|
|
|
Killing Me Softly12/20/2006 - 22:36 / Марыйка Мартысевіч кніжка vs. тэхналёгіі Кнігу заб’е кампутар. Інтэрнэт - брацкая магіла літаратуры. Фіг: тое самае казалі ў 10-я пра кіно, а ў 50-я - пра TV. Ізноў гэтыя мазахісцкія загоны прафэсуры перадпэнсійнага ўзросту! “Напішы лёс Мартыны!” - з гэткай просьбай у канцы 2002 году пачаў чапляцца да польскіх студэнтаў шэраг альтэрнатыўных СМІ. А што? Узялі і напісалі. “Мартына - чароўная бляндынка са Шчытна, толькі пачынае вучобу на факультэце англістыкі, куды так імкнулася. Пераезд з роднага Шчытна ў вялікі горад - гэта ня толькі спосаб вырвацца з-пад апекі бацькоўскіх крыльцаў, але перадусім велізарны шанец рэалізаваць свае магчымасьці і мары”… Мусіць, адзіны прыклад, калі рэцэнзія на твор зьявілася раней за сам твор. Для таго каб гэта адбылося, спатрэбілася крыху менш за год, адрас у інтэрнэце і ініцыятыва. А ідэя лунала ў паветры: пра мажлівасьць напісаньня інтэрактыўных раманаў у сеціве казалі столькі, што было б злачынствам так нічога і не напісаць.
Вынікам стала мяшанка зь дзёньнікавых запісаў гераіні, мэйлаў, а таксама прафэсійных зьвязак, зробленых Вішнеўскім. Заганаю ўсёй задумы можна лічыць хіба тое, што ўсё-ткі “сам працэс” - эмоцыі, настроі, поліварыянтнасьць разьвіцьця падзеяў - канвэртаваць у зьвязны папяровы тэкст немагчыма. Адсюль адсылкі, перабіўкі і камэнтары на палях. Але ў цэлым палякі задаволеныя: на выхадзе атрымаўся сапраўдны “народны гіпэрраман”: апроч Вішнеўскага, ён быў напісаны абсалютна не знаёмымі паміж сабой людзьмі. Мусіць, адсюль і прыязныя рэцэнзіі крытыкаў: “Мартына” - гэта гісторыя кожнага з нас, незалежна ад полу”. 2. BOOKCROSSING - КОЛАЗВАРОТ КНІГ У ПРЫРОДЗЕ У красавіку 2001 году праграміст з Канзасу Рон Горнбэйкер запусьціў сайт www.bookcrossing.com, а ўжо ў жніўні 2004-га панятак bookcrossing быў зафіксаваны ў Concise Oxword English Dictionary як “практыка пакідаць кнігі ў грамадзкіх месцах, каб іх знайшлі і прачыталі іншыя людзі, якія пасьля этага зробяць тое самае”. Ідэя, сфармуляваная Ронам, ужо набыла характар мантры і зьмяшчаецца на любой кніжцы, “выпушчанай на волю” актывістамі кнігазвароту: “Мільярды кніг па ўсім сьвеце замкнёныя на паліцах, і ніхто іх не чытае. Іх варта вызваліць з гэтага пыльнага палону. Вызвалім кніжкі - ператворым сьвет у бібліятэку!” Ужо сёньня сайт аб’ядноўвае чытачоў са 130 краінаў, а кніжны фонд рэсурсу налічвае прыкладна 1 мільён 965 тысяч экзэмпляраў - гэта недзе 25% фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Рон Горнбэйкер - адзін з заснавальнікаў карпарацыі Humankind Systems, закліканай распрацоўваць і папулярызаваць сацыяльна значныя праекты. У сацыяльнай значнасьці bookcrossing пры сучасных коштах на кніжную прадукцыю не адмовіш - праект нават цягне на Нобэлеўскую прэмію міру. Справа нават ня ў тым, што электронныя сродкі вяртаюць чытацкую цікавасьць да папяровай кнігі, а ў тым, што праект абсалютна не камэрцыйны: bookcrossing - гэта кнігарня пад лаўкай у суседнім сквэрыку, бібліятэка бяз штрафу за затрыманую літаратуру. Шырокі сусьветны розгалас БК забясьпечыла яго да геніяльнага простая ідэя і гульнёвая форма. І, вядома ж, невылечнае імкненьне людзей рабіць дабро па ўсёй зямлі: скажам, у суседняй Польшчы ўсё пачыналася з таго, што ў верасьні 2003 году журналісты Radio Wroclaw вызвалілі з хатніх бібліятэк больш за 400 кніжак. Неўзабаве як грыбы павырасталі нацыянальныя рэсурсы. Найбольш кніг традыцыйна цыркулявала па Амэрыцы, Францыі, Гішпаніі і Нідэрляндах. Bookcrossing.pl аб’ядноўвае самы розны народ - ад прасунутых студэнтаў і інтэлектуалаў у акулярах, якія бачаць у БК новае жыцьцё папяровай кнігі і ладзяць пад гэтым лэйблам гуманітарныя акцыі па ўсёй Польшчы, да самых маленькіх: “Пакінула ў дзявочай прыбіральні сваёй гімназіі трэцюю частку “Гары Потэра”. Магда”. Стваральнікі bookcrossingru, як і належыць нашчадкам Пушкіна, напоўнілі свой рэсурс усялякай патаснай талстоўшчынай: “Наш дэвіз - зробім з матэрыяльнай кнігі духоўную рэч. Няхай Думка атрымае бесьцялесную абалонку!”
Як бы выглядаў рэсурс bookcrossing.by, меркаваць цяжка. Калі даваць веры мапе інтэрнацыянальнага кнігазвароту, ня тое што кніжак у Беларусі не вызвалялі, але нават пра існаваньне ў цэнтры Эўропы краіны з найвышэйшым працэнтам пісьменнасьці насельніцтва не здагадваюцца. А між тым у сьвятле будаўнічых ліхтароў новай Нацыяналкі bookcrossing па-беларуску выглядаў бы досыць актуальна і нават рэвалюцыйна: “Вызвалі кніжку: уся краіна - нацыянальная бібліятэка! Пакінуў падручкнік па дзяржаўнай ідэалёгіі ў мужчынскай прыбіральні на Панікоўцы. Мірон”. 3. PALM READING Нават на самым танным кішэньніку можна адначасова захоўваць некалькі дзясяткаў “томікаў” Вялікай савецкай энцыкляпэдыі (а “жывую” кніжку - нават адну - цягаць не заўсёды зручна). І самае галоўнае - можна хутка зьвярнуцца да любога з гэтых “томікаў”. Таксама вельмі зручна карыстацца пошукам - КПК дазваляе хутка знайсьці па тэксьце ўсё што патрэбна. На КПК існуе шэраг слоўнікаў, якія дазваляюць, не перапыняючы чытаньня, хутка перакласьці незразумелае слова ці словазлучэньне. Дадайце да гэтага магчымасьць наладкі памераў і тыпаў шрыфтаў, яркасьці ды кантраснасьці тэксту, падсьветкі (якая дазваляе чытаць нават уночы і безь ліхтарыка), і атрымаеце ўяўленьне аб працэсе чытаньня кніжак на КПК. Жыцьцёвая сытуацыя: ты сустракаеш сяброўку, якая задуменна чытае новы раман Югасі Каляды пра каханьне (зразумела, на КПК). Ты зайздрасна пазіраеш на яе, а тая кажа: “Хочаш, табе дам пачытаць?” Ты выцягваеш з кішэні свой КПК і праз паўхвіліны праз ІК-порт спампоўваеш гэтую кніжку сабе. І ўсе паміраюць шчасьлівымі.
Сытуацыя нумар наступная: сябар з далёкага гораду М. даслаў на мыла свае новыя вершы. Нават ня проста вершы, а вершаваную паэму. Чытаць няма часу... А хочацца да немажлівасьці! Друкаваць на паперы, каб потым пачытаць у траліку? Нязручна. Ды і друкарка не заўсёды пад рукой. А з КПК праблема вырашаецца на “ўра”: з паштовай скрыні перапісваем матэрыял на КПК і потым адным вокам з захапленьнем чытаем у тым самым смуродным траліку, стоячы на адной назе і трымаючы трыма пальцамі кішэньнік. А калі надакучыць чытаць - раскладзем пасьянс”. 4. ЗУБРЫ СЕЦІРАТУРЫ: BABA_BRONIA Трыюмфальнае шэсьце тэхналёгіяў відавочнае: пра пагрозу традыцыйным формам існаваньня літаратуры з боку тэхнічных сродкаў лямантуюць нават у газэце “Савецкая Б.”. Між тым у конкурсе маладых літаратараў, які ладзіўся беларускім PEN-цэнтрам увесну, пераканаўча перамог(ла) загадкавы(ая) аўтар(ка) baba_bronia - віртуальны вобраз, што валіць у сеціве адвязны крэатыў: беларускія народныя казкі ў духу Вудзі Алена. Апроч мэгагітоў - “Сьпяшчая красавіца і чудовішча”, “Казка пра Ваўкасраку” і “расказ” пра тое, як зубр зь Белавескай пушчы панадзіўся на гарод бабы Броні бульбу таптаць: “Ну дык пра што я кажу… Схапіла я, значыць, капаніцу і па срацэ яму, гаду, па срацэ. Та ён як закрычыць, як замацюкаецца… Дык я стукнула, а ён як зароў! І пішчаць пачаў, як у маёй унучкі Эвы ейны пераносны тэлефонны апарат. А потым зь яго нешто палілоса зялёнае. І ён токам біцца пачаў, як быт перуном яго стокнула. Та мы з Тэклай адбеглі далёка, глядзім, як ён памірае і дзёргаецца, як мой халадзільнік”. Досьвед паказвае: тое, што найперш захапіла сваю чытацкую аўдыторыю ў сеціве, хутка выйдзе і на паперы. Відаць, каб забіць літаратуру, кампам усёй плянэты давядзецца вельмі і вельмі пастарацца. Прынамсі, пакуль што ў гэтым “марскім баі” ніхто не паранены. Перадрукавана з часопісу "Студэнцкая Думка" з ласкавага дазволу рэдакцыі Марыйка Мартысевіч |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар