|
|
|
Хто больш губляе?02/22/2007 - 01:12 / Казімер Млыноўскі Рытарычнае пытаньне: “Хто больш губляе?..” Я пра моладзь і дзяржаву. Дык хто больш губляе, моладзь, якая пры першай жа мажлівасьці знайсьці сабе выкарыстаньне зьязджае за мяжу, ці дзяржава, якая ў асобе зьнікаючай моладзі губляе свой інтэлектуальны патэнцыял. Гэта вельмі актуальная на сёньняшні дзень праблема. Паколькі я не такі стары, таму паспрабую выказацца на гэты конт максымальна аб’ектыўна. У мяне ёсьць сям’я, я пакуль што навучаюся ў ВНУ (на дзённым адзьдзяленьні), паралельна падпрацоўваю (бо енчыць грошы ў бацькоў ня надта хочацца). Будую пляны на той час, калі прыйдзецца крочыць у дарослае жыцьцё, зь яго праблемамі, турботамі, нечаканкамі й г.д. Я заўсёды лічыў, што атрымаўшы адукацыю, здолею без турботаў знайсьці працу па спэцыяльнасьці, ці ўдала разьмеркавацца (ВНУ дзяржаўная). Акрамя таго дадаваў упэўненасьці дыплём з адзнакаю. Але папрацаваўшы па разьмеркаваньні колькі месяцаў я зразумеў, альбо я шукаю новую працу ў Беларусі, альбо зьязджаю. І чыньнікаў, паўплываўшых, на прыняцьце другога варыянту было шмат: нізкі заробак (сто даляраў у месяц, на двары быў 2004 год), “саўковая” атмасфэра на працы, адсутнасьць пэрспэктываў, адсутнасьць самарэалізацыі, праблемы ў сям’і (нават не праблемы, а непаразуменьне нейкае). Я прымаю рашэньне – і зьязджаю. Дзякуючы падтрымцы сяброў пэрыяд адаптацыі прайшоў даволі пасьпяхова. Праца задавальняе, хоць і не па спэцыяльнасьці. Трэба хутка арыентавацца, хутка прымаць рашэньні. Атмасфэра зусім іншая. На Беларусі неяк усё больш разважліва, нясьпешна, грунтоўна, а тутака ўсё неяк інакш. Яшчэ раз хочацца выказаць падзяку тым людзям, якія па сёньняшні дзень са мною, і якія не дадуць мне згубіцца на чужыне. Я ў прынцыпе быў зьдзіўлены тым, што яшчэ засталіся на Зямлі такія людзі, якія могуць падтрымаць і словам, і справаю. Якія не пакінуць у бядзе, якія не забудуцца на тваё існаваньне. Якія заўсёды радыя цябе бачыць, заўжды гатовыя выслухаць. Паспрабую агучыць тое новае, што я атрымаў у чужой краіне, у параўнаньні зь Беларусяй: Менавіта тутака прыходзіць разуменьне адказнасьці за свае крокі, учынкі, дзеяньні. Далей хочу распавесьці пра людзей, зь якімі мяне зьвёў лёс на чужыне. У большасьці сваёй, гэта беларуская моладзь, студэнцтва. Простае вабленьне часу, ці то сьвяткаваньне “Купальля”, “Калядаў” і іншых сьвятаў, ці то гамонка “за жыцьцё” за куфлем піва, ці то ажыцьцяўленьне нейкіх супольных праектаў – усё цікава зь імі. І чамусьці ўвесь час узьнікаюць асацыяцыі зь XIX стагодзьдзем, з таварыствамі філяматаў і філярэтаў, са студэнцкім асяродзьдзем часоў Віктара й Кастуся Каліноўскіх. Уся гэтая моладзь выхаваная, адукаваная, пэрспэктыўная… Мажліва бясконца доўжыць сьпіс іх якасьцяў. Такіх людзей зараз бракуе на Беларусі, і як шмат губляе ад гэтага краіна. Моладзь натуральна бяжыць. Бяжыць ад абыякавасьці, здрады, адсутнасьці пэрспэктываў, немагчымасьці самарэалізацыі, адсутнасьці выбару. Яны бягуць ад застою й кансэрвацыі, якія апанавалі ўсе галіны жыцьця ў Беларусі. Яны прагнуць разьвіцьця. А іх Радзіма, нажаль, ня можа даць ім разьвіцьцё. Яны не жадаюць жыць у вызначаных рамках, якія начыста душаць ушалякую індывідуальнасьць і свабоду асобы. Іх увесь час уціскаюць у нейкія межы, якія ўсталёўваюцца ў кабінэтах зь дзяржаўным гербам у выглядзе хамута й зь дзяржаўным сьцягам, які ўтрымлівае ў сабе пахавальны арнамэнт. За шэрымі сталамі, сядзяць шэрыя людзі з шэрымі тварамі, пад імі рыпяць шэрыя фатэлі й прыдумляюць яны шэрыя законы якія ня маюць ніякае моцы. Улада спрабуе ўсімі магчымымі сродкамі спыніць адток моладзі за мяжу. Але гэтыя дзеяньні не закранаюць глыбінных фактараў. Замест зьменаў у розных галінах жыцьця, якія б прывялі да паляпшэньня ўмоваў працы, да падвышэньня заробкаў, да адчуваньня ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні, улада прыкладае свае намаганьні ў зусім супрацьлеглым кірунку. Узмацнаецца: працэс прымусовага разьмеркаваньня пасьля ВНУ, працэс абавязковай адпрацоўкі , іншыя антычалавечыя захады. А праблемы як былі, так і застаюцца, так і паглыбляюцца. Вядома, што ў такім становішчы няшмат жадаючых сядзець у лайне, і моладзь зьязджае. Я ўпэўнены, што кожны малады беларус які вучыцца ці робіць зараз за мяжой, мае патэнцыял. Гэты патэнцыял дазволіць яму ў бліжэйшай будучыні заняць менавіта тое месца ў жыцьці, якое ён жадае заняць, а ня тое, якое яму вызначылі ; ён будзе займацца менавіта той справай, да якой у яго ляжыць сэрца, а ня той, якую яму гвалтам прышчапілі; ён будзе размаўляць на той мове, якую ён любіць, а не на той, на якой яму раяць размаўляць; ён будзе абіраць тую ўладу, зя якую яму ня будзе сорамна, а ня тую, што абірае сама сябе. Казімер Млыноўскі |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар