24 Красавіка, Аўторак, 0:15 – На абарону архітэктурнай спадчыны Беларусі!
|
|
|
Спроба праграмы супрацiву03/10/2006 - 23:50 / Міхал Чарвінскі Самай вялікай загадкай веснавых дзён 19-25 сакавіка застанецца план дзеянняў апазіцыі. Здагадкі на гэтую тэму віравалі ад самага пачатку выбарчай кампаніі, якая адзначылася ўціскам улады, які нарастаў прыблізна па меры набліжэння да выбараў. Інтрыгу ўносілі і перыядычныя адкрытыя заявы Лукашэнкі пра тое, што на Беларусі “майдана” не будзе і ліхаманкавыя спробы, хай на падставе даволі прымітыўнага аналізу, нейтралізаваць арганізацыйныя цэнтры. Пры гэтым найбольшую актыўнасць падрыхтоўка да адстойвання ўлады пры любым развіцці падзей стала адчувацца пасля рэвалюцыі ў Кыргызіі. Можна нават зрабіць выснову, што менавіта такі варыянт прымерваў на сябе Лукашэнка.
Але глыбокая вера ў мудрасць беларускай апазіцыі жыла ў народзе, асабліва ў той частцы, якая не мела вопыту стасункаў з ёю і якую ўрэшце вывелі на вуліцу неадэкватныя ўчынкі ўлады. Натхнялі трывожныя рэпартажы БТ і звесткі пра навучанне актывістаў апазіцыі на шматлікіх семінарах у краіне і за мяжой. Успаміналіся кадры пазамінулагодніх тэлерэпартажаў з кіеўскага Майдану з прысутнымі там бел-чырвона-белымі сцягамі і прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, нараджалася вера, што падчас украінскіх падзей беларускія апазіцыянеры не проста дыхалі паветрам свабоды, а яшчэ і вучыліся ягонаму стварэнню. Асабліва ўзмоцніліся спадзевы, што апазіцыя прыдумала што-небудзь свежае і арыгінальнае, пасля публічных заклікаў выходзіць на Кастрычніцкую плошчу ўвечары 19 сакавіка.
Гэтая загадкавасць апазіцыі давяла карныя органы да стану нервовага трансу і прымусіла прыдумаць сваю версію, якая, пры відавочнай штучнасці, ўражвала нізкімі літаратурнымі якасцямі і мела асноўную мэту абгрунтавання загаду “Стаяць, баяцца!”. Быў у гэтай версіі і рацыянальны элемент: гіпербалізаваць магчымыя дзеянні праціўнікаў улады і, у выпадку з’яўлення на плошчы, змусіць кожнага з іх да самага пасіўнага варыянту паводзінаў.
Таксама ў выніку панікі вышэйшай улады ды адсутнасці дзяржаўніцкага мыслення ў дзяржаўным апараце была вынайдзеная схема прэвентыўных арыштаў вядомых паводле легальнай дзейнасці актывістаў і кіраўнікоў апазіцыйных структур на падставе сфальсіфікаваных абвінавачанняў, якая, дарэчы, поўнасцю кампраметуе і пазбаўляе сэнсу ўсю сістэму выканання законаў у краіне. На ўсялякі выпадак, суткі давалі нават “героям мінулых дзён”, такім чынам пад раздачу трапілі Антончык у Менску і Разумаў у Воршы.
І калі пасля тэлевізійных выступленняў Казуліна для многіх грамадзян краіны адкрылася, што “кароль жа -- голы”, то выхад на плошчу ўвечары 19 сакавіка, які для кожнага з там прысутных быў асабістым духоўным подзвігам, прынёс адкрыццё пра адсутнасць не толькі кіравання дзеяннямі людзей, але нават здольнасці лідэраў апазіцыі дамаўляцца паміж сабою. 25-га сакавіка гэтае ўражанне толькі ўзмацнілася. Успамінаецца тэлефанаванне з адсечанага ля МакДональдса кавалку шматтысячнага натоўпу да жонкі аднаго з лідэраў. На вясёлае пытанне: “Якая канцэпцыя?” прагучаў дасціпны адказ: “Канцэпцыя ёсць, але мы яе не адкрываем”.
Верагодна, што канцэпцыю беларускай рэвалюцыі лідары апазіцыі народу так і адкрыюць. Мажліва, што іхная канцэпцыя ўдзелу народа ўвогуле не прадугледжвае. Мажліва, што іхная канцэпцыя ўжо ажыццявілася.
У такім выпадку новаму руху лепш абысціся без былых лідараў з вялікім багажом паражэнняў. Таксама не павінны быць дапушчаныя ў склад новага руху і партыйныя структуры, якія больш прыдатныя для краіны з развітай дэмакратыяй, а ў нашых умовах становяцца сродкам уліку нязгодных ды ўносяць разлад у іхныя шэрагі.
Мілінкевіч і Казулін захавалі сабе месца ў кіраўніцтве новага супраціву хаця б таму, што насмеліліся паклікаць людзей на плошчу і такім чынам разбурылі міф пра прыбітасць беларускага народу і ягоную няздольнасць да пратэсту, які ў першую чаргу быў выгадны “прафесійным апазіцыянерам”, якія даўно зразумелі, што маюць прыбытак, пакуль іх няшмат.
Але трэба пагадзіцца, што калі мінулыя выбары былі фарсам і здзекам з закону, то прэзідэнтам не можа называцца ніхто: ні Лукашэнка, ні Казулін з Мілінкевічам.
На плошчы народ прадэманстраваў усё, на што ён можа здольны без арганізацыі і без рэсурсаў, і гэтага хапіла, каб афіцыйны пераможца на выбарах надоўга схаваўся і перанес інаугурацыю. Але народ прыйшоў, падстаўляючыся пад збіццё, страту працы ды рэпрэсіі не для таго, каб потым ціха разысціся. Усе ж спробы народа прапанаваць свае сілы лідэрам сканчваліся фальстартам: 19-га не пачаўся беларускі Майдан, 25-га не пачаўся супраціў.
Больш таго, пасля Дня Волі быў зроблены гібельны для любога супраціву перапынак. Спалоханая нечаканай прысутнасцю народа на палітычнай арэне ўлада вучыцца на хаду і дзейнічае з адставаннем на адзін крок: таго, што абкладуць Кастрычніцкую плошчу, чакалі на 19-ае, а здарылася гэта 25-га. Па дарозе на Дзень Волі чакалі, што па цягніках і маршрутных аўтобусах будуць шукаць патэнцыйных мітынгоўшчыкаў, чаго цяпер трэба чакаць на 26 красавіка.
Больш таго, варта чакаць, што карнікі будуць карыстацца перадышкаю да 26-га, каб падчас чарговай хвалі прэвентыўных арыштаў ахапіць тых,
каго яны не ўлічылі раней. Дзеля гэтага зараз могуць аналізавацца тэлефанаванні з плошчы і зробленыя падчас мінулых падзей здымкі, мусяць шчыраваць віжы.
Сам сход 26-га павінны быць выкарыстаны, каб агучыць ды прэзентаваць “urbi et orbi” праграму, тактыку і лозунгі новага руху. У дадатак да стыхійнага пратэсту патрэбная падрыхтоўка, распрацоўка тактыкі і нейкая колькасць людзей, якія ведаюць, куды ісці і што рабіць. Гэта значыць, што арганізацыя руху мусіла б пачацца ўжо зараз.
Пачынаючы з новага пачатку, з Чарнобыльскага шляху, супраціў павінны стаць перманетным, ягоным заканчэннем мусіць стаць стварэнне Камітэта нацыянальнага выратавання і правядзення прапанаванага Казуліным Канстытуцыйнага сходу з наступнымі выбарамі ў нармальных умовах.
Цяпер, калі Беларусь спасціглі, хай і з нечаканага боку, эканамічныя санкцыі, пачынаюць адчувацца наступствы ўладнай шчодрасці перад выбарамі ды будзе зніжацца транзіт і экспарт з-за адмоўнага іміджу краіны на свеце, падставаў для незадавальнення будзе шмат нават і ў тых, каго дагэтуль не турбавалі страты краіны і нацыі, але задавальняў асабісты дабрабыт. Адпаведна, і нагодаў для акцый пратэсту будзе што далей, то болей.
Натуральна, што цяпер, пасля масавых арыштаў паводле здзеклівых прысудаў, няма гаворкі пра якую-небудзь афіцыйную рэгістрацыю новага руху. Структурай новага руху павінна стаць мноства арганізацыйна неаформленных невялікіх суполак, якія дзейнічаюць аўтаномна, але ў агульным накірунку, які будзе вызначацца праз абмен думкамі ды абвесткі на інтэрнэт-сайтах і праз сродкі масавай інфармацыі.
Недзяржаўныя медыі ў Беларусі павінны для гэтага памяняць накірунак і прынцыпы дзейнасці. Зараз, калі беларускія недзяржаўныя медыі ва ўмовах па-сутнасці падпольнага існавання вымушаныя падпарадкоўвацца заходніцкім патрабаванням аб'ектыўнасці, дакладнасці крыніц і незацікаўленага інфармавання, яны прыносяць болей шкоды, чым плёну. Скіраваныя на тое, каб выцісцуць слязу ў замежнікаў, яны ўжо істотна запалохалі народ у Беларусі Цяпер, хай толькі на кароткі час, ім трэба адмовіцца ад раскошы аб’ектыўнага інфармавання, а стаць, паводле бальшавіцкага класіка, "калектыўным арганізатарам і прапагандыстам".
За сродак барацьбы можа быць прынятая методыка негвалтоўнага супраціву, распрацаваная Махатмам Гандзі і ўзбагачаная праз вопыт многіх нацый на шляху да вызвалення. На пачатку гэта маглі б быць кампаніі байкоту. Аднымі з першых аб’ектаў уздзеяння мусяць стаць журналісты беларускіх тэлеканалаў, як людзі публічныя, як голас і зброя рэжыму. Прычым, гэта не будзе цкаванне за асабістыя погляды, паколькі ніхто з дзяржаўных журналістаў не верыць у тое, што прамаўляе ў эфіры альбо піша на старонках газеты. Больш таго, аніводзін не прапускае магчымасці (у прыватнай абстаноўцы) пасмяяцца з Лукашэнкі. Гэтым яны спрабуюць здабыць сабе месца сярод нармальных людзей. Але інтэлігент, які прадаецца тырану, варты ганьбы, бо, як правіла, усё, што зрабілі тыраны, прыдумалі для іх прадажныя інтэлігенты. Журналіст, які дазваляе карыстацца сабой дзеля распаўсюду маны і апаганьвання грамадскіх каштоўнасцяў, адназначна выводзіць сябе за рамкі нармальнага
грамадства і мусіць быць прыроўнены да хворага на шаленства, бо праз яго ў грамадстве распаўсюджваюцца амаральнасць, цынізм і ўседазволеннасць.
Наробленую БТэшнікамі і СБэшнікамі шкоду для грамадскай маралі прыдзецца вельмі доўга залечваць. Ім не павінна быць месца сярод нармальных людзей. За абстрактныя каштоўнасці -- праўду, гуманнасць, справядлівасць--трэба змагацца не абстрактна, а канкрэтна супраць канкрэтных носьбітаў і распаўсюднікаў бессаромнасці і гвалту над мараллю і законам.
Даступнае кожнаму з іх выйсце – звальненне з працы– будзе іхным маральным выратаваннем і прыкметнай перамогай, бо стане ўзорам для ўсіх наступных паслугачоў рэжыму, вартых асабістага ўздзеяння.
Таксама важна, што найбольш балюча дзейнічае байкот тады, калі б’е па камерцыйных інтарэсах канкрэтных бізнесменаў альбо іхных апекуноў у адміністрацыі. Можна было б абвесціць байкот запісам і канцэртам тых выканаўцаў, беларускіх і расейскіх, можа быць, пакуль асобных, якія выступалі на аплочаных уладай канцэртах. Не выключана, што іхныя продажы пасля апошніх падзей і так зменшацца, але ў выпадку абвяшчэння акцыі гэта дазволіць людзям адчуць сваю сілу.
У арсенале “мірнай рэвалюцыі” маецца досыць іншых прыдатных для Беларусі сродкаў. Кампаніі негвалтоўнага супраціву і грамадскага непадпарадкавання могуць разгортвацца паступова, як у маштабах усяе краіны, так і асобных гарадах і мясцовасцях, асабліва спачатку. Сэнс акцыяў ня ў тым, каб нашкодзіць, а каб прадэманстраваць сілу ўзгодненага дзеяння з выразна бачным эфектам. Водгук на пачатку будзе слабым, але, як паказвае досвед іншых народаў, тут таксама патрэбная трэніроўка. Але толькі так гартуецца сіла грамадскай думкі, праз якую сыходзяць дыктатары, тым часам як на месца скінутага праз гвалт дыктатара тут жа запаўзае наступны."
Міхал Чарвінскі |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар