|
|
|
Аўстрыйская школа эканомікі02/01/2007 - 03:39 / Вячка Напрыканцы 19 стагодзьдзя адбыўся вялікі пераварот у сьвеце сусьветнай эканамічнай думкі. На зьмену клясычнай тэорыі пасьпяшала новая эканамічная плыня, што атрымала назву “маржыналізм”, несучы з сабой абсалютна новыя мэтады дасьледваньня чалавечых паводзінаў. Аднак, маржыналізм як накірунак эканамічнай тэорыі ня стаў “аднапраўленым”, а быў прадстаўлены адразу некалькімі эканамічнымі школамі, сярод якіх можна вызначыць аўстрыйскую, лазанскую (матэматычную), кембрыджскую і амэрыканскую школы, кожная зь якіх мела сваеасаблівыя рысы і вылучалася сярод агульнага маржыналісцкага напрамку. Празь некалькі дзясяткаў год гэтыя плыні зьліліся ў адзінай нэаклясычнай хвалі эканамічнай тэорыі, аднак некаторым зь іх давялося захаваць свае рысы і пранесьці праз час свае тэорыі, каб потым з новай сілай нагадаць пра сябе і сваю актуальнасьць. Менавіта так адбылося з аўстрыйскай эканамічнай школай, якая амаль стагодзьдзе знаходзілася “ў баку” ад эканамічных працэсаў і не была вастрабавана эканамістамі напрацягу амаль усяго 20 ст. Якія ж асаблівасьці захавала аўстрыйская школа эканомікі, якую ролю ў разьвіцьці сусьветнай эканамічнай думкі адыгралі тэорыі яе прадстаўнікоў і які лёс чакае аўстрыйскую школу ў будучым – пра гэта і пойдзе гаворка ў дадзенай працы, мэта якой – дакладна і поўна апісаць аўстрыйскую школу як плыню ў эканамічнай навуцы, разгледзець асноўныя пункты мэтадалёгіі школы, а таксама разгледзець магчымы ўплыў аўстрыйскай школы на эканамічную палітыку Беларусі – што сталася б, калі тэорыі “аўстрыйцаў” былі рэалізаваны ва ўмовах Беларусі. Падставы і гісторыя ўзьнікненьня аўстрыйскай школы эканомікі У гісторыі сусьветнай эканамічнай думкі пачатак 70-х гадоў 19 ст. лічыцца пачаткам так званай маржыналісцкай рэвалюцыі. Насамрэч, такое сьцьвярджэньне ня поўнасьцю адпавядае рэчаіснасьці: так, асноўныя палажэньні межавай вартасьці былі сфармуліраваны яшчэ Г.Г. Госсэнам у працы 1844 г., а пачатак масавага пранікненьня маржыналісцкіх ідэяў у эканамічную навуку і літаратуру трэба адносіць толькі да сярэдзіны 1880-х. Таксама трэба дадаць, што маржыналісцкая рэавалюцыя ў розных краінах праходзіла неаднолькава. Але дадзены факт ня выкінеш: разам з публікацыяй у 1871 г. “Тэорыі палітычнай эканоміі” У. Ст. Джэванса, “Асноваў плітычнае эканоміі” Карла Мэнґера ды працы Леона Вальраса “Элементы чыстае палітычнае эканоміі”, якая зьявілася ў 1874 г., пачалі закладацца новыя асновы заходняй эканамічнай тэорыі, якія з тых часоў сталі дамінуючымі і па якіх ідзе разьвіцьцё эканамічнай думкі і зараз. Каб высьвятліць, якія фактары сталі падставай для ўзьнікненьня новых працаў і напрамкаў (асабліва ў тэорыі цаны), разгледзім папярэднюю (клясычную) сытуацыю ў эканамічнай тэорыі. Папярэдняя тэорыя цаны будавалася на наступных сьцьвярджэньнях: 1. цана рэчы бывае часовым (рынкавай) і пастаяннай (натуральнай). Менавіта апошняя з іх зьяўляецца цэнтрам, да якога імкнецца першая; 2. рынкавая цана вызначаецца попытам і прапановай. Пры гэтым попыт, у сваю чаргу, залежыць ад рынкавае цаны; 3. натуральная цана па-рознаму вызначаецца на неваспаўняльныя і васпаўняльныя тавары. У першым выпадку яна залежыць ад рэдкасьці рэчаў (сюды ж адносілі і манапольныя сытуацыі), у другім (у сваёй большасьці) – ад колькасьці выдаткаў на вытворчасьць тавараў і іх дастаўку на рынак; 4. выдаткі на вытворчасьць складаюцца з заработнай платы і вызначаюцца ў рэшце колькасьцю выдаткаванай працы [9, c. 222--224]. Такім чынам, у клясычнай мадэлі сярэдні ўзровень цэнаў вызначаўся ў сфэры вытворчасьці і быў роўны выдаткам. Прапанова ж тавару вызначаецца попытам, які складаецца пры пэўнай цане.
Але ад недахопаў не была пазбаўлена і сама клясычная тэорыя ў яе мільлеўскім варыянце. Па-першае, для любога, нават самага высакаразьвітага й багатага грамадзтва магчымасьць бязьмежавага павялічэньня вытворчасьці, адкуль выходзіла “тэорыя выдаткаў”, зьяўляецца хутчэй выключэньнем, чым правілам. Па-другое, аб’ектыўная тэорыя азначала попыт на тавары ў выглядзе “чорнай скрыні”, і нават тое нешматлікае, што казалася пра вызначальныя для яго фактары, прыводзілася да банальнага наступнага: попыт уплывае на цэны, цэны ўплываюць на попыт. Па-трэцяе, зусім розныя тлумачэньні для васпаўняльных і неваспаўняльных тавараў (так званы дуалізм клясычнае тэорыі) не даваў спакою навукоўцам, што імкнуліся да стварэньня поўнай і ўсеахопнай тэорыі, якая б раскрывала сутнасьць цаны: “Нам патрэбна менавіта такая тэорыя, якая б усе зьявы цаны выводзіла б з аднага і таго ж пачатку, і прытым давала б вычарпальнае тлумачэньне”, - пісаў Бём-Бавэрк. Усе гэтыя кволасьці выклікалі крытыку клясычнае тэорыі з самых розных пазыцыяў. Маржыналісты паспрабавалі стварыць маністычную агульную тэорыю цаны зыходзячы з падставаў, якія былі абсалютна супрацьлеглымі да падставаў клясычнае школы. У якасьці зыходнай самай простай зьявы эканамічнага жыцьця яны абралі адносіны чалавека да рэчы, якая высьвятлялася ў сфэры асабістага спажываньня (клясычная школа не зьмяшчала асабістае спажываньне ў прадмет палітычнай эканоміі, бо ўплыў звычаяў, традыцыяў і іншых праяваў іррацыянальнасьці перавышае тут узьдзеяньне канкурэнцыі і эканамічнага падліку і такім чынам робіць чалавечыя паводзіны ў дадзенай сфэры непрадказальным). Як сьледства, дзеля стварэньня тэорыі цаны, заснаванай на адносінах чалавека да рэчы, маржыналістам трэба было зрабіць гэтыя адносіы рацыянальнымі. Такім чынам, маржыналісты радыкальна перафармавалі праблему цаны: зьмест “чорнае скрыні” (спажывецкія ацэнкі і спажывецкі выбар) стаў асноўным прадметам аналізу, прычынна-выніковыя сувязі паміж вытворчасьцю, абменам і спажываньнем зьмянілі свой накірунак на супрацьлеглае – асновай цаны сталі не былыя выдаткі, а будуая каштоўнасьць рэчаў і г.д. Аўстрыйская школа эканомікі была таксама заснавана на маржыналісцкіх пачатках, але ў выніку некаторых значных прычынаў мела свае сваеасаблівасьці ад іншых напрамкаў маржыналізму. Пачынальнікам жа аўстрыйскай школы лічыцца Карл Мэнґер. Менавіта зь ягонае дзейнасьці і працаў, самай дасканалай і вычарпальнай па зьмесьце і важнасьці ідэяў ёсьць кніга “Аснаваньні палітычнай эканоміі” (Grundsätze der Volkswirtschaftslehre), пачынаецца гісторыя гэтай эканамічнай школы. Цікава, што гэтая праца была напісана Мэнґерам, калі той толькі пачаў займацца аналізам эканамічных працэсаў і іх прычынаў (да гэтага ён быў дзяржаўным службоўцам і журналістам) і да таго часу яе аўтар практычна ня меў настаўнікаў, як гэта часта бывае ў эканамічнай навуцы. Між тым, “Аснаваньні..”, напэўна, менш за ўсе іншыя працы прыхільнікаў гэтай школы крытыкавалася эканамістамі, і больш за сто год зьяўлялася асноўнай крыніцай ідэй аўстрыйскай школы. Асобамі, што непасярэдна паўплывалі на стварэньне і разьвіцьцё гэтага напрамку, зьяўляюцца два вучні Мэнґера – Ойген фон Бём-Бавэрк і Фрыдрых фон Візэр, якія разам з самім Карлам Мэнґерам складаюць падмурак аўстрыйскай школы. У параўнаньні з лязанскай і кембрыджскай школамі маржыналізму аўстрыйская школа стала найбольш пэўна акрэсьленай і доўгатэрміновай. Можна зь вялікай упэўненасьцю назваць вядомых эканамістаў, што належалі да розных пакаленьняў аўстрыйскай школы. Гэта, яшчэ раз, яе асновабудоўца К. Мэнґер, ягоныя вучні Е. Бём-Бавеэрк ды Ф. Візэр (хаця слухаць выклады К. Мэнґера ім не давялося, бо абодва скончылі Венскі ўнівэрсытэт незадоўга да таго, як той атрымаў там прафэсарскую катэдру), вучні Е. Бём-Бавэрка Л. Мізэс і Ё. Шумпэтэр, вучань Л. Мізэса Ф. Гаек, а таксама Г. Габэрлер, Ф.Махлуп, О. Морґенштэрн (адзін з заснавальнікаў тэорыі гульняў), ды пасьлядоўнікі Л. Мізэса і Ф. Гаека: І. Кірцнэр, Л. Лахман, Э. Штрайслер і іншыя. Вялікі ўплыў дзейнасьць аўстрыйскае школы зрабіла на ангельцаў Л. Робінса, Дж. Гікса і Дж. Шэкла, швэда К. Віксэльля, галяндца Пірсана, італьянца М. Панталеоні, амэрыканцаў Р. Элі, С. Паттэна і інш. Ідэі аўстрыйскай школы разьвіў таксама Дж. Кларк з ЗША, заснавальнік амэрыканскай школы, адзін з буйнейшых эканамістаў. Зразумела, аўстрыйская дасьледчая традыцыя ў розных яе прадстаўнікоў выяўлялася ў розных формах і ў рознай ступені, але ва ўсіх выпадках прасачыць яе ўплыў магчыма [4]. Доўгі час аўстрыйская школа разглядалася ў заходняй эканамічнай літаратуры ўсяго толькі ў якасьці адной з рухаючых сілаў маржынальнае рэвалюцыі, якая дасягнула меншых вынікаў за астатнія, бо не валодала матэматычным апаратам [4]. У той час для аўстрыйскіх прадстаўнікоў эліты азначэньне “аўстрыйскі” асацыявалася з адсталасьцю, старым рэакцыйным часам, а нямецкая гістарычная школа лічылася “сучаснай”. Пагэтаму існаваў вялікі недавер да тэорыі эканомікі, якая звалася “аўстрыйскай”. Гэта выяўлялася ў тым, што асобы, адказныя за запрашэньне прафэсараў ва ўнівэрсытэты, былі больш схільнымі даваць працу паплечнікам нямецкай гістарычнай школы, а не аўстрыйскай [1]. Усярэдзіне 30-х гадоў 20 ст. розныя напрамкі маржыналізму, здавалася, назаўсёды зьліліся ў адзіным нэаклясычным напрамку і былі адкінуты на другі плян у выніку наступнай рэвалюцыі ў эканамічнай навуцы – нэакейнсіянскай. Але ў пачатку 70-х гадоў па ходзе паслабленьня кейнсіянства і адраджэньня зацікаўленасьці да мікраэканамічнага аналізу высьвятлілася, што магікане аўстрыйскай школы Л. Мізэс і Ф. Гаек пранесьлі праз усе гады некаторыя важнейшыя асаблівасьці аўстрыйскай школы, што не далі зьліцца ёй з нэаклясыкамі.
Асноўныя палажэньні аўстрыйскай школы эканомікі. Мэтадалёгія
Якія ж аноўныя рысы і асаблівасьці аўстрыйскай палітэканоміі? Перш за ўсё гэта пасьлядоўны маністычны суб’ектывізм: усе катэгорыі эканамічнай навукі “аўстрыйцы” імкуцца вывесьці толькі з адносінаў эканамічнага суб’екта да рэчы, яго перавагаў, чаканьняў, інфармацыі. Любыя тавары і паслугі самі па сабе, з пункту гледжаньня эканаміста, ня маюць некіх суб’ектыўных уласьцівасьцяў, і перш за ўсё вартасьці. Гэтыя ўласьцівасьці ім надаюць толькі тыя ці іншыя адносіны суб’екта да рэчы. Так, сутнасьць адсотку складаецца з розных ацэнак суб’ектаў, выдаткі вытворчасьці – у будучай карысьці, якую, як чакаецца, вытворчыя магчымасьці маглі б прынесьці, калі б яны былі ўжыты ня так, як насамрэч, а інакш, і г.д. Пры гэтым суб’ект у “аўстрыйцаў” не гарантаваны ад памылак (напрыклад, ён можа няправільна ацаніць свае будучыя патрэбы і сродкі іх задавальненьня), і пры гэтым ягоныя памылкі ня будуць “адкінуты” рынкам, а адыграюць сваю важную ролю, удзельнічаючы нараўне з больш правільнымі ацэнкамі ў вызначэньні кошту дадзенага тавару [1]. Асаблівы акцэнт, які “аўстрыйцы” робяць на няпэўнасьці будучага і магчымасьці іх памылак, і тая ўвага, што надаецца імі (і асабліва Мэнґерам) веданьням эканамічнага суб’екту і ягонай асьвядомленасьці і інфармацыяй, якой ён валодае, выдзяляюць іх сярод іншых напрамкаў маржыналізму і робяць іх тэорыі асабліва важнымі сёньня, калі праблема вышуку і апрацоўцы інфармацыі знаходзіцца на першым пляне эканамічных распрацовак і дасьледваньняў. Можна сьцьвярджаць, што ступеня рацыянальнасьці, патрабуемая ад эканамічнага суб’екту, знаходзіцца ў тэорыях прадстаўнікоў аўстрыйскай школы эканомікі значна ніжэй за мадэлі Джэванса і Вальраса. Гэта праяўляецца, у прыватнасьці, у іншай сваеасаблівасьці аўстрыйскай школы – “аўстрыйцы” ў сваіх тэорыях ня ўжываюць ня толькі матэматычных мэтадаў дасьледваньня, але нават і геамэтрычныя ілюстрацыі сваіх тэарэтычных палажэньняў (як, напрыклад, Джэванс ды Маршал). Гэтая асаблівасьць аўстрыйскае школы кідаецца ў вочы кожнаму, хто гартае старонкі працаў яе прадстаўнікоў – у іх немагчыма знайсьці ня толькі дыфэрэнцыяльных ураўненьняў, але і звычайных дыяграмаў з выявамі попыту і прапановы. Канешне, гэта можна растлумачыць і тым, што заснавальнікі аўстрыйскае школы, што атрымалі юрыдычную адукацыю, наўпрост не валодалі тэхнікай матэматычнага аналізу (хаця той жа К. Мэнґер пры сваім жаданьні мог бы засвоіць патрэбныя веды ў свайго брата, хто быў вядомым матэматыкам). Аднак галоўная прычына зусім іншая. Справа ў тым, што ўжываньне тэорыі вартасьці дыфэрэнцыяльнага вылічэньня патрабуе, каб дасьледчык узяў пад увагу некаторыя дапушчэньні. Па-першае, аналізуемая зьява мусіць быць бясконца падзяляльнай – напрыклад, функцыя вартасьці мусіць быць бесперапыннай, а не дыскрэтнай. Гэтая функцыя павінна быць, па-другое, дыфэрэнцаванай, гэта значыць мець датычную ў кожным пункце, і, па-трэцяе, выпуклай, каб яе вытворчая была ў кожным пунке канчатковай. Усе тры дадзеныя ўмовы выкарыстоўваюцца дзеля спрашчэньня вылічэньня і тым самым звужаюць кола зьяваў, што тлумачацца маржыналісцкай тэорыяй. Што ж тычыцца бясконцай падзяляльнасьці, то гэтая ўласьцівасьць настолькі нехарактэрна для большасьці зьяваў, што Джэвансу і Маршалу прыйшлося рабіць дапушчэньні, што функцыя вартасьці хутчэй за ўсё належыць да ўсяе сукупнасьці, а не іх адзінаму суб’екту (напрыклад, да жыхароў Менску ды Гародні). Але для сукупнасьці спажыўцоў губляюць сэнс суб’ектыўныя ацэнкі і іх погляды. Акрамя таго, матэматычная вэрсія тэорыі межавай вартасьці прадугледжвае, што гаспадарчы суб’ект беспамылкова вынаходзіць аптымальны для сябе варыянт, што супярэчыць дадзеным вышэй палажэньням “аўстрыйцаў” (перш за ўсё Мэнґера) пра няпэўнасьць і памылкі. Паколькі “аўстрыйцы” пазьбягаюць выкарыстаньня матэматычнага аналізу, гэта дазваляе ім ня толькі ахапіць сваёй тэорыяй шырокае кола зьяваў, але і захаваць пры гэтым яе нясупярэчлівасьць і застацца ў межах больш рэалістычнай мадэлі чалавечых паводзінаў. Тут мы падыходзім да іншай сваеасаблівасьці аўстрыйскае школы – мэтадалягічнаму індывідуалізму. Усе магчымыя праблемы “аўстрыйцы” разглядаюць і вырашаюць на мікраўзроўні, на ўзроўні індывіда. Яны ня ўлічваюць, што цэлае, г.зн. грамадзтва, заўсёды большае за сумму сваіх частак, ня прызнаюць макраэканамічных зьяваў, зводных да простай раўнадзейнай індывідуальных зацікаўленьняў і рашэньняў. Напэўна, гэта тлумачыцца памкненьнем “аўстрыйцаў” да раскрыцьця сутнасьці зьяваў, прычынна-наступных сувязяў і іх недаверлівасьці функцыянальным залежнасьцям [8]. У сувязі з мэтадалягічным індывідуалізмам выяўляецца і яскравая адсутнасьць у творах аўстрыйскіх маржыналістаў ідэяў раўнавагі. Зразумела, што вальрасаўская канцэпцыя агульнай раўнавагі была для аўстрыйцаў занадта надіндывідуальнай, якая патрабуе вялізнай рыцыянальнасьці ды аптымальнасьці рашэньняў. Важную ролю ў аўстрыйскай тэорыі займае фактар часу. Менш за ўсіх іншых маржыналістаў “аўстрыйцы” могуць быць крытыкаваныя па чыста статыстычным пункце погляду. Яны не забываліся падкрэсьліваць, што высновы людзей непасярэдна залежаць ад таго, на які пэрыяд часу яны могуць разьлічваць задавальненьне сваіх патрэбаў (“пэрыяд прадугледжаньня”). Менавіта фактар часу і зьвязаная зь ім няпэўнасьць прыводзяць да памылак удзельнікаў абмену і не даюць скласьціся агульнай раўнавазе (згодна з сыстэмай Вальраса ўсе цэны і колькасьць тавараў вызначаюцца адначасова) [4]. Аўстрыйцы робяць строгія разьмежаваньні паміж: 1. эканамічнай гісторыяй ды статыстыкай, што апісвае былыя падзеі, якія часта выдаваліся за эканоміку вельмі значнай часткай эканамістаў; 2. эканамічнай гісторыяй і лягічнай навукай – эканомікай. “Аўстрыйцы” сьцьвярджаюць, што эканамічная статыстыка – гэта адлюстраваньне таго, што людзі рабілі ў пэўным мейсцы ў пэўны час ў прошлым. Эканоміка, паводле аўстрыйскай школы, - гэта унівэрсальная навука, якая выкарыстоўвае лёгіку, розум, мэтадалягічны індывідуалізм для аналізу дзеяньняў любога чалавека ў любым мейсцы ў любы час [1]. Аўстрыйская школа аналізуе сацыяльныя агрэгаты (напр., нацыянальная эканоміка) як прадукт дзейнасьці індывідумаў. Перад тым, як пачаць любыя дасьледваньні, неабходна вызначыцца ў мэтадалёгіі. Мэнґер так апісаў падыход да вывучэньня сацыяльных зьяваў: “Фэномэн “нацыянальнай эканомікі” ніяк не зьяўляецца непасрэдным указаньнем на жыцьцё нацыі ці непасрэдным вынікам дзейнасьці “эканамічнай нацыі”. Яны зьяўляюцца вынікам бясконцай колькасьці эканамічных паводзінаў асобных людзей нацыі, пагэтаму іх нельга вывучаць у межах эканамічнай тэорыі. Фэномэн “нацыянальнай эканомікі” мусіць быць тэарэтычна вывучаны і вызначаны як вынік індывідуальных эканамічных намаганьняў”. Але нажаль, у сфэры палітыкі і эканомікі заявы на падставе агрэгатных паказчыкаў часта прымаюцца за аснову праводжанай палітыкі. (працяг будзе) |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар