|
|
|
Беларуская грэка-каталіцкая царква: cучасны стан, пэрспэктывы разьвіц12/18/2006 - 22:46 / Кірыла Невяроўскі Мэтаю гэтага спавешчаньня ёсьць прадстаўленьне сучаснага стану Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (далей у тэксьце БГКЦ) у сьвятле яе кананічна-праўнай сытуацыі ў параўнаньні з Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквой, а таксама ейнае ролі ў сучасным кантэксьце жыцьця Беларускае нацыі.
Гэтая тэма здаецца асабліва актуальнай сёньня, калі наш народ, у сваёй большасьці, знаходзіцца ў стане сьмяротнага посткамуністычна-таталітарнага затруцьця. Вызваленьне чалавека ад гэтай д’ябальскай маны, якая працягвае затручваць розумы і сэрцы мілёнаў людзей, ляжыць у пошуку праўды і свабоды. Варункі жыцьця ў цяжкахворым грамадзтве дыктуюць і новыя патрабаваньні да рэлігійнага жыцьця чалавека. Сёньня вымагае яно штораз больш асабовага і чыннага прыхіленьня да веры, дзякуючы чаму шмат хто даходзіць да жывейшага пачуцьця Бога; з другога боку многія адыходзяць ад рэлігіі. Царква Хрыстовая як супольнасьць збаўленьня, ажыўленая Сьвятым Духам, прагне, абы чалавек быў вызвалены і адноўлены на ўзор свайго Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста. Добрая навіна аб Уваскрасеньні і перамозе над грахом, засьветчаная ў кнізе Эвангельля, дае надзею людзкому роду вось ужо дзьве тысячы год. Праз гэты час Царква Хрыстовая не перастае абвяшчаць яе ўсім людзям згодна з найглыбейшай патрэбай уласнай паўсюднасьці (каталіцкасьці), а таксама наказам свайго Залажыцеля (Mк 16,15). У сучасных варунках, калі над нашай Бацькаўшчынай вісіць пагроза сатаністычнай няволі, патрэба сьветчаньня Хрыста стае як ніколі актуальнаю. Даваньне такога сьветчаньня Царква Хрыстова абапірае на падкрэсьленьні надзвычайнай годнасьці чалавечай асобы. Асобы, якая, згодна з навукаю Царквы, зьяўляецца вяршыняю і цэнтрам, да якога належыць скіроўваць усе існуючыя на зямлі рэчы. „... глыбокі подзіў з прычыны вартасьці і годнасьці чалавека называецца Эвангельлем (...). Называецца таксама хрысьцянствам”. У Ісусе Хрысьце Бог палюбіў чалавека ўва ўсёй паўнаце яго экзыстэнцыі. Гэтая любоў абдымае ня толькі кажнага асабіста, але і ў супольнасьці сям’і, народу, дзяржавы. Таму Царква, зьбіраючы вернікаў, у іх і празь іх закарэньваецца ў жыцьці канкрэтнага народу праз дастасаваньне да мясцовай культуры.
БГКЦ зьяўляецца напрыканцы ХХ ст. як Царква зь вялікай гісторыяй, якая бярэ пачатак ад зьяўленьня на тэрыторыі старажытнага Полацкага княства першых місыянэраў зь Бізантыі і закладаньня першых біскупстваў, праз часы росквіту Вялікага Княства Літоўскага, аж да Берасьцейскае Уніі 1596 г., якая зьяднала падзеленую на той час Царкву Бізантыйскае ды Лацінскае традыцыі ў адно цела пры прызнаньні аўтарытэту насьледніка апостала Пятра — Рымскага біскупа-папы, ды вызнаньні адзінае веры пры захаваньні ўласных традыцый, абраду і царкоўнага календара. УГКЦ таксама зьяўляецца насьледніцай гэтае Уніі, бо на той час як беларуская, так і ўкраінская япархіі ўвыходзілі ў адну Кіеўскую мэтраполію, сталіца якой, між іншым, знаходзілася ў Вільні, а пазьней у Наваградку. Што да львоўскай ды пярэмыскай япархіяў, то яны далучыліся да Уніі на сто гадоў пазьней (у 1691 і 1700 г.). Ад таго часу наша Царква стала апораю нацыянальнага ўсьведамленьня і фармаваньня беларускай і ўкраінскай нацыяў. Названая ў той час „уніяцкай”, што азначае ня болей, чым злучаная, зьяднаная. Тагачасная беларуская ды ўкраінская гаворка пачала шырока ўжывацца ў Царкве. Такая сытуацыя была як цьвік у боце для Маскоўшчыны і таму як толькі пасьля разбораў Рэчы Паспалітай Беларусь апынілася ў складзе Расійскай імпэрыі, адразу пачаліся захады, скіраваныя да ліквідацыі Ўніяцкае Царквы. Знайшоўся і Юда, які яе выдаў. Стаўся ім мітрапаліт Полацкі Іосіф Сямашка, які ў 1839 годзе давёў да яе скасаваньня і далучэньня да Расійскай Праваслаўнай Царквы на так званым полацкім „сынодзе”. Тады пачаўся крыжавы шлях нашай Царквы. Сотні мучанікаў і вызнаўцаў, якія заплацілі сваім жыцьцём за вернасьць веры дзядоў, тысячы спаленых уніяцкіх кніжак, службоўнікаў і беларускіх першадрукаў, пра якія піша сам Сямашка ў сваіх дзёньніках — найлепшыя на тое сьветчаньні. Але Царква не замірала. Яна ўваскрасала ў кажную дагаднейшую пару. Уваскрэсла. Першае яе адраджэньне адбывалася на Заходняй Беларусі, якая апынілася ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай Польшчы ў 20-ых гадох нашага стагодзьдзя як так званая нэаунія. Па 17 ІХ 1939 ізь зьменаю акупацыі на савецкую НКВД пачаў разьюшаныя рэпрэсіі сьвятароў, так што на пачатак 1941 году засталося толькі 3 парафіі. 17 верасьня 1940 году мітрапаліт Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Андрэй Шэптыцкі, на моцы спэцыяльных паўнамоцтваў, наданых яму папам Піем Х у 1908 годзе, эрэгаваў Экзархат для Беларусаў Каталікоў усходняга абраду із сталіцай у Менску і менаваў першым экзархам айца Антонія Неманцэвіча. Гэтае рашэньне і намінацыю а. А.Неманцэвіча пацьвердзіў прэфэкт Кангрэгацыі для Ўсходніх Цэркваў кард. Тысэрана ў сваім лісьце ад 22 сьнежня 1941 г. Айцец Экзарх А.Неманцэвіч загінуў мучаніцкай сьмерцю падчас акупацыі Менску фашыстымі ў 1942 годзе. Пасьля ІІ сусьветнай вайны пад камуністычным рэжымам Грэка-Каталіцкая Царква афіцыйна не існавала, але існавала ў сэрцах і думках людзей. Душпастырскую службу ў падпольлі спаўнялі ўкраінскія сьвятары. Гэты адрэзак часу вымагае яшчэ дакладнага досьледу. Ад 1976 году сыстэматычную апостальскую працу на Беларусі падпольна праводзіў былы вязень лягераў айцец Віктар Данілаў, высьвячаны на сьвятара ў 1976 г. у Львове мітрапалітам Валадзімерам Стэрнуком. Цэнтрам дзейнасьці айца Данілава была Горадня. Пачынаючы ад 1989 г. — ува ўмовах пэўнай лібэралізацыі грамадзкага і рэлігійнага жыцьця — групы студэнцкае моладзі і беларускае інтэлігенцыі, зацікаўленыя ідэяю уніі, пачалі адраджэньне БГКЦ. Першая пасьля вайны грэка-каталіцкая парафія ў Менску зарганізавалася ў верасьні 1990 г. Гэтак запачаткавалася цяперашняе адраджэньне нашае Царквы. Яна да канца падзяліла пакутніцкі лёс свайго народу і паўстае зь небыцьця, каб зноў стаць сумленьнем, душою нацыі. Вядома, на гэта спатрэбіцца шмат малітвы, часу, высілку і ахвярнасьці многіх. Цяпер перайду да амаўленьня сучаснага кананічна-праўнага статусу БГКЦ. |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| цитата | ||
![]() |
Разьвіцьцё Царквы будзе залежыць перш за ўсё ад вызваленьня нашае дзяржавы ад таталітарнага рэжыму | ![]() |
БГКЦ адкрытая на кантакты з нашымі братамі грэка-каталікамі Ўкраінцамі. Мы асабліва ўдзячныя ім за разуменьне нашых патрэбаў у часе, калі грэка-каталіцкая Царква на Ўкраіне толькі выходзіла з падпольля і сама перажывала цяжкі час. З пачаткам адраджэньня нашае Царквы ўкраінскія сьвятары служылі першыя сьвятыя літургіі, катэхізавалі і хрысьцілі вернікаў, прапаведвалі Слова Божае ў Полацку, Віцебску, Менску. На Ўкраіне, у Львове, Івана-Франкоўску, атрымоўваюць адукацыю нашы кандыдаты на сьвятароў. Манахі студыты з Украіны ў 1995 г. у Полацку пасьля многіх гадоў нябыту заснавалі першы грэка-каталіцкі манастыр манахаў студытаў, а ў 1996 г. — жаночы манастыр сёстраў студытак. Наша супрацоўніцтва працягваецца. Ужо традыцыйнымі сталі пілігрымкі нашых вернікаў да сьвятыняў Гошыва, Зарваныцы, Уніва, Крэхіва. Адначасова ўкраінскія сьвятары, манашкі і катэхеты прыяжджаюць для праводжаньня місыйнае дзейнасьці ў нашых парафіях.
Наступным заданьнем, якое стаіць перад нашаю Царквой, ёсьць аднаўленьне ўласнае эклезыяльнае тоеснасьці. Гэтую тоеснасьць можна акрэсьліць выразам: „Праваслаўныя па веры, каталіцкія ў любові”. Гэта значыць, вернае захаваньне і памнажэньне сваёй традыцыі ў любові ды адкрытасьці да іншых. Гэтае аднаўленьне патрабуе ад нас пазбаўленьня ад лацінізмаў у бізантыйскім абрадзе. Прыгадаю, што лацінізмамі ёсьць бязглуздыя і недарэчныя пазычаньні ў літургіі, багаслоўі, духовасьці — перанятыя з лацінскага абраду. Лацінізацыя як вынік комплексу непаўнавартасьці павінна адыйсьці ў гісторыю. Адыход ад усходняй духовасьці, канонаў, архітэктуры і выстраю сьвятыняў супярэчыць сучаснаму духу Каталіцкае Царквы, якая прагне захаваць адзінства ў разнароднасьці. Сьвяты айцец Ян Павал II у сваіх прамовах і энцыкліках, скіраваных да ўсходніх хрысьцянаў, падкрэсьлівае важнасьць захаваньня імі свайго абраду, вяртаньня да традыцыі Вялікіх Айцоў Царквы: Яна Залатавуснага, Базыля Вялікага і інш. Лацінізацыя была мутантам, якога нарадзіў фэномэн „уніятызму”, на які праваслаўны сьвет глядзіць як на гібрыд. Папулярна можна сфармуляваць яго наступнымі словамі: ад свайго адыйшлі, а да чужога не дайшлі. Уніятызм стаў формаю падпарадкаваньня аднэй Царквы іншай, страчваньнем уласнае ідэнтычнасьці праз чужыя ўплывы і лацінізацыю, спосабам паяднаньня ў мінулым. Сёньня ён цалкам неактуальны. Каталіцкая Царква зьвяртае ўвагу на неабходнасьць паўнаты ўласнае ўсходняе тоеснасьці, каб падкрэсьліць свой паўсюдны, сьветавы характар.
Наступнай паважнай праблемай, вымагаючай разьвязкі, застаецца брак талеранцыі паміж хрысьцянамі. Гэтая смутная сытуацыя выяўляецца ў страху адных перад аднымі, ўва ўзаемных падазронах і адсутнасьці здаровае гнуткасьці. Заўважаецца гэта ня толькі ў адносінах з братамі праваслаўнымі. Не зважаючы на гэта, БГКЦ робіць экумэнічныя крокі на асабістым узроўні, культывуючы добрыя прыватныя сувязі ізь сьвятарамі і сьвецкімі іншых Цэркваў, перш за ўсё з Праваслаўнаю Царквою. Трэба старацца паступова выраўноўваць упярэджаньні і стэрэатыпы мінулага, якія назьбіраліся яшчэ з царскіх часоў.
Зь вялікім спадзяваньнем БГКЦ чакае на аднаўленьне ўласнае гіерархічнае структуры — Экзархату — і прызначэньне экзархам сьвятара альбо біскупа Беларуса.
Спадзяюся, што наша Царква парадзіць сабе з гэтымі праблемамі і паяднае ў сабе праваслаўную тоеснасьць з каталіцкаю адкрытасьцю і паўсюднасьцю. Тады будзе спаўняцца на нашай зямлі воля Госпада Ісуса Хрыста „каб усе былі адно”.
|
Даслаць камэнтар