|
|
|
Аўстрыйская школа эканомікі (ІІІ)02/19/2007 - 08:29 / Вячка заканчэньне “Аўстрыйцы” і матэматычны падыход у эканоміцы Кейнсіянская і манэтарысцкая макраэканамічныя мадэлі, якія спрабуюць усталяваць функцыянальную залежнасьць паміж агрэгатнымі паказчыкамі, ігнаруюць тым самым важнасьць суб’ектывізму на двух узроўнях: 1. агрэгатныя паказчыкі самі па сабе ня маюць сэнсу для працэсу суб’ектыўнага прыняцьця рашэньня індывідуўмаў. Справа ў тым, што на рашэньні чалавека набываць ці не набываць дадзены тавар ня ўплываюць індэксы спажывецкіх цэнаў, узроўню ВУП ці іншых паказчыкаў. А гэта значыць, што сувязі паміж рознымі агрэгатнымі паказчыкамі зьяўляюцца толькі статыстычнымі і ніяк не зьвязаныя са спэцыфічнай чалавечай дзейнасьцю [1]; 2. сам аналіз гаспадаркі сродкам агрэгатных паказчыкаў вядзе да ігнараваньня індывідуальнай дзейнасьці суб’ектаў. Усе паказчыкі эканамічнага стану краіны маюць толькі колькасны характар і ніякім чынам не адлюстроўваюць іх якасны бок. Другая праблема ў тым, што большасьць гэтых паказчыкаў вылічваецца па прынцыпе “вылічыць, каб толькі атрымаць лічбы”. Напрыклад, той жа падлік ВУП зьяўляецца настолькі неакрэсьленым і няпэўным працэсам складаньня адных і адлічэньня іншых лічбаў, што ставіцца пад вялікае сумненьне яго праўдзівасьць і дакладнасьць. Толькі той факт, што існуе некалькі мэтадаў падліку ВУП, сьведчыць пра “накручанасьць” гэтага паказчыку: вядома, што з трох варыянтаў будзе абрана максымальная лічба, якая і будзе ўжывацца афіцыйнай статыстыкай. Так, у выніку атрымліваем, што ВУП Беларусі большы за ВУП Летувы за той жа пэрыяд. Акрамя таго, у тэорыі вылічэньня ВУП існуюць моманты, дзякуючы якім можна вельмі лёгка накруціць гэты паказчык. Праблема складаецца ў тым, што аналягічныя сытуацыі ўзьнікаюць з большасьцю агрэгатных паказчыкаў, якія ўжываюцца для аналізаваньня стану эканомікі, па велічыні і дынаміцы якіх будуецца экамічная палітыка любое дзяржавы. Высновы: пакуль дакладна ня вывучаны сам панятак “нацыянальнай эканомікі”, нельга ўжываць тэорыі, заснаваныя на сьцьвярджэньні, што макраэканамічныя працэсы могуць быць лёгка пазнаныя навукай і адлюстраваныя матэматычнымі мадэлямі, а менавіта такімі зьяўляюцца большасьць вядомых эканамічных тэорыяў. Ужываючы матэматычнае мадэляваньне, эканамісты тым самым заплюшчваюць вочы на індывідуўмаў, зь дзейнасьці якіх і складаецца эканоміка, і робяць высновы пра прадказальнасьць дзейнасьці індывідуўмаў, што абсалютна немагчыма. Для Беларусі гэта азначае наступнае: трэба менш браць пад увагу сьцьвяржэньні ды высновы такіх эканамічных тэорыяў ці нават не зьвяртацца да іх ўвогуле. А з гэтага выцякае наступнае: ніхто ня можа прадказваць дзеяньні эканамічных суб’ектаў (у тым ліку ўрад), таму ўмешваньне ў эканамічныя працэсы і плянаваньне эканомікі ня мае сэнсу, а значыць, ад іх трэба адмовіцца. З гэтага выйграе ўсё беларускае грамадзтва.
Рынкавая сыстэма яўляе сабой складаную сувязь чалавечай дзейнасьці, аграмадную і разнабаковую сыстэму грамадзкага падзелу працы. Людзі вырашаюць свае ўласныя задачы і прадаюць тое, што яны стварылі, у абмен на прапанаваныя іншымі людзьмі тавары ды паслугі. Рынак – гэта сфэра, дзе пляны ды жаданьні кожнага ідывідуўма залежаць ад дзеяньняў і аналягічных жаданьняў іншых удзельнікаў калектыўнага абмену. Рынкавая эканоміка заснаваная на ідэі дабраахвотнага абмена, і такім чынам, уласная зацікаўленасьць чалавека падштурхоўвае іншых людзей да дзеяньняў, калі тыя таксама хочуць атрымаць на рынку тое, што іх цікавіць [2]. У цэнтры рынку, па поглядах прадстаўнікоў аўстрыйскай школы, знаходзіцца прадпрымальнік, сярод перавагаў якога трэба адзначыць ягоную магчымасьць прадбачыць падзеі, рабіць адкрыцьці, пошук новых магчымасьцяў і складаньне іх плянаў ажыцьцяўленьня. Толькі чалавечы розум (толькі асобны розум, бо калектыўнага не існуе) здольны высьвятліць несуадносіны паміж попытам і прапановай і накіраваць сваю дзейнасьць у неабходны бок з намерам атрыманьня прыбытку; плянуе; мабілізуе рэсурсы і выкарыстоўвае спосабы іх выкарыстаньня ў новых напрамках, што і прыводзіць да зьмены эканамічнай сытуацыі. Таму, хто лепш здолее прадбачыць падзеі, будзе спадарожнічаць посьпех, няўдачнікі ж панясуць страты. Калі б усе суб’екты валодалі ўсімі неабходнымі ведамі і інфармацыяй, то актыўная барацьба прадпрымальнікаў на рынку была б наўпрост непатрэбнай, і такім чынам панятак канкурэнцыі наўпрост не ўжываўся б. Але з-за немагчымасьці рэалізацыі такіх умоваў кожны суб’ект валодае толькі часткай інфармацыі, і канкурэнцыя застаецца адзіным сродкам, які спрыяе эфэктыўнаму функцыянаваньню эканомікі. У тэорыі рынкавага працэсу неабходнай і дастатковай умовай для канкурэнцыі зьяўляецца вольны ўваход на рынак, адзінае патрабаваньне якога – адсутнасьць урадавай манаполіі на фактары, неабходныя для вытворчасьці [3, c. 3]. Высновы: любую спробу зьнішчэньня ці “спрашчэньня” канкурэнцыі па розных прычынах можна лічыць сацыялістычным крокам. Эканоміка дапушчае толькі эфэктыўнае функцыянаваньне, жаданьне ж стварэньня “справядлівай” эканомікі праз разбурэньне рынкавага механізму самарэгуляваньня робіць эканоміку неэфэктыўнай, што вельмі актуальна для сучаснае Беларусі. Адмова ад сёньняшніх сацыялістычных тэндэнцыяў пабудовы гаспадаркі Беларусі можа адбыцца няхутка, але раней ці пазьней гэта мусіць адбыцца па эканамічных законах. Галоўнае ў тым, што трэба будзе гэта рабіць самым радыкальным спосабам і даводзіць да самага канца ўсе пачатыя пераўтварэньні. Прычым абсалютна не патрэбна будзе ствараць эканоміку па вобразе тых жа ЗША ці якой эўрапейскай краіны – у якіх таксама шмат сацыялізму – трэба будзе ствараць сваеасаблівую мадэль эканомікі – мадэль з максымальна задзейнічаным сродкам яе існаваньня – канкурэнцыяй. Шмат якія з фундамэнтальных інстытутаў, сьцьвярджаюць “аўстрыйцы”, уяўляюць сабой наступствы асобных дзеяньняў. Прыклады гэтага: нормы і права, звычаі і этыкет. Узьнікненьне грошай стала яскравым пасьведчаньнем назаплянаванага выніку ўзаемаадносінаў людзей на рынку: пры пастаянным абмене людзей паміж сабою дзякуючы выкарыстаньню пэўнага тавару ў якасьці сродка абмену гэты тавар стаў “інстытулізаваны”, і з пэўнага часу ён пачаў лічыцца “натуральным” таварам, які заўсёды і ўсюды з ахвотаю прымалі да абмену – у рэшце рэшт гэты тавар становіцца грашовым таварам [5]. Як падкрэсьліваў Ф. фон Гаек, шмат якіх падобных працэдураў засвойваліся моўчкі, яны зьявіліся і рэалізаваліся ў розных сфэрах сацыяльных адносінаў. Мова і манэры паводзінаў зьяўляюцца найбольш агульнымі і яскравымі прыкладамі. Іншы прыклад – падпарадкоўваньне індывідуўмаў уладзе рынкавых сыгналаў [6]. Аднак інстытуты, па тэорыі “аўстрыйцаў”, зьяўляюцца не распрацоўкай і рэалізацыяй чыіх-небудзь плянаў, а толькі вынікам дзейнасьці людзей [7]. Дзейнічаючы, індывідуўмы могуць аб’яднацца ў аграмадную сыстэму грамадзкага падзелу працы дзеля дасягненьняў сваіх прыватных мэтаў шляхам куды больш эфэктыўным, чым калі б яны мелі ўласную натуральную гаспадарку ці складалі невялікую па колькасьці групу родных па крыві людзей. “Аўстрыйцы” сьцьвярджаюць, што многія жыцьцёва неабходныя інстытуты зьявіліся раптам па ходзе рынкавых адносінаў. Часта здараецца, што пры ўзьнікненьні новых інстытутаў нельга адразу ацаніць іх важнасьць, а гэта высьвятляецца толькі праз даволі значны пэрыяд часу. Больш за тое, толькі зьяўленьне такіх “стыхійных” інстытутаў спрыяе захаваньню грамадзтва, бо такія інстытуты здольныя інтэграваць аб’ём ведаў значна большы за той, на што мог бы спадзявацца “сацыяльны інжынэр”. Высновы: галоўная ідэя тэорыі сацыяльных інстытутаў “аўстрыйцаў” у тым, што тыя не зьяўляюцца вынікам мэтаванай дзейнасьці людзей, а ўзьнікаюць самавольна па меры існаваньня і эвалюцыі грамадзтва, што можа не падабацца большасьці эканамістаў. Гэта значыць, што ніводны чалавек ня можа валодаць сіламі, дзякуючы якім ён мог бы праз стварэньне нейкіх інстытутаў перарабляць ці зьмяняць прыроду людзей і “перавыхоўваць” грамадзтва. Для Беларусі гэта азначае, што пакуль аўдыторыя людзей, якая знаходзіцца на кіруючых пасадах, не адмовіцца самавольна вызначаць, якія меры трэба прымаць дзеля стварэньня “справядлівага” грамадзтва і што рабіць дзеля зьнішчэньня “чалавечага эгаізму” і няроўнасьці заробкаў, гэтая аўдыторыя тым самым будзе накіроўваць сваю дзейнасьць супраць чалавечай прыроды і ўсімі намаганьнямі стрымліваць працэс разьвіцьця, закладзены самой прыродай. Трэба ўсяго толькі расьціснуць прымусовы кулак, і разьвіцьцё пойдзе найлепшым шляхам самастойна.
Спэцыфічнасьць постсацыялістычных гаспадарак У краінах з больш-менш дасканаламі сацыяльнымі інстытутамі знаходжаньне памылкі нераўнавагі рынку значна аблегчана, бо эканамічныя суб’екты маюць даволі высокую ступеню даверу да такіх зьяваў рынку, як цана, прыбытак і інш. Шырокае распаўсюджваньне інфармацыйных тэхналёгіяў, атрыманьне магчымасьці набываць самую розную інфармацыю і зьвяраць яе, выкарыстоўваючы розныя крыніцы, робяць працэс выпраўленьня памылкі хуткім і больш эфэктыўным. Зусім іншая сытуацыя ствараецца ў постсацыялістычнай эканоміцы, якая ня мае інстытутаў, якія спрыялі б карэктоўцы памылак. У сувязі з адсутнасьцю інстытутаў свабоднай цаны, структуры вытворчасьці і стаўкі адсотку, пры значных скажэньнях фінансавага рынку (інфляцыя, падатковыя і інвэстыцыйныя прывілеі, субсыдыі і г. д.) эканамічныя суб’екты могуць лёгка ўспрымаць за памылку тое, што насамрэч зьяўляецца правільным рашэньнем і наадварот. Практычна ніводны пераходны ўрад ня ўзяў пад увагу палажэньні аўстрыйскае школы, не стымуляваў выкарыстаньне суб’ектывісцкай мэтадалёгіі. Трансфармацыйную эканоміку спрабавалі “ўпхнуць” у нэаклясычную тэорыю, якая мае кейнсіянскі падмурак. Характар дыскусіяў эканамічных элітаў скіраваны ў памылковым напрамку і сьведчыць пра глыбокае неразуменьне праблемы інфармацыі, ролі прадпрымальніка, прыбытку ды іншых інстытутаў рынкавай эканомікі. Пры такім неразуменьні сыстэмы каштоўнасьцяў і перавагаў індывідумаў выкарыстаньне агрэгатных паказчыкаў ды татэматычных мадэляў для вызначэньня траекторыі будучага разьвіцьця падаецца яшчэ больш абсурдным. Тэарэтычная эканамічная навука ператвараецца тады ў зачыненую самавытворчую сыстэму, якая адарвана ад рэальнага жыцьця і дзейснага чалавека, якія ўспрымаюцца як шашкі ці шахматы. Спробы вырашэньня эканамічных задачаў, пастаўленых урадам, паказваюць матэматычную ды кібэрнэтычную падкаванасьць удзельнікаў спрэчкі, але ніякім чынам не эканамічную адукацыю, якая магла б зыходзячы з тэорыі кошту, рынкавага працэсу ў эканоміцы дапамагчы ў вырашэньні праблемаў 100-адсоткавай дзяржаўнай уласнасьці і абмежаваных да краю паўнамоцтваў эканамічных суб’ектаў ды магла б растлумачыць працэс фармаваньня коштаў на тавары і паслугі. Менавіта з гэтых прычынаў выходзілі памылковыя рашэньні па спосабе правядзеньня рэформаў, прыватызацыі, рэструктурызацыі ў эканоміцы, і накірунку сапраўдных рэформаў, якія замест выпрацоўкі карысных рашэньняў зацягвалі і адкладалі рэформы на вялікі прамежак часу [1]. Высновы: пасьля распаду СССР беларуская гаспадарка стала на шлях трансфармацыі. Задача правядзеньня неадкладных рэформаў аўтаматычна паставіла пэўныя праблемы перад людзьмі, што і распачалі гэты працэс – усё разьдзяржаўленьне, рэструктурызацыя і інш. – гэтыя ж праблемы захаваліся да нашага часу і дасталіся сёньняшняму ўраду. Каб ведаць, як вырашаць гэтыя праблемы, трэба добра ведаць іх прыроду і дакладна разумець, што яны сабой уяўляюць. Гэта, аднак, патрабуе ад чальцоў вышэйшай адміністрацыі адпаведнай эканамічнай адукацыі і яе ўзроўня. Не сакрэт, што большасьць сёньняшніх беларускіх кіраўнкоў ня маюць гэтай адукацыі, пагэтаму іх здольнасьць да вырашэньня дадзеных праблемаў падпадае пад сумненьне. Брак ведаў зьяўляецца самай значнай перашкодай для рэформаў, астатнія ж – выцякаюць з гэтай. Але тут узьнікае яшчэ адна праблема – каб прызнаць памылковасьць выбранага шляху правядзеньня рэформаў, кіраўніцтву трэба прызнаць сваю неадукаванасьць, а зрабіць гэта вельмі няпроста. Бракуе адкацыі і сёньняшнім ВНУ і школам, дзе навучаюць будучых эканамістаў і іншых кіраўнікоў. Першая прычына гэтаму – так званы “постсацыялістычны сындром”, калі вучні ды студэнты зь несур’ёзнасьцю ставяцца да працэсу навучаньня, спадзяючыся, што ўсё неабходнае ў будучым ім забясьпечаць іншыя людзі, а не яны самі – самаадукацыя для іх застаецца незразумелым і непатрэбным паняткам. Другая прычына – гэта ўзровень ведаў, які прапануюць навучальныя установы. Дзяржаўныя ВНУ былі і зьяўляюцца галоўнай крыніцай замбіяваньня людзей і іхняга розуму. На працягу ўжо 80 год яны выхоўвалі “патрэбных” сыстэме людзей пасродкам прапанаваньня студэнтам надакладнай і няпоўнай інфармацыі, што стварала іх памылковы сьветапогляд і давала магчымасьць ураду кіраваць іх сьвядомасьцю. Любая праява ініцыятывы студэнтаў у дзяржаўных ВНУ вельмі насьцярожвае адміністрацыю, бо такая дзейнасьць здольная парушаць яе спакой і выклікаць дысбалянс ва ўсёй сыстэме. Як вынік, сыстэма адукацыі Беларусі патрабуе неадкладных пераўтварэньняў, што ня можа адбыцца без папярэдняга правядзеньня эканамічных рэформаў, а гэта, у сваю чаргу, патрабуе скасаваньне браку адукацыі кіраўніцтва краіны, што можа адбыцца толькі пры ягонай зьмене. Заключэньне Адным з галоўных адрозьненьняў тэорыяў прадстаўнікоў аўстрыйскай школы эканомікі ад іншых канцэпцыяў зьяўляецца тое, што аўстрыйская школа не разглядала эканамічныя працэсы на макраэканамічным узроўні. Гэты факт даў ёй магчымасьць пазьбегнуць тых памылак, якія былі дапушчаны ў працах і тэорыях іншых эканамічных плыняў. Адмаўляючы каштоўнасьць агрэгатных паказчыкаў, “аўстрыйцы” паставілі пад сумненьне правільнасьць аналізу макрапрацэсаў у эканоміцы і аб’ектыўнасьць макраэканомікі як часткі эканамчнай тэорыі ўвогуле. “Аўстрыйцы” спрабавалі данесьці да людзей, што эканоміка – гэта зусім ня тое, што навязалі ім “псэўдаэканамісты”. Калі запытаць любога простага чалавека, што такое эканоміка, то ў 99% адказаў пачуем нешта невыразнае, складана заблытанае, і здарыцца гэта толькі з-за тае прычыны, што некаторыя вядомыя эканамісты стварылі адпаведны міт пра эканоміку. Сутнасьць гэтага міту ў тым, што эканоміка ўяўляе сабой незразумелую сувязь матэматычных формулаў даўжынёй у паўстаронкі, складаных эканамічных мадэляў і аграмаднай колькасьці незразумелых паказчыкаў; што эканоміка патрабуе абавязковага яе матэматычнага вымярэньня. У прыватнасьці, Дж. М. Кейнс сьцьвярджаў, што “эканоміка – гэта ½ матэматыкі і ½ псыхалёгіі”, чым і прыцягнуў крытыку аўстрыйскае школы. Для “аўстрыйцаў” сам працэс эканомікі пачынаецца зь дзеяньняў кожнага індывіда ў прыватнасьці, сукупнасьць якіх ствараюць эканамічныя працэсы, што і вывучае эканамічная навука. Усё гэта спрашчае разуменьне чалавекам панятку “эканоміка” і дае яму падставы лічыць сябе ня часткай “грамадзтва”, ад дзейнасьці якой нічога не залежыць, а самай значнай крэатыўнай асобай, якая вызначае напрамкі разьвіцьця эканомікі і ад дабрабыту якой залежыць агульны стан эканомікі, а не наадварот. Дзеля таго, каб чалавек пачаў сваю дзейнасьць, яму неабходна адчуваньне сваёй годнасьці і эканамічнай адасобленасьці, сваёй значнасьці і непаўторнасьці, што яму ня могуць забясьпечыць тэорыі вышэйапісаных “эканамістаў”. “Псэўдаэканамісты” ж вырашаюць праблему заахвочваньня людзей да крэатыўнай дзейнасьці зусім іншымі спосабамі, галоўны і найбольш эфэктыўны з якіх – падмена паняткаў і стварэньне новых словаў, якія б і далі гэты штуршок да дзеяньня. Справа ў тым, што такія паняткі, як “грамадзтва”, “народ”, “дзяржава”, “нацыя” і ўсе вытворныя ад іх можна вельмі ўдала выкарыстоўваць у сваіх мэтах, і перш за ўсё гэта датычыць дзейнасьці ўрада. Так, простай заменай паняткаў “грамадзтва” і “нацыя” атрымоўваюцца вельмі прыгожыя сказы і словазлучэньні кшталту “наш народ хоча...”, “нацыянальнае багацьце” і інш., за якія выдаюць свае жаданьні і мэты асобныя прадстаўнікі ўладаў. Ніхто ня ведае, што такое грамадзтва і колькі гэта, але гэта не парашкаджае ўжываць гэты панятак ва ўсіх зручных выпадках. Тое самае адбываецца з падменай “урад”-“дзяржава” і шматлікімі іншымі словамі. Калі ты адзін, то ты не грамадзтва, а значыцца, мусіш падпарадкоўвацца яму, і г. д. Пазьбяганьне ўжываньня такіх паняткаў ці іх падмены дапаможа пазьбегнуць памылак у самых падставовых рэчах, з якіх і пачынаецца агульнае неразуменьне самых істотных зьяваў і разуменьне больш складаных паняткаў. Яшчэ адна цікавая зьява – не існуе ніводнага падручніка па макраэканоміцы, дзе б аўтар тым ці іншым чынам не прыходзіў да высновы, што эканоміка любой краіны настолькі складаная, што для яе эфэктыўнага функцыянаваньня неабходна ўмешваньне ўрада. Адмова “аўстрыйцамі” макраэканамічнага аналізу прыводзіць да высновы, што любы інтэрвэнцыянізм урада ў эканамічнае жыцьцё краіны ня толькі не патрэбны, але і выклікае агульную дысгармонію ў самой эканоміцы. З гэтае прычыны ўвесь той апарат, які “кіруе” асобнымі эканамічнымі працэсамі, наўпрост не патрэбны. Калі ўявіць, што за гэтымі працэсамі ў Беларусі ўважліва назірае 56 міністэрстваў, уявіць колькасьць грошай, якая выдаткоўваецца на іх падтрымку і ацаніць вынікі, якія з гэтага мае эканоміка і яе “акторы”, то становіцца празрыстай поўная няжыцьцяздольнасьць Беларускай эканомікі і нядужасьць яе кіраўніцтва. Такім чынам, прадстаўнікі аўстрыйскай школы сьцьвярджаюць, што ўсе спробы абыйсьціся аднымі абстрактнымі паняткамі, агрэгатнымі паказчыкамі, матэматычнымі мадэлямі, а таксама апісаньня паводзінаў выключна “ідэальнай” сыстэмы гаспадараньня і суб’екта эканомікі дзеля выпрацоўкі эканамічнай палітыкі дзяржавы і тлумачэньня эканамічных зьяваў рэальнага сьвету напрост ня мюць сэнсу. Патрэбныя новыя дакладныя інструманты аналізаваньня эканамічных працэсаў, што і прапануе аўстрыйская школа, якая дае эканамісту ўнікальную мэтадалёгію аналіза чалавечай дзейнасьці, тэорыю кошту, рынкавага працэсу, ведаў і інфармацыі. Гэты скарб аўстрыйскае тэорыі можна выкарыстоўваць для дасьледваньня ня толькі рынкавай эканомікі, але таксама і трансфармацыйнай. Ужываньне мэтадаў і тэорыі аўстрыйскай школы ва ўмовах транзытыўнай эканомікі, да ліку якіх адносіцца і беларуская гаспадарка, дазволіць значна скараціць працэс трансфармацыі і прыстасаваць яе да рэаліяў эканамічнага сьвету. Галоўная асаблівасьць тэорыяў “аўстрыйцаў” у тым, што яны будуюцца вакол чалавека і ягонай дзейнасьці, спрабуючы зразумець і аналізаваць іх, а не “ўпхнуць” чалавека ў межы сваёй тэорыі, каб манімупяваць ім. Трагічныя вынікі ўжываньня тэорыяў у эканамічнай палітыцы шматлікіх эканамічных школаў напрацягу гісторыі, неабгрунтаванасьць марксызму, кейнсіянства і сацыялізму прыводзяць да высновы, што аўстрыйская школа зьяўляецца адзінай, якая здольна ісьці скрозь час, не трацячы сваёй значнасьці і актуальнасьці, здольна вызваліць чалавека з-пад урадавага інтэрвэнцыянізму і надзяліць яго тытулам “усемагагутны”. Сьпіс выкарыстанай літаратуры 1. Я. Романчук «Основы австрийской школы экономики» (http://www.liberty-belarus.org/economictheory/school/ 20020504093705.shtml) |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар