|
|
|
Аўстрыйская школа эканомікі (ІІ)02/14/2007 - 16:24 / Вячка (працяг) Суб’ектывізм і роля асобы ў эканоміцы Былое стагодзьдзе стала, па сутнасьці, часам так званых “сацыяльных інжынэраў”. Няшмат яшчэ знойдзецца прыкладаў такой жа ўпэўненасьці і веры ў тое, што чалавек здольны перарабіць грамадзтва і зьмяніць ягоную прыроду так, як яму гэта будзе заўгодна. Усе інстытуты, эканамічныя сыстэмы, паводзіны і звычаі людзей успрымаліся ня як дадзеныя ад іх прыроды, а ў якасьці простага канструктара, якія можна перастаўляць на любыя мейсцы, не хвалюючыся за іх будучае, і якім можна распараджацца тым, хто валодае на гэта ўладай. І у гэткім выглядзе таталітарныя дзяржавы 20 ст. зьяўляюцца найбольш яскравым прыкладам такога мысьленьня. Так марксізм быў заснаваны на ідэі, што чалавечая прырода – гэта ўсяго толькі прадукт сацыяльна-эканамічных адносінаў. Трэба толькі зьмяніць у грамадзтве адносіны ўласнасьці, зьнішчыць “буржуазны вобраз мысьленьня” – і адразу народзяцца “новы чалавек” ды “новае грамадзтва” [2]. Так адбывалася ня толькі ў таталітарных дзяржавах. Эканамічная палітыка краінаў Захаду, хоця ж і не была такой жорсткай і экстрэмісцкай, не адрозьнівалася ад апошніх сваімі меркаваньнямі наконт перабудовы грамадзтва па жаданым узору. Калі разьмеркаваньне прыбыткаў здаецца “несправядлівым”, то падатковая палітыка вельмі проста зможа выправіць такі стан. Калі перавагі насельніцтва будуць здавацца “амаральнымі” ці памылковымі, то можна прыняць законы, якія будуць спрыяць іх выкараненьню ці зьмене. Калі працадаўцы плоцяць сваім працаўнікам “недастатковую” па нейкіх абстрактных меркаваньнях заработную плату дзеля забесьпячэньня неабходнага ўзроўню жыцьця, то толькі законы могуць забясьпечыць кантроль за тым, каб ніхто ня быў наняты на працу за заработную плату, меншую за “справядлівую” суму. Усе гэтыя фантазіі “сацыяльнай інжынэрыі” маюць крыніцай свайго зьяўленьня сацыялістычныя погляды і ілюзіі. Чалавек у такіх умовах становіцца нейкай бясформавай субстанцыяй, зь якой лепяць новыя формы тыя, хто дзякуючы сваёй магчымасьці прадбачаньня ведае, якую культуру і грамадзтва трэба стварыць, каб ажыцьцявіць ідэю “выдатнага новага сьвету” [2]. З пункту гледжаньня аўстрыйскай школы, чалавек – гэта перш за ўсё істота, якая дзейнічае. Ён мае свае намеры і мэты, якія ставяцца ім на галоўнае мейсца, выкарыстоўвае сродкі для іх дасягненьня і будуе магчымыя пляны сваіх паводзінаў. Аднак гэтыя мэты не даюцца яму звонку. У поўным сэнсе гэтага слова чалавек стварае іх сам. Валодаючы сьвядомасьцю, ён ў думках прадбачыць сябе ў будучым і фармуе ўяўленьні пра ўмовы і стан сваіх справаў, што сталі б для яго пераважнымі, і пра тыя, якія маглі б пераважаць, калі б ён паспрабаваў паўплываць на чакаемыя ў перспектыве падзеі. Ён спрабуе зьмяніць прычынныя сувязі ў сьвеце вакол яго і зрабіць вольнымі тыя напрамкі ягонае дзейнасьці, якія б маглі прынесьці яму жаданыя вынікі. У гэтым працэсе чалавек сам стварае ўмовы рэалізацыі і ацэньвае іх самастойна. Ён вызначае мэты, якія б маглі канкураваць за выкарыстаньне абмежаваных рэсурсаў, і вызначае, ад чаго яму трэба адмовіцца дзеля дасягненьня нечага іншага. Іншымі словамі, выдаткі на прыняцьце і непрыняцьце рашэньняў ён фармуе сам.
Тое, што разглядаецца людзьмі як “мэты” дзейнасьці і “сродкі” дасягненьня гэтых мэтаў, “выдаткі” і “карысьць” маюць сэнс толькі з пункту гледжаньня індывідумаў. Толькі прыватны розум здольны клясыфікаваць, аналізаваць і вывучаць фізычны сьвет па катэгорыях сродкаў і мэтаў. Дзейнасьць індывідуўма задаецца менавіта тым сэнсам, што надаецца гэтай дзейнасьці. Злачынцу карае сьмерцю кат, а не дзяржава. Толькі тыя, хто ў гэтым зацікаўлены, бачаць адваротнае – што пакараньне ажыцьцяўляе менавіта дзяржава. Так жа сама наяўнасьць нацый, дзяржаваў і веравызнаньняў ў сьвеце можна ўбачыць і вызначыць толькі дзейнасьцю асобных індывідаў. Гэта выходзіць з высновы, што грамадзкія калектывы ўзьнікаюць праз дзейнасьць індывідаў. Гэта ня значыць, што індывіды па часе ўзьнікненьня зьявіліся першымі. Наўпрост калектыў стварае пэўная дзейнасьць індывідаў [2]. Для “аўстрыйцаў” чалавек значна аддалены ад таго, каб быць элементам, што пасіўна рэагуе на “наладку” сацыяльнай сыстэмы, якая ажыцьцяўляецца “сацыяльным інжынэрам”. Чалавек – гэта істота, што дзейнічае актыўна, крэатыўна. Менавіта ён зьяўляецца цэнтрам сыстэмы, а не элементам унутры яе, які чакае, калі ж ім пачнуць маніпуляваць. Погляд на чалавека, а значыць, і на ягоную ролю ў грамадзтве можа мець самыя сур’ёзныя наступствы ў залежнасьці ад таго, “ці пойдзе гульня грамадзтва лёгка ды шчасьліва ці жаласна” (А. Сьміт). Канцэпцыя чалавека, што была прапанаваная “сацыяльнамі інжынэрамі”, заснаваная на мадэлі рацыянальнага чалавека і якая выкарыстоўваецца шматлікімі эканамістамі, лёгка вядзе да зьявы, якую Ф. фон Гаек назваў “ілжэведамі”. Справа ў тым, што калі чалавек разглядаецца толькі як істота, якая пасіўна рэагуе на абставіны, то адсюль застаецца адзіны крок да высновы, што любая зьмена эканамічнага ці тэхнічнага характару, любыя ўдасканаленьні структуры і інстытутаў будуць лёгка засвойвацца ёю. Такім чынам атрымоўваецца, што гэтая сыстэма мае нейкія па-за-чалавечыя крыніцы свайго існаваньня. Такім чынам, здавалася б, што такая рэч, як суб’ектывізм, вельмі простая і зразумелая ўсім людзям зьява, зусім не патрабуе такога дасканалага вывучэньня і ўвагі. Але справа ў тым, што суб’ектывізм зьяўляецца асноўным паняткам, на якім фармуецца ня толькі тэорыя аўстрыйскай школы, але і эканамічныя, палітычныя, культурніцкія і іншыя праявы грамадзкага жыцьця любое сыстэмы. Менавіта з-за таго, што калісьці гэты фактар чалавечай самадасканаласьці ня быў разгледзены шматлікімі эканамістамі, зьяўляліся ілжэтэорыі, якімі потым і карысталіся людзі, што ажыцьцяўлялі эканамічную палітыку дзяржаваў. Каб не паўтараць такіх памылак, прапануецца перагледзець гэтую праблему непасрэдна на ўзроўні эканамічнай палітыкі Беларусі – пачынаць разглядаць той факт, што кожны грамадзянін Беларусі мае свае мэты ў жыцьці, якія трэба браць пад увагу, і з боку ўрада не замінаць ажыцьцяўленьню ягоных плянаў. Ад гэтага ўрад толькі выйграе і паменшыць свае праблемы. Адыход ад сацыялізму – справа нялёгкая, яле рана ці позна ўсё ж такі неабходная. “Сацыяльная інжынэрыя” і яе наступствы Крытыка сацыялізму “аўстрыйцамі” сканцэнтравалася на тым, што плянавік ніколі ня можа валодаць усёй інфармацыяй, неабходнай для эфэктыўнага плянаваньня. Інтэрвэнцыянізм ды “дзяржава дабрабыту” (welfare state) ўяўляюць сабой прыклады таго ж самага мэнталітэту “сацыяльных інжынэраў”. Інтэрвэнцыяністы ўсяго толькі жадаюць зьмяніць некаторыя рысы грамадзтва, а не перарабіць яго зьверху данізу. Аднак вынікі іхняе дзейнасьці ня менш трагічныя чым пры сацыялізме: яны наўпрост прымаюць крыху іншую форму і па-іншаму разьвіваюцца з цягам часу. Веды ды інфармацыя падзелены і распаўсюджаны паміж усімі чальцамі грамадзтва. Кожны мае толькі некаторыя веды пра ўсе эканамічныя і іншыя працэсы грамадзтва, але ніхто не валодае нават большай іх часткаю. Кожны ўдзельнік рынку фармуе свае мэты і пляны, засноўваючы дзейнасьць на інфармацыі, якой ён валодае, а таксама на сваёй здольнасьці выбіраць з магчымасьцяў, якія ён мае. У рынкавай эканоміцы індывідуўмы выкарыстоўваюць сыстэму цэнаў, каб перадаваць і атрымоўваць інфармацыю адносна куплі-продажу тавараў і паслуг ва ўмовах канкурэнцыі [2]. Калі ж ўрад вызначае, колькі трэба вырошчваць сьвіней, колькі мусіць хадзіць аўтобусаў па маршрутах ці па якіх коштах трэба прадаваць боты, то гэтыя рашэньні ня могуць прымацца на доўгі пэрыяд загадзя. Яны залежаць ад абставінаў кожнага моманту, пагэтаму, прымая такія рашэньні, увесь час прыйдзецца балянсаваць інтарэсы розных групаў людзей. Камусьці прыйдзецца вырашаць, чые інтарэсы важнейшыя, і гэтыя рашэньні мусяць будуць стаць законам гэтае дзяржавы. Суадносна, чым больш ўрад плянуе, тым больш складаным становіцца плянаваньне для чалавека. Надзяляючы ўрад неабмежаванай уладай, нават самы адвольны закон можа стаць лягальным [3, c. 13]. Крах сацыялізму па ўсім сьвеце і растучае расчараваньне вынікамі дзейнасьці інтэрвэнцыянісцкіх урадаў дае падставы думаць, што эра “сацыяльнай інжынэрыі” ідзе да канца. Аднак тып мысленьня сацыяльных інжынэраў праіснуе да тых часоў, пакуль эканамісты і палітыкі будуць лічыць чалавека ды рынак падобнымі да нежывых прадметаў, якія патрабуць забясьпечаньня іх “дыханьня” вышэйшым цэнтрам дзяржавы – ўрадам, які заўсёды ведае, што рабіць [2].
Такім чынам, беларускаму ўраду трэба мець на ўвазе, што абмежаваныя і недасканалыя веды пазбаўляюць любога з суб’ектаў грамадзтва магчымасьці плянаваць ці рэгуляваць дзейнасьць іншых суб’ектаў акрамя сваёй уласнай. Немагчыма рэгуляваць дзейнасьць народнай гападаркі, якая складаецца з тысячай асобных гаспадарак, дзеля дасягненьня вынікаў, больш значных за тыя, што можа даць рынак, які функцыянуе сам па сабе. Эканамічныя законы немагчыма пераадолець – раней ці пазьней (адразу ці праз 70 год) інтэрвэнцыянізм будзе пакараны рэчаіснасьцю і прывядзе да поўнага “плянавага” зьнішчэньня эканомікі – праблема ў тым, што за гэтае разбурэньне прыйдзецца плаціць не ўраду, які можа шукаць апраўданьне ў тым, што “рабіў усё як мага лепш”, а звычайным людзям, якія будуць несьці страты напрацягу ўсяе інтэрвэнцыі – з самага пачатку да самага яго сканчэньня. заканчэньне будзе Вячка |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар