|
|
|
Рокаш у парыскіх прадмесьцях - канец эўрапейскага сацыялізму?12/20/2006 - 17:39 / Баўтрамей Горбач лібэральны погляд на рокаш у бедных раёнах Парыжу Падзеі апошніх тыдняў у Францыі спарадзілі актыўную дыскусію ў Эўропе што да доўга замоўчваючайся праблемы адносінаў паміж аўтахтоннымі францускімі грамадзянамі і эмігрантамі. Больш за тое, дыскусію гэту можа трансьляваць і на больш глябальныя аспэкты - францускія падзеі сталі яскравай дэманстрацыяй неактуальнасьці сацыял-дэмакратычнай палітыкі ў гэтай далікатнай сфэры. Дзясяткі тысячаў імігрантаў з Бліскага Ўсходу, арабскай і чорнай Афрыкі прыехалі ў Эўропу цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў. Узьнікненьне шматкультурнага і шматканфэсійнага грамадзтва на мейсцы нядаўніх нацыянальных дзяржаваў не магло прайсьці гладка і абавязана было раней ці пазьней вылівацца ў канфлікты паміж аўтахтонным насельніцтвам і новымі жыхарамі Эўропы. Адныя бачылі ў чужых цёмных людзях пагрозу свайму рабочаму мейсцу і культурнай ідэнтычнасьці, другія ж былі вымушаныя абараняцца ад негасьцінных гаспадароў краінаў, куды нядоля вымусіла іх зьбегчы ад няшчасьцяў на іх радзіме.
Чым вызначалася палітыка левае Эўропы ў дачыненьні да гэтага? Яна ў першую чаргу была ня гэтулькі скіраваная на здольнасьць імігрантаў да інтэграцыі, колькі на здольнасьць карэнных эўрапейцаў інтэграваць імігрантаў у сваю супольнасьць. Масавая сьвядомасьць перажыла вялізную адукацыйную апрацоўку ў накірунку падаўленьня ксэнафобіі, прывіўкі цярпімасьці і талерацыі да меншасьцяў. Дух левае ідэалёгіі –адмаўленьне ўласнага на карысьць агульнага, прыняцьце іншага і альтруізм. Да таго ж, на гэты працаваў і агульны культурны мэйнстрым і грамадзкая думка Эўропы, якая пачынаючы яшчэ ад сэксуальнай рэвалюцыі перажывала разьнявольваньне ад састарэлых кансэрватыўных маральных догмаў. У такім ракурсе эўрапейская дзяржава са сваёй задачай спраўлялася і справілася, пакуль яскрава на сьвятло ня вылезла іншая застаўшаяся праблема – кансэрватыўнасьць і адсутнасьць талерацыі да іншых з боку ўжо саміх імігранцкіх мяншыняў, аб якіх у запале ўласнага высвабаджэньня “забыліся”. Талерацыя і падтрымка ў чалавечай супольнасьці ня могуць быць аднабаковымі. Адносіны ў дэмакратычным грамадзтве павінны грунтавацца на ўзаемнасьці - узаемнай адказнасьці, узаемнай павазе. У выпадку, калі частка жыхароў краіны - прадуктыўная, а частка - непрадуктыўная, другая частка натуральным чынам ператвараеца на паразыта. Калі па гэткім жа прынцыпе грамадзтва дзеліцца паводле талерацыі і неталерацыі да другое часткі, атрымоўваецца альбо апартэіднае па свайму духу эўрапейскае кансэрватыўнае грамадзтва пяцідзесяцігадовае даўніны, альбо сюррэалістычнае на першы погляд сучаснае спалучэньне талерантнасьці большасьці да меншасьці і неталерацыі меншасьці да большасьці ў эўрапейскім грамадзтве. Менавіта гэтая сытуацыя склалася ў Францыі. Замест новае крыніцы рабочае сілы, шматкультурнага элемэнту, "сьвежае крыві", значная частка асеўшых у Эўропе імігрантаў утварыла сабой аналяг насельніцтва Бронкса ці Гарлема ў ЗША. Ізаляваны ад навакольнае краіны, іншакультурны, а галоўнае - таталітарны па свайму духу неперавараны кавалак пасярод дэмакратычнае краіны. Імігранты прыбылі з таталітарных, патрыярхальных краінаў і прынесьлі з сабою таталітарную мэнтальнасьць, якая можа працягваць трымацца ў галовах генэрацый людзей, нават народжаных у Эўропе. Нямецкія шкаляры турэцкага паходжаньня ў інтэрвію радыё адкрыта падтрымалі забойства бэрлінскімі мусульманамі дзяўчыны за дашлюбную сувязь. З боку адзінаверцаў перасьледвалася дэпутатка парлямэнту Нідэрляндаў, паходжаньнем з сям'і мусульманскіх імігрантаў, якая выступала за забарону распаўсюджанага ў пэўных ісьлямскіх колах барбарскага абраду дзявочага абразаньня. Францыя і Вялікая Брытанія дагэтуль застаюцца прыбежышчам для радыкальных ісьлямістаў розных гатункаў.
Цяжкасьць перастраеньня таталітарнае мэнтальнасьці на свабоду яскрава дэманструецца на хрэстаматыйным прыкладзе савецкае калгаснае мэнтальнасьці. Чалавек з рабскім мозгам звыклы працаваць на нянавіснага гаспадара, звыклы да абыякавасьці да другога чалавека і да свайго навакольля з прычыны няздольнасьці нешта зьмяніць і на нешта паўплываць. Раб альбо працуе з-пад палкі, альбо не працуе зусім. Раб ня марыць аб свабодзе - ён марыць аб уласных рабох. Гэтаксама і дзеці, што растуць у арабскіх кварталах Парыжу, часьцей за ўсё мараць ня выбрацца ў людзі (што ў некаторых усёж атрымоўваецца) і не зрабіць свой раён мірным і квітнеючым мейсцам - а стаць крутым мясцовым бандытам. Яны ня ведаюць іншае павагі, акрамя павагі да гвалту, павагі да страху. Праблему няздольнасьці распараджацца атрыманай свабодай Лярс фон Трыер прадэманстраваў у сваёй апошняй працы "Мандэрлей". Хіба што, здымаючы фільм пра Амэрыку ён міжволі атрымаў кіно пра Эўропу. Гіпэртрафаваная "палітычная карэктнасьць", гіпэр-"талерацыя" эўрапейскага ўзору яўляла сабой ня проста няроўнае стаўленьне да грамадзянаў і жыхароў сваёй краіны на карысьць этнічных меншасьцяў. Цярпімасьць да іншых культураў па-сацдэмаўску перарасла ў цярпімасьць да нецярпімасьці ў суседнім з табой раёне, у цярпімасьць да таталітарнага духу за плотам, цярпімасьць да загібеньня у гета тысячаў няшчасных людзей, так і не атрымаўшых магчымасьць рэалізаваць сябе ў грамадзтве, якое "талерантна" назірала за імі бы за жывёламі ў вальеры. Таму галоўным вынікам і ўрокам рокашу парыскіх прадмесьцяў будзе натуральны ўдар па левых ідэях у Эўропе. Як сымбаль гэтага - левыя і анархісты, што зладзілі ў Грэцыі акцыі падтрымкі парыскіх пагромшчыкаў, таксама падпаліўшы некалькі аўтамабіляў на вуліцах. Зларадныя расейскія кансэрватыўныя публіцысты ўжо яхідна пяюць песьні пра надыходзячы “канец Эўропы”, падзеньне Захаду, быццам Рыму, пад “гордамі барбараў”. Пакінем ім сваё. Эўропа не падзе, бо перажыве і гэты крызыс, і многія наступныя. Ісьлям сёньня для бедных нашчадкаў эмігрантаў – ідэалёгія супраціву і змаганьня за свае правы, якой быў камунізм для ніжэйшых слаёў насельніцтва у 60-80 годы. Ідэалёгія неўсьвядомленага змаганьня не за сусьветны халіфат, але за ўласную чалавечую годнасьць, змаганьня супраць крывадушніцтва і абыякавасьці сучаснага сьвету да іх. Дзеля вырашэньня крызысу Эўропа павінна нарэшце пачаць трымаць імігрантаў і іх нашчадкаў за паўнавартасных сваіх грамадзянаў. А гэта значыць ня толькі даць аднолькавыя мажлівасьці, але і даць людзям усьвядоміць аднолькавую адказнасьць. Трэба разбураць атмасфэру крывадушнае “маральнае перавагі” імігрантаў: сёньня, умоўна кажучы, калі два арабы забіваюць белага – гэта проста “злачынства”, а забойства двума белымі араба азначае “злачынства на расавай глебе”. Зь іншага боку, пры такім становішчы табуізаваная расавая непрыязь карэннага насельніцтва да імігрантаў штучна заганяецца ўнутр, набывае схаваны, а таму больш вычварны і рафініяваны характар. Шкада, што магчымае разьвіцьцё падзеяў у Францыі пасьля пагромаў - гэта перакос у іншы бок і кансэрватыўная рэакцыя, прыход да ўлады нацыяналістычных і калянацыяналістычных сілаў. Рэакцыя зможа азначаць толькі эскаляцыю напружаньня, а пасьля выклікаць зваротную рэакцыю і качнуць маятнік назад да лявіцы. Адзінае слушнае выйсьце для Эўропы – гэта выйсьце лібэральнае. Гэта высвабаджэньне праблемы з-пад табу і стварэньне атмасфэры свабоднага дыялёгу культураў і рэлігій, а не ігнараваньне тэмы. Трэба адкрыта і свабодна абмяркоўваць праблему падзела францускага грамадзтва. Трэба асэнсаваць і агучыць яе. Даць людзям права на ўласную няправасьць і нязгоду з парадкам рэчаў, і абмяркоўваць, шукаць і знаходзіць выйсьце. Умоўна кажучы, трэба аслабіць лейцы і разабрацца нарэшце ў сабе. Трэба адкрыта казаць пра існуючыя цяжкасьці і выклікі – а не штучна заганяць справу пад дыван і маляваць прыгожую “паліткарэктную” карцінку міра і спакою, каб яна аднойчы выбухнула з падвойнай сілай. Яшчэ адна навука французам з гэтае сытуацыі – гэта тое, што сапраўдная дэмакратыя, лібэральная дэмакратыя, павінна быць з кулакамі і даваць адпор пагрозам свабодзе - чаго нэасацыялістычная француская дзяржава, што сваімі маральнымі ўстаноўкамі спрыяе вылучэньню сярод сваіх жыхароў ільготнікаў і халяўшчыкаў, зрабіць ня можа. Маладыя пагромшчыкі павінны быць пакараныя па ўсёй строгасьці закона, бо дэмакратыя непарыўна зьвязаная зь мірнай барацьбой, а таксама з выкананьнем законаў і з неўхільным пакараньнем за злачынства. Усе грамадзяне павінны мець аднолькавыя магчымасьці. Прычым гэты банальны пастулят павінян ня проста быць зацьверджаным законадаўча, але сьвядома прыняты ўсімі бяз выключэньня эўрапейцамі ў незалежнасьці ад рэлігіі ці расы. Таксама і сьляпая Фэміда мусіць аднолькава ставіцца да кожнага грамадзяніна ў незалежнасьці ад этнічнага паходжаньня, веравызнаньня альбо сацыяльнага стану. Патрэбна вызваленьне грамадзкае думкі ад стэрэатыпаў навязанае сучаснае “палітычнае карэктнасьці”, якая хавае ўглыб сапраўдныя праблемы і такім крывадушніцтвам толькі павялічвае напружанасьць. І толькі за свабодай і роўнасьцю прыйдзе ў Францыю і ўва ўсю Эўропу і жаданае братэрства. |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар