|
|
|
Застацца ці з’ехаць?12/17/2006 - 22:45 / Siaroja Чаму моладзь не жадае заставацца ў “квітнеючай” Беларусі?
Вядома, ня ўся моладзь, а толькі лепшыя яе прадстаўнікі. Тыя, хто не стаяць на месцы, жадаюць самарэалізавацца, імкнуцца да духоўнага й матэрыяльнага багацьця, прагнуць свабоды… У большасьці сваёй гэта маладыя людзі, якія ўжо сталі студэнтамі ці толькі зьбіраюцца імі стаць. Яны, у адрозьненьні ад іншых, прагнуць ведаў і таму ведаюць, якое зараз у краіне становішча, і не жадаюць зь ім мірыцца. Студэнты бачаць, што перспектывы няма. Сапраўды, што чакае выпускніка універа? Няблага, калі ты нарадзіўся й жыў да паступленьня ва універ у сталіцы. Тады цябе могуць разьмеркаваць куды-небудзь у Менску, дарэчы, не ў самае лепшае месца. Горш, калі ты прыехаў зь іншага горада з надзеяй скарыць сталіцу, таму што ў кіраўніцтва нашай краіны іншыя пляны. Якія? Я думаю, ўсе ведаюць – трэба ж падняць стратны калгас “Бальшавік”, што ў забруджанай радыёнуклідамі Гомельскай вобласьці. І нічога, што скончыў ты, напрыклад, БДУІР па сьпецыяльнасьці праграмаваньне, таму што вымушаны будзеш “працаваць” пяць год на прадпрыемстве, дзе асноўнай задачай будзе зьмяненьне перагарэўшай лямпачкі… Пападнімаўшы 5 год “звышпрыбытковае” прадпрыемства, згубіўшы кваліфікацыю, задумваешся: а што далей? А далей год 20 сумленнай працы, каб да пяцідзесяцігоддзя адсьвяткаваць уваходзіны ў аднапакаёвай кватэры. Згадзіцеся, ня гэтага мы чакаем ад жыцьця. Вядома, не ўсім гэта відавочна, але я нікога й не зьбіраюся вінаваціць, таму што, каб гэта ўбачыць, трэба параўнаць нашу выспачку дэбільнасьці зь якой-небудзь буржуазнай краінай. Ведаючы гэта, кіраўніцтва Беларусі з кожным годам ставіць усё больш перашкодаў для выезда за мяжу (ці гэта экскурсія, ці адпачынак, ці летняя праца), ды й грошай на замежныя паездкі ў нашага беднага народа ня так і шмат. Але, пабываўшы хаця б у Прыбалтыцы ці ў Польшчы, вяртаешся з такім уражаньнем, нібы пабываў на іншай плянэце. Пачынаеш задаваць сабе пытаньні: Чаму мы не можам так жыць? Чаму наша краіна ідзе не па шляху цывілізаванай Эўропы, а ўсё шукае свой, асобны? Усе гэтыя “шкодныя” пытаньні й адказы на іх прыводзяць да таго, што задумваешся, а што, калі кінуць гэта ўсё, паступіць ва эўрапейскі ўнівер ці, скончыўшы ВНУ тут, з’ехаць да буржуяў і там атрымаць ПЭРСПЭКТЫВУ! Таму што жыць ты цяпер будзеш у краіне, дзе шануецца чалавек і яго меркаваньне, у краіне, дзе за працу людзі атрымліваюць чалавечыя заробкі, у краіне, дзе ты можаш набыць кватэру, машыну, прыгожае адзеньне, смачную ежу і самае галоўнае -у краіне, дзе ты можаш сябе самарэалізаваць! Але з’ехаць з Радзімы ня так ужо й лёгка. Тут твае сябры, дарагія табе людзі, родная прырода. Тут людзі зь якімі можаш размаўльць на роднай мове (хоць іх не так многа, як хацелася б, але, усё ж такі, ёсьць), якія маюць аднолькавую з табой мэнтальнасьць. Ды трэба яшчэ дадаць, што ніхто за мяжой не чакае цябе зь распасьцёртымі абдымкамі, усё сваё жыцьцё ты будзеш там чалавекам другога гатунку. Толькі разам мы пераможам!
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар