|
|
|
Сome on, мiльёны!12/20/2006 - 00:57 / Юля Кляшняўскус Адзін “каўбой мальбара” кажа другому: “Боб, у мяне эмфізэма”. Тоні Блэр з каскай-кубкам на галаве і подпіс: “Займайся гарбатай, а не вайной”. Гэта малюнкі з кнігі Ліз МакКвістан “Graphic Agitation 2”. У ёй сабрана графіка сьвету “эраўнд 9/11”. Гэта не ілюстрацыі Бэнуа да казак Гофмана. Гэта кіпень чырвона-чорнай іроніі ў твар глябалізму і “спажывізму”. Кошт кніжкі, дарэчы, 35 фунтаў.
МакДон? МакКвістан!
“Graphic Agitation 2” - агляд сацыяльнай і палітычнай графікі з пачатку 90-х да 2002 году. Праілюстраваны і пракамэнтаваны. Тэмы: экалягічны Армагедон, войны, карпаратыўная культура, брэнды, правы чалавека. Выданьне выявіла графічную сьвядомасьць у самых разнастайных тэхніках: хай-тэк, лоў-тэк, ноў-тэк. Ад лічбавых мэдыяў - старонак сайтаў - праз традыцыйныя, намаляваныя ад рукі постэры, карткі і цішоткі да старажытных выяваў дэманстратыўнага пратэсту на сьценах будынкаў. Зроблены яны як прафэсіяналамі, так і дылетантамі. Галоўным крытэрыем адбору была адказнасьць творцаў за сацыяльны пасыл да мільёнаў і канцэптуальнасьць малюнку. Большасьць сучаснай агітацыйнай графікі - гэта зьедлівая апрацоўка візуальных ці вэрбальных брэндаў, сымбаляў і стэрэатыпаў. Любімыя колеры - чырвоны і чорны. Яркасьць і кідкасьць працуе тут не на пасьпяховасьць рэклямнай кампаніі. Колеры становяцца трансьлятарамі пратэсту і агрэсіі. Карэйка-відэа “Далоў Кім Чэн Іра! Людзі! Давайце, уставайце, пойдзем і скінем дыктатара!” - такім пасланьнем замалявана агромністая фотка правадыра рэспублікі, павешаная на закінутай фабрычнай сьцяне, а таксама на нейкім мосьце ў Паўночнай Карэі. Да 2005 году сьвет лічыў, што апазыцыі ў Карэі няма. 35-хвіліннае відэа і антыўрадавыя постэры - першае сьведчаньне тамтэйшага дысыдэнцтва - былі перададзеныя ў сьнежні паўднёвакарэйскай Групе па правах чалавека праз кітайскага пасярэдніка. Касэта зроблена падпольнай антыдзяржаўнай паўднёвакарэйскай арганізацыяй дзеля таго, каб зьнешні сьвет даведаўся аб кампаніі супраць брутальнага камуністычнага дыктатара. Безумоўна, ёсьць сумневы ў сапраўднасьці відэа. Але тыя, хто бачыў касэту, пазналі мясьціны. Такая сьцяна з партрэтам знаходзіцца каля кітайскай мяжы ў горадзе Гаэрыёнг. “Людзі! Давайце сумяшчаць гвалт і ня гвалт! Гэта легітымная барацьба, калі ты адмаўляешся ісьці працаваць на свой завод, які не дае ні ежы, ні грошай!” Думкі крыху няясныя, але галоўны патас зразумелы. Групоўка заклікае прачнуцца ад культу асобы, бо “ён робіць нас дурнямі”. Аўтары відэакасэты - людзі адважныя, а сама арганізацыя займаецца вельмі небясьпечнай дзейнасьцю. У Паўночнай Карэі такое караецца сьмерцю. Але пакуль што паўночнакарэйскай апазыцыяй зацікавіліся ў Амэрыцы. Вашынгтон ацаніў пэрспэктывы запісу і нібыта адлічыў 24 мільёны даляраў на прома-кампанію чалавечых правоў у Паўночнай Карэі. Афіцыйны Пхеньян, вядома ж, злуе і ўсталёўвае манумэнтальныя помнікі “галаве дзяржавы” ў працоўных асяродках. Забойны глянец Аль-Каэдa выпусьціла жаночы часопіс “Аль-Кханса”. Тэма нумару - як жанчыне стаць ваяром Алаха. Часопіс дае сьпіс рэкамэндацыяў па стральбе з агнястрэльнай зброі. Пералічаныя правілы пасьпяховай шахідкі: яна павінна ведаць Каран, ня юзаць кандыцыянэр і тэлек, грошы траціць не на “Тайд”, а на джыхад, гадаваць будучых ваяроў, кідацца ў бой у любы момант, умець аказаць першую дапамогу. Сьмяротніца павінна мець абавязковы аксэсуар: “трывожны камплект”, у які ўваходзіць вада з крыніцы Зэмзэм у Мэкке і натуральны мёд. Выданьне італьянскіх спэцслужбаў “Гносіс” называе часопіс “Аль-Кханса” “эмансыпацыяй а-ля Бін Ладэн”. Глябальная міжнародная тэрарыстычная сетка, у адрозьненьне ад чачэнскага экстрэмізму і палістынскай антыфады, дагэтуль абыходзілася ў асноўным мужчынскімі сіламі. Але сьмерць і так ураўноўвае. Прыжыцьцёвая залежнасьць мусульманскай жанчыны не адмяняецца, адно што падпарадкаваньне мужчынам можна зьмяніць цяпер на падпарадкаваньне рэлігіі. Гэткі ісламскі жаночы пратэстантызм. Цікава, што назва часопіса - “Аль-Кханса” -гэта мянушка першай ісламскай жанчыны-ваяра, паэткі ХVІІ стагодзьдзя Тумадэр бінт Амру. Яна зьяўляецца сымбалем жаночага шахізму і маці ўсіх пакутнікаў. Ваяром Алаха стала пасьля таго, як у адной бітве загінулі ўсе чатыры яе сыны. Тады яна вымавіла фразу - падзяку за сьмерць сыноў і просьбу аб сьмерці для сябе, - якая стала дэвізам сучасных шахідак і назвай часопіса пра вайну для жанчын. Часопіс для сьмяротніц - гэта ня сьцёб над заходняй культурай. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, як заходнія гэджэты працуюць супраць самога Захаду. А вы пакуль спакойна разглядайце сабе плякатыкі, сабраныя МакКвістан, ацэньвайце тонкі густ і гумар аўтаркі. Чырвоная вокладка “Аль-Кхансы” ня ўвойдзе ў яе трэцюю кнігу па сацпалітграфіцы і ніколі ня будзе вывучацца ў курсе гісторыі мастацтваў пачатку 2000-х. Бо глямурны дапаможнік па джыхадзе не дае нагодаў абмяркоўваць яго мастацкую вартасьць. Гэта ня ўсходні пратэст, гэта яшчэ адна спроба пакінуць Захад без to be continued. Кулачына CREW Лепшыя рэвалюшн-фэсты трэцяга тысячагодзьдзя ва Ўсходняй Эўропе. Сэрбія, Грузія, Украіна! Арганізацыя і інфармацыйная падтрымка - “Отпор”! …Кулак - гэта ня сымбаль пагрозы, вялікай сілы альбо таго, што ты ляпнуў нешта ня тое. Кулак - гэта сымбаль сэрбскай моладзевай апазыцыйнай арганізацыі, якая ў 2000 годзе скінула Мілошавіча. Прычым зладзіла ўсю справу без крыві, зброі, максымальна весела і прыемна для ўдзельнікаў. “Атпораўцы” хадзілі па вуліцах у масках з тварам Мілошавіча, раздавалі вялізныя прэзэрватывы, якая абараняюць ад вірусу “Мілошавіч”. Кожнай рэвалюцыі прыходзіць калі-небудзь канец, але такая дробязь ня можа прымусіць рэвалюцыйную арганізацыю самараспусьціцца. Досьвед, добрыя рэкамэндацыі, пазытыў - тое, што не павінна загінуць проста так. Цяпер кулак - лягатып фірмы, дзе можна замовіць рэвалюцыю. Паводле польских журналістаў з часопіса Przekroj, наступным праектам “атпораўцаў” быў грузінскі. Рэвалюцыя прайшла маланкава. “Кхмара” нават не мяняла сымболіку. Сэрбы глядзелі тэлек і праціралі вочы: на вуліцах Тбілісі яны пазнавалі свой сэрбскі кулак. Магчыма нават, што ў Грузіі была не рэвалюцыя, а рэклямная акцыя. Безумоўна - разагрэў перад кіеўскім фэстывалем. “Отпор” вучыў грузінаў ствараць партыі, знаходзіць актывістаў, арганізоўваць дэманстрацыі. Усё прайшло па пляне: фальсыфікаваныя выбары - дэманстрацыя - начное дэманстратыўнае чаканьне адстаўкі Шэварнадзэ - адстаўка - радасьць і шчасьце. Падчас навучаньня ўкраінскай “Пары” мастацтву “аксамітных рэвалюцыяў” аднаму з актывістаў “Отпора” быў забаронены ўезд на тэрыторыю Ўкраіны да 3000 году. Прыкольна, і сэрб наўрад ці моцна засмуціўся. Усё атрымалася, і цяпер, па чутках, варта набываць квіткі ў Баку. Зьявіўся трэці брат “Отпора” - азэрбайджанская моладзевая апазыцыйная арганізацыя “Не!”. Усё прыблізна вядома наперад: месца, працягласьць, колькасьць удзельнікаў, сцэнаў і музыкаў. А вось дакладна вядома толькі адно: вельмі ня хочацца расчароўвацца пасьля Кіеву. Ван Гог. Усходнія партрэты Пасьля таго як Тэа Ван Гога, рэжысэра і ўнучатага пляменьніка таго самага Вінсэнта Ван Гога, рытуальна забілі, краіну цюльпанаў і травы пачалі называць Галяндыстанам. У жніўні мінулага году галяндзкае телебачаньне паказала дзесяціхвілінны фільм Тэа Ван Гога “Пакора”. 10 хвілін іслам крытыкаваўся так, як ніколі дагэтуль. Натхняльнікам і суаўтарам кіно стала Хірсі Алі, бежанка з Самалі, дэпутат парлямэнту. Пасьля прыезду ў Нідэрлянды яна дэманстратыўна адмовілася ад веры і стала актыўнай барацьбіткай за правы мусульманскіх жанчын. У фільме распавядаецца пра зьдзекі мусульманскіх мужчын са сваіх жонак. Паказаныя лёсы чатырох жанчын - ахвяраў будзённага гвалту. Асаблівы шок выклікалі кадры з выявамі вытатуяваных тэкстаў з Карану на аголеных жаночых целах. Сюжэт карціны просты, а жыцьцё яго гераіняў па-сапраўднаму складанае. Як сьцьвярджаў сам Тэа, “Пакора” - гэта яшчэ вельмі далікатны хард. Аднак нават такая колькасьць жорсткасьці яму, як сьцьвярджаюць крытыкі, не ўласьцівая. Хутчэй гэта была саступка Хірсі. Пасьля дэманстрацыі “Пакоры” паліцыя прапанавала рэжысэру ахову на працягу двух дзён, у нядзелю і панядзелак з 9:00 да 18:00. “Спадзяюся, мае сябры з Аль-Каэды працуюць па такім жа графіку, як і амстэрдамская паліцыя”, - пажартаваў Тэа Ван Гог. Раніцай 2 лістапада ён быў забіты. Да цела Тэа быў прымацаваны ліст. У ім зьмяшчалася пагроза Захаду па-арабску і па-галяндзку: “Я ўпэўнены, Эўропа, ты будзеш зьнесеная з твару Зямлі” - і асабістыя наезды на пяць палітыкаў Галяндыі. Да Хірсі Алі дзяржава прыставіла двух целаахоўнікаў. Цяпершняе яе месцазнаходжаньне трымаецца ў таямніцы. Мухамаду Б., арыштаванаму за забойства, прад’яўленае абвінавачаньне ў тэракце. Самыя лібэральныя іміграцыйныя законы ў Эўропе сталі прычынай таго, што ў Галяндыі цяпер налічваецца велізарная колькасьць ісламістаў. 50 тысяч - зь мільёну нідэрляндзкіх мусульманаў - гатовыя працягнуць справу Мухамада Б. Да слова, у Нямеччыне з 4-х мільёнаў мусульманаў толькі тысяч 25 - радыкалы. Пасьля забойства Тэа Ван Гога ў краіне на працягу двух тыдняў панавала атмасфэра грамадзянскай вайны. Адбываліся акцыі ў адказ: мітынгі, выбухі, падпалы мячэтаў. …А цяпер галяндцы паціху звальваюць з Галяндыі. Большасьць зь іх - людзі з добрым гадавым даходам і трывалым сацыяльным статусам. Нагоды для ад’езду - не эканамічныя. Яны ня вераць, што спэцслужбы і паліцыя змогуць абараніць іх. У выбары краіны для эміграцыі большасьць кіруецца нізкай колькасьцю мусульманскага насельніцтва. Часьцей за ўсё гэта Аўстралія, Новая Зэляндыя і Канада. Папахвае новым “ледавіковым пэрыядам”. А вы кажаце, графічная агітацыя… Перадрукавана з часопісу "Студэнцкая Думка" з ласкавага дазволу рэдакцыі
Юля Кляшняўскус |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар