаньне з Мэрыленду, ЗША! Я рада пазнаёміцца зь Беларусьсю. Я шукаю ўсё пра Чарнобыль з таго часу, як пабачыла фільм “The Chernobyl Heart”. Відаць, ірляндка Мэрылен Дэлеа, рэжысэрка 38-хвіліннага “Сэрца Чарнобыля” (у 2004 годзе стужка атрымала Оскара як найлепшы дакумэнтальны фільм) крыху перашчыравала з эмоцыямі, жывапісуючы наступствы фатальнага выбуху для Беларусі: “Я ня змог даглядзець да канца… Я быў шакаваны… Я плакаў… Гэта жах! Бедныя беларусы…” - адгукаюцца амэрыканскія і эўрапейскія гледачы “Сэрца”.
5. ТУХЛЫ САВОК
Павал “Паша” Залуцкі (23 гады), выпускнік Ліцэю БДУ, зьехаў у ЗША на стыпэндыю вывучаць кінамастацтва. Неўзабаве хлопцу ўдалося стаць студэнтам Акадэміі тэлевізійнага мастацтва ў Сэнт-Луісе, бо ягоная краіна - “апошняя дыктатура Эўропы”, у якой маладыя таленавітыя перцы ня маюць ніякіх пэрспэктываў. У 2001 годзе Залуцкі зьняў фільм “You Are the Coolest Girl in the USA” (“Ты найкруцейшая дзяўчына ў ЗША”) зь бюджэтам у 50 (пяцьдзесят) даляраў і, па зьвестках на 2003 год, шукаў грант у 35 000 і набіраў сярод эмігрантаў актораў на свой наступны праект “Lie Down With Me” (“Кладзіся са мною”). Наўмысна ці не, Pasha Zalutsky стоадсоткава трапляе ў акрэсьлены папярэднікамі беларускі стэрэатып, крыху яго “асучасьніваючы”. “Дзеяньне фільму, - досыць няўцямна тлумачыць рэжысэр, - адбываецца ў адным з постсавецкіх гарадоў і будуецца вакол вечнай славянскай тэмы - пачуцьця віны дзяцей перад сваімі бацькамі за ўсю мізэрнасьць іх бацькоўскага жыцьця, пражытага ў савецкіх умовах” (сынтакс і патас арыгіналу захаваныя). На жаль, інфармацыяй пра тое, ці пабачыў фільм сьвет, мы не валодаем.
***
Відаць, найружавейшай з усіх згадак пра нашыя палестыны ёсьць эпізод моладзевага сэрыялу канца 1990-х “Seinfield”, у якім героі ідуць у кіно глядзець фільм пад назвай “Рушэль, Рушэль: эратычнае падарожжа зь Мілану ў Менск”. Бо астатняе выглядае ня надта весела: абстрактная постсавецкая краіна зь бедным народам і моцнай дыктатурай, крыніца няспыннай эміграцыі, невялічкая дзяржава з магутным ядзерным патэнцыялам. Мірныя людзі, гаворыце?..
…А “Тэрмінал” усё адно добрая камэдыя.
Марыйка Мартысевіч |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар