|
|
|
З кім мы выйдзем на Плошчу?02/03/2007 - 01:03 / Зьміцер Дзядзенка Каму зь лідэраў можна верыць наступны раз на Плошчы? Пытаньне зусім не рытарычнае. Таму паспрабуем паглядзець на стан “трэцяга сэктару” (улучаючы ў гэты панятак і недзяржаўную прэсу, дэмакратычныя партыі: не сакрэт, што яны хварэюць на тыя ж хваробы, што і ўся грамадзянская супольнасьць). Салідарнасьць выявілі супрацоўнікі газэты: яны напісалі зварот да ўладальніка памяшканьня, просячы вярнуць распаўсюдніка ў офіс. Ініцыятаркай абароны выступіла карэктарка газэты, што не прамінула для яе дарма. Рэдактар выданьня заявіў, што ня справа нейкай карэктаркі ўказваць яму — кіраўніку такой легендарнай газэты й заснавальніку інтэлектуальнага часопісу, ляўрэату міжнародных прэміяў за свабоду слова, герою Плошчы! — як трэба паводзіцца ў такіх сытуацыях. (Варта зазначыць, аднак, што такія міжнародныя ўзнагароды накладаюць асаблівую адказнасьць на іх уладальніка ды зьвяртаюць на яго асаблівую ўвагу іншых людзей. Уладальнік падобных прэміяў становіцца асобай, чыімі паводзінамі можна хваліць альбо папікаць усю грамадзянскую супольнасць.) Размова адбывалася на павышаных танах у прысутнасьці сьведкаў. Ніводнага мужчыну не ўпрыгожвае размова на павышаных танах з жанчынай. Тым больш — з падначаленай. Хаця можна зразумець, што ў кожнага здараюцца эмацыйныя й нэрвовыя зрывы. Выхаваны чалавек у такім разе празь некаторы час просіць прабачэньня. Аднак рэдактар палічыў ніжэйшым за сваю годнасьць прасіць прабачэньня ў карэктаркі. Пра тое, што міжнародныя ўзнагароды за свабоду слова даваліся ня толькі яму пэрсанальна, але і ўсёй грамадзянскай супольнасьці Беларусі (а ў прыватнасьці — газэце, дзе працуе не адзін рэдактар, а цэлая рэдакцыя), ён забыўся. Яно й ня дзіўна — столькі справаў, столькі клопатаў! Аднак справа не заціхла, а выплыла вонкі. Рэдактару газэты прыйшло праз электронныя сродкі сувязі некалькі пытаньняў ад розных людзей наконт прычынаў выгнаньня распаўсюдніка кніг. Ад пытаньняў, зададзеных яму на Інтэрнэт-канфэрэнцыі, наш герой проста адмахнуўся і ня стаў адказваць. Пытаньне, зададзенае на Інэрнэт-форуме ягонай газэты, рэдактар адцэнзураваў, пакінуўшы толькі частку, на якую яму было ня сорамна адказаць. Аўтарцы пытаньня ён адказаў, што не дазволіць ачарняць работнікаў рэдакцыі на Інтэрнэт-форуме газэты. Але прычынаў выгнаньня так і не патлумачыў. Застаецца думаць, хіба, што гэта сакральныя веды, якія нельга давяраць прафанам, не ўганараваным прэміямі за свабоду слова... Гісторыя скончылася тым, што рэдактар выжыў карэктарку з выданьня. За адным разам яна страціла працу і ў беларускамоўным інтэлектуальным часопісе, з кіраўніцтвам якога рэдактар газэты мае сяброўскія дачыненьні. На блогу ў LiveJournal, дзе ішло абмеркаваньне сытуацыі, ананім (які карыстаўся адным і тым самым варшаўскім ір-адрасам кампутара адначасова з рэдактарам інтэлектуальнага часопісу) нават выказаў меркаваньне, што карэктарка — альбо агент спэцслужбаў, альбо псыхічна ненармальная. Ясная рэч, а кім жа яшчэ могуць быць такія людзі?.. Праўда, за апошнія два дзесяцігодзьдзі колькасць агентаў спэцслужбаў у дэмакратычным асяродку (калі верыць унутраным “разборкам”) даўно перавысіла колькасьць насельніцтва Беларусі, але хто на гэта зважае? А вось аргумэнт, што людзі, якія адстойваюць уласную годнасьць і выказваюць салідарнасьць з гнанымі, — псыхічна ненармальныя, дасюль выкарыстоўвала толькі афіцыёзная прапаганда (як у нядаўняй справе праваабаронцы Кацярыны Садоўскай)… Самае прыкрае ў падобнай сытуацыі, што чалавек, пазбаўлены працы, застаецца безабаронным. Зьвярнуцца ў суды ці да “абаронцаў” з афіцыёзнай прэсы не дазваляе элемэнтарнае пачуцьцё прыстойнасьці. А знайсьці абарону “па гэты бок барыкады” практычна немагчыма. У каго? У іншых кіраўнікоў трэцяга сэктару? Яны ня маюць сродкаў уплыву на калегу. Дый хутчэй стануць бараніць калегу, чым малавядомую ім карэктарку. Шарагоўцы грамадзянскай супольнасьці ня маюць рэальных мэханізмаў абароны пры такіх працоўных канфліктах. У гэтых умовах становішча работнікаў дзяржаўнага сэктару выглядае нашмат больш прывабным. Калі ў іх узьнікае канфлікт, яны могуць зьвярнуцца ня толькі ў суд, але і да незалежнай прэсы. Яшчэ адна прычына таго, што трэцясэктарныя “аўтарытэты” пачнуць бараніць калегу, у тым, што за ім стаіць ня толькі арганізацыя, але і імя (у апісаным выпадку — “легенда беларускай прэсы”, “герой Плошчы”, “ляўрэат прэміяў за свабоду слова”). Здаецца, што прызнаць за такім чалавекам хібы, — тое самае, што расьпісацца ўва ўласных памылках. Але ці не такім спосабам ствараецца культ асобы? Імя становіцца важнейшым за ўчынкі. Генэралы грамадзянскай супольнасьці сваімі пасадамі гарантуюць сабе свабоду ад крытыкі. Чым гэта розьніцца ад сухарэнкаўскіх законаў пра адказнасьць за дыскрэдытацыю дзяржавы? Толькі тым, што ня садзяць у турму... Спробы крытыкі ўчынкаў і паводзінаў генэралаў адразу ж глушацца ўсімі магчымымі спосабамі. Дзякуй богу, вельмі рэдка гучаць абвінавачаньні ў супрацы з спэцслужбамі. Аднак усялякія спробы крытыкі тлумачацца толькі асабістымі матывамі. Як тлумачылася аб’яднаньне сацыял-дэмакратаў? “Змова намесьнікаў” (маюцца на ўвазе намесьнікі старшыняў партыяў)! Генэралы дэмакратычнай супольнасьці маюць завышаныя патрабаваньні да шарагоўцаў пры заніжаных патрабаваньнях да сябе. Ці прызнаў свае памылкі хаця б хто-небудзь з кіраўнікоў штабоў, хто рыхтаваў сёлетнюю прэзыдэнцкую кампанію? Пакажыце мне гэтага чалавека! Людзі, якія “забыліся” аддаць у дзяржаўны друк праграму кадыдата на прэзыдэнта, сёньня працягваюць весьці рэй: зьбіраюць кангрэсы дэмсілаў, езьдзяць па еўропах з расповедамі пра “жахі рэжыму”. А як шмат было нараканьняў на іншых: “Прыйшло мала народу на Плошчу!.. Канкурэнты вялі несумленную барацьбу!..” Але хто распусьціў тых 20 тысячаў камікадзэ, якія выйшлі на Плошчу 19-га сакавіка? Хто цэлы тыдзень угаворваў удзельнікаў намётавага гарадку: “Разыходзьцеся: вы ўжо ўсё даказалі”? Альбо прыгадаем зусім нядаўнюю гісторыю: адзін зь лідэраў апазыцыі з-за кратаў зьвярнуўся да другога з просьбай падтрымаць галадоўку. У адказ другі прапанаваў “адчэпнага”: вылучыў галадоўніка на прэстыжную міжнародную прэмію. Хто замінаў першаму падтрымаць галадоўку? Няўжо злачынны рэжым? І няўжо злачынны рэжым загадвае паплечнікам аднаго зь лідэраў наладжваць банкет у час, калі той трымае галадоўку за кратамі? Вядома, беларуская дзяржава ставіць грамадзянскую супольнасьць у неспрыяльныя ўмовы існаваньня. Жыцьцё ў падпольлі вымагае асаблівых мераў прыстасваньня. Але яны ж ствараюць глебу для карупцыі. Замежныя грантадаўцы ня могуць прасачыць эфэктыўнасьць выкарыстаньня вылучаных сродкаў: у падпольных умовах усё грунтуецца на даверы. Але без унутраных мэханізмаў самакантролю такая сытуацыя непазьбежна вядзе да карупцыі. Ці змогуць сумленна кіраваць краінай людзі, якія звыкліся да некантраляванага разьмяркоўваньня сродкаў? Аднаго такога дзеяча мы назіраем штодня ў тэлевізары ўжо 12 гадоў. Які сэнс мяняць яго на іншага такога ж? А рэальных спосабаў адсеяць такіх тыпаў грамадзянская супольнасьць ня выпрацавала. Яшчэ адзін работнік незалежных СМІ “палымяна змагаецца за свабоду Бацькаўшчыны” строга ад 9-й да 18-й. А потым вяртаецца дадому, да жонкі — супрацоўніцы “Советской Белоруссии”. І не кажыце, калі ласка, пра свабоду прэсы і пра тое, што муж за жонку не адказвае: “Саўбелка” — орган прапаганды, а ня прэса. І ў сямейнай касе зьмешваюцца грошы, атрыманыя ад змаганьня з рэжымам і ад усхваленьня моцнай і квітнеючай. Знутры апазыцыю падточваюць, нібы шашаль, замежныя гранты. Сёньняшнія апазыцыйныя генэралы маюць справу і свой “заробак” на гэтай справе: яны “змагаюцца з рэжымам”. Таму яны зацікаўленыя ў тым, каб працягваць такое “змаганьне” як мага даўжэй. Што ім рабіць у выпадку перамогі — яшчэ не зусім зразумела. Ці ў стане яны сёньня адмовіцца ад гарантаваных грошай, каб заўтра па-новаму пачаць шукаць сваё месца? Сёньняшняя карупцыя зь некалі разумных і талковых людзей стварыла асяродак гультаяватых і безыніцыятыўных паразытаў, парабкаў інтэлектуальнай працы. Званьні валадара думак і апостала нацыі сталі занадта танным: яго можна лёгка памяняць на ня вельмі вялікія (паводле міжнародных стандартаў) гранты. Ужо нават і заходнія спонсары сталі скоса паглядаць: чаму беларуская апазыцыя (колькі ў яе ні ўкладзі грошай) ніяк ня можа перамагчы Лукашэнку? І выглядае так, што беларуская эліта чарговы раз не выканала свой натуральны абавязак і здрадзіла народу, паставіўшы пад пагрозу незалежнасьць краіны. З кім мы выйдзем наступнага разу на Плошчу? Зьміцер Дзядзенка
P.S. Гэты тэкст быў прапанаваны да публікацыі ў некалькі выданьняў. На сайце “Наше мнение” аўтару патлумачылі, што тэкст добры, але высновы робяцца на адным (!) прыкладзе: ён прыдатны, маўляў, для газэты, а не для аналітычнага рэсурсу. У Інтэрнэт-газэце “Салідарнасць” было заяўлена, што “там надта многа бруду”. У часопісе “ARCHE” артыкул друкаваць таксама адмовіліся, параіўшы зьвярнуцца з такім тэкстам у “Дзеяслоў”. Што ж, яшчэ тры прыклады таго, як генэралы трэцяга сэктара ўспрымаюць крытыку на свой адрас. |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар