|
|
|
Ачышчэньне агнём02/27/2007 - 01:49 / Баўтрамей Горбач Уявім сабе, якой магла б быць паваенная Нямеччына, калі б ва ўладзе засталіся ўчорашнія нацысты. Людзі, што некалькі гадоў перад гэтым ладзілі ці абслугоўвалі Галякост, ажыцьцяўлялі і арганізоўвалі і рэпрэсіі супраць іншадумцаў. Калі адкінуць вонкавыя фактары, праглядаецца падазорна знаёмы сцэнар. Спачатку яні ініцыявалі б дыскурс пра тое, што "ня ўсё было дрэнна", пра "вялікую дзяржаву" і "парадак". Наступным крокам яны арганіўаваліся б у сілу і, выкарыстоўваючы свой магутны ўплыў на дзяржаўную машыну, узялі б уладу ў свае рукі, ствараючы рэінкарнацыю пераможанага, здавалася б, таталітарнага рэжыму ў нейкай, хай сабе і параўнальна бяскрыўднай, звыродлівай карумпаванай форме. Былыя віньцікі таталітарнай сыстэмы на дзяржаўных пасадах у абноўленай дэмакратыі - гэта камень на яе шыі, які можа як мінімум ўскладніць яе плаваньне, а як максымум уцягнуць яе на дно, як гэта прадэманстравала сваім прыкладам постсавецкая Расея. І таму ня можа быць іншага выйсьця, акрамя турэмнага пакараньня ключавых фігураў і законадаўчай забароны для былых функцыянэраў займаць дзяржаўныя пасады. Тым болей, калі пра некаторых зь іх гавораць, што "былых не бывае". Гісторыя яскрава дэманструе неабходнасьць вычышчэньня дзяржаўнага апарату ад людзей, зьвязаных з дыктатарскім рэжымам мінулага, дзеля пасьпяховага дэмакратычнага разьвіцьця краіны. Натуральна, немагчыма адразу зьдзейсьніць суцэльнае абнаўленьне апарату з-за элемэнтарнага недахопу людзей на замену. Дый гэта часьцяком ня мае сэнсу з-за характару некаторых відаў службы, бо наўрад ці міністэрства транспарту ці аховы здароўя ў значнай меры задзейнічаліся ў злачынствах. Тым ня меней, як мінімум павінны быць нэўтралізаваныя найбольш агрэсіўныя элемэнты: сілавыя службы, якія непасярэдна займаліся рэпрэсіямі, ідэалягічныя работнікі (дзяржаўныя СМІ, адукацыя) і найвышэйшае кіраўнітва - тыя, хто прымаў рашэньні. Экскурс у гісторыю. Люстрацыя і законамернасьці У рэлігіі старажытнага Рыму люстрацыяй (лац. lustrum, ад lustratio – асьвятляць, ачышчаць) называўся абрад ачышчэньня праз прынясеньне ахвяраў пасьля збору падаткаў і перапісу насельніцтва. У наш час пад ёй разумеецца забарона на заняцьце пасадаў у дзяржаўным апараце для людзей, якія скампрамэтавалі сябе супрацоўніцтвам з дыктатарскім рэжымам мінулага.
Падобныя меры па “дэнацыфікацыі” былі праведзеныя ў абедзьвюх частках пасьляваеннае Нямеччыны, як у Заходняй, так і ў акупаванай саветамі. Дагэтуль у Нямеччыне функцыянуе забарона дзеяньня нацыянал-сацыялістычнай партыі і на публічнай дэманстрацыі нацысцкай сымболікі. У Японіі пасьля вайны былым актыўным функцыянэрам было забаронена займаць кіраўнічыя пасады нават у прыватным сэктары. Пасьля ўзьяднаньня Нямеччыны ў 1990 г. была праведзеная дэкамунізацыя ў былой Нямецкай Дэмакратычнай Рэпубліцы. Была ўтвораная камісія па працы з архівамі ўсходненямецкай тайнай паліцыі Stasi, дзяржаўныя службоўцы і судзьдзі былой НДР прайшлі працэдуру фільтрацыі ад элемэнтаў, што сурацоўнічалі з камуністычнымі спэцслужбамі. Паводле закону пра дакумэнтацыю Stasi, грамадзяне былой Усходняй Нямеччыны атрымалі доступ да свайго дасье. У 1991 годзе парлямэнт Чэхаславаччыны прыняў “Акт аб незаконнасьці камуністычнага рэжыму”, паводле якога Камуністычная партыя Чэхаславаччаны абвяшчалася злачыннай арганізацыяй, гэтаксама як і іншыя арганізацыі, заснаваныя на ейнай антыдэмакратычнай і антыгуманнай ідэалёгіі. Кадравыя супрацоўнікі і інфарматары спэцслужбаў, кіраўніцтва тайнай паліцыі на 5 гадоў, чыю віну магла даказаць адмыслова створаная камісія, пазбаўляліся права займаць адказныя пасады ў дзяржаўных органах. Па камуністычных злачынствах не прызнаваўся тэрмін даўніны. У Вугоршчыне ў 1992 годзе быў прыняты аналягічны чэскаму дэкамунізацыйны закон Зэтэні-Такача. Праца на спэцслужбы камуністычнага рэжыму расцэньвалася, як “здрада Радзіме”, пакараньні прадугледжваліся ажно да пажыцьцёвага зьняволеньня. Было вырашана публікаваць дасье на агентаў у выпадку, калі такі існуе інтарэс грамадзтва ў гэтым, то бок у выпадку, калі чалавек спрабуе заняць публічную пасаду. Пасьпяховым быў люстрацыйны працэс у краінах Балтыі, мэтазгоднасьць якога нават ня выклікала значных дыскусій у грамадзтве. Пытаньне аб люстрацыі было пастаўленае ў 1990 годзе ў звароце Кангрэсу незаконна рэпрэсаваных Эстоніі, Латвіі і Летувы да Вярхоўных саветаў гэтых тады яшчэ савецкіх рэспублік. У Эстоніі быў прыняты закон пра па-засудовыя рэпрэсіі у 1940-1950-я гады, паводле якога пракуратуры ЭССР даручалася прыцягнуць да адказнасьці павінных у масавых забойствах і іншых савецкіх злачынствах. Латвійскае законадаўства з 1995 г. забараняе абраньне ня дзяржаўныя пасады асобаў, што дзейнічалі ў камуністычнай партыі і яе сатэлітных арганізацыях пасьля 13 студзеня 1991 г., а таксама супрацоўнікаў і агентаў КДБ. Аналягічны закон прыняты ў Летуве, дзе кандыдаты правяраюцца на сьвядомае супрацоўніцтва з спэцыяльнымі службамі СССР. Меней удалым прыкладам сталася люстрацыя ў Польшчы. Вядома, любая ініцыятыва праз бязграматнае выкананьне можа быць даведзеная да абсурду, і практыка нашых заходніх суседзяў падаравала багата аргумэнтаў старанна імітуючым “мудрасьць і міласэрнасьць” беларускім прыхільнікам падвядзеньня “тоўстай рысы” пад злачынствамі сучаснасьці і зусім нядаўняга мінулага. На польскіх парлямэнцкіх выбарах 1991 г. кандыдаты ў дэпутаты былі абавязаныя задэкляраваць сваё супрацоўніцтва з камуністычнымі спэцыяльнымі службамі, калі такое мела месца. Дэмакратычная ўлада, аднак, гарантавала недатыкальнасьць былым функцыянэрам камуністычнай партыі ПНР, ад гэтага пачалася доўгая ўнутрыпалітычная вайна ўзаемных абвінавачваньняў у працы на тайную паліцыю. Закон пра люстрацыю, які прадугледжваў праверку праўдзівасьці дэклярацыяў дзяжаўных службоўцаў аб несупрацы з Службай бясьпекі ПНР, быў прыняты толькі ў 1997 годзе. У наступным люстрацыя і ўзаемныя абвінавачваньні ў працы на камуністычны рэжым сталіся актыўнай зброяй палітычнай барацьбы, ахвярамі якой сталіся нават некаторыя мінулыя лідары змаганьня супраць камуністычнага рэжыму. Гэтая вайна працягваецца па сёньняшні дзень і была яшчэ больш распаленая пасьля прыходу да ўлады кансэрватараў Качыньскіх і партыі “Права і Справядлівасьць”. Апошнім эпізодам стаўся нядаўні скандальны зыход у адстаўку толькі што прызначанага варшаўскага архібіскупа Станіслава Вельґуса. Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што і ў іншых краінах былі аналягічныя небясьпекі. Вядомае абвінавачваньне Вацлава Гавэла толькі з-за таго, што ў пратаколе допыту значылася, што дысыдэнт паводзіў сябе на допыце ветліва і стрымана. Расейская прапаганда спрабавала зьмяшаць у адно люстрацыю ў краінах Балтыі з праблемамі натуралізацыі расейскамоўных. Але ж гэтым краінам атрымалася пазьбегнуць разьвіцьця падзеяў па польскай схеме і пасьпяхова зачыніць пытаньне кадравай дэкамунізацыі. У Славаччыне люстрацыя пацярпела паразу, не ў апошнюю чаргу з-за таго, што першыя некалькі гадоў пасьля набыцьця незалежнасьці ў краіне панаваў аўтарытарны рэжым Мэчыяра. Многія судзьдзі з сумніўным мінулым дагэтуль займаюць свае пасады, а нешматлікія люстрацыйныя крымінальныя справы скончыліся практычна безвынікова. Дэмакратычны парлямэнт Баўгарыі ў 1992 г. здолеў толькі ўнесьці адмысловыя дэкамунізацыйныя артыкулы ў шэраг законаў (напрыклад, у Закон пра банкі і крэдытную дзейнасьць) і прыняць Закон пра дэкамунізацыю навукі і адукацыі, паводле якога забаранялася былым камуністычным функцыянэрам і ідэолягам займаць кіруючыя пасады ў навуковых і адукацыйных установах. Канстытуцыйныя суды Баўгарыі і Славаччыны абвесьцілі дэкамунізацыйныя папраўкі і законы ня маючымі сілу. У Баўгарыі таксама быў прыняты закон, які забараняе публікацыю дасье тайнай паліцыі. Гэтаксама люстрацыя не была праведзеная ў Румыніі і Ўкраіне, дзе камуністычная намэнклятура зьмяніла рыторыку і сьцяжкі на лацканах, і грунтоўнага абнаўленьня дзяржаўных кадраў не адбылося. Варта адзначыць, што посткамуністычная люстрацыя была праведзеная ўва ўсіх краінах Усходняй Эўропы, якія сёньня апынуліся ў авангардзе на шляху дэмакратычнага і рынкавага прагрэсу ў нашым рэгіёне. Наадварот, краіны, якія дасягнулі значна меншых посьпехаў у эканоміцы і ў дэмакратызацыі – гэта чамусьці менавіта тыя краіны, дзе люстрацыя пасьля зрынаньня камуністычнай дыктатуры так і не была праведзеная. Так ці інакш, адсутнасьць люстрацыі сталася часткай агульнага іх адставаньня праз тое, што на чале дзяржавы засталіся хай сабе і адносна “прагрэсіўныя” прадстаўнікі тых самых былых камуністычных рэжымаў. Ідэя “тоўстай рысы” апынулася такім жа мітам, як распаўсюджаныя на прасторы былога “Ўсходняга блёку” папулісцкія лёзунгі пра “непрыманьне шокавай тэрапіі” ў эканоміцы. Люстрацыя ў Беларусі Не дайшло да люстрацыі і ў постсавецкай Беларусі. Прычынамі гэтаму сталіся яшчэ меншыя, чым у іншых краінах, перамены ў дзяржаўным кіраваньні пасьля распаду СССР, а таксама зусім кароткі пэрыяд, калі краіна разьвівалася ў дэмакратычным рэчышчы. Пасьля атрыманьня незалежнасьці дыскусію пра люстрацыю паспрабаваў пачаць Беларускі народны фронт, але ягоных сілаў для рэальных дасягненьняў не хапіла. Пагатоў, апазыцыі БНФ у Вярхоўным савеце супрацьстаяла агрэсіўная камуністычная маса, якая не ў апошнюю чаргу якраз і падлягала інтэнсіўнаму ачышчэньню ад савеччыны. Прыход да ўлады А. Лукашэнкі і дзяржаўны пераварот 1996 года зьнялі пытаньне люстрацыі з парадку дня. Адноўленая дыктатура наадварот займалася чысткай шэрагаў дзяржаўных службоўцаў ад кадраў, неляяльных да новага рэжыму. Палітыка беларускае дзяржавы з 1994 г. толькі папаўняе сьпісы злачынцаў. Такім чынам, перад будучай беларускай дэмакратычнай уладай паўстане пытаньне люстрацыі ня толькі посткамуністычнай, але і постлукашысцкай, хаце некаторыя пэрсанажы падпадаюць і пад абедзьве зь іх. У іншых краінах, што вызваляліся ад таталітарызму, падставай для люстрацыі было законадаўчае прызнаньне злачынным камуністычнага ці нацысцкага рэжыму і пэўных зьвязаных зь ім арганізацый і структураў – у першую чаргу кіруючай партыі і тайнай паліцыі. У дачыненьні да лукашысцкай Беларусі існуе іншы нюанс, які можа стацца фатальным для сёньняшніх служкаў рэжыму: ідзе парушэньне дзеючых нормаў законадаўства. Злачынства і пакараньне Закон - гэта абавязковая да выкананьня норма, прынятая і зацьверджаная ворганамі, упаўнаважанымі на тое грамадзянамі, якія праз выбары даручылі гэтым ворганам выказваць іх волю і рэгуляваць жыцьцё краіны. Нават калі дзяржава злоўжывае даверам сфармаваўшых яе людзей, нават калі дзяржава яўляе сабой сабаку, які атакуе свайго гаспадара - закон застаецца законам, і яго практычная функцыя - вызначаць пэўныя правілы паводзінаў, нават калі гэтыя правілы дурныя і злачынныя. Парушэньне закону a priori караецца паводле адпаведнай працэдуры. Жалезнае правіла нармалёвага функцыянаваньня дзяржавы: існуюць законы, і яны павінны выконвацца. У свабоднай краіне законы ставяць менш і менш абмежаваньняў грамадзянам - але выконвацца яны павінны ня менш жалезна. Невыкананьне недапушчальнае, бо азначае шкоду іншым людзям, таму яно цягне за сабою адпаведныя санкцыі, матар’яльныя альбо ў выглядзе пазбаўленьня волі. Усё проста і лягічна.
Асноўны закон краіны - Канстытуцыя, якая вызначае і дэкляруе асноўныя прынцыпы функцыянаваньня дзяржавы і прававой сыстэмы краіны. Парушэньне Канстытуцыі - злачынства яшчэ больш бясспрэчнае і цяжкае, чым парушэньне "шэраговага" закону. Давайце зьвярнемся да тэксту дзеючай, актуальнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, гэтага асноўнага закону краіны, які павінен выконвацца. Не калісьці, а зараз. Ня дзесьці, а на тэрыторыі Беларусі. Чалавек, знаёмы з сытуацыяй у сёньняшняй Беларусі знойдзе шмат цікавага і новага ў ёй. “Любыя дзеянні па дасягненню дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксама шляхам іншага парушэння законаў Рэспублікі Беларусь караюцца згодна з законам.” (Артыкул 3.) “Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў.” (Артыкул 4.) “Палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб'яднанні маюць права карыстацца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі ў парадку, вызначаным законам.” (Артыкул 5.) “Забеспячэнне правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь з'яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Дзяржава гарантуе правы i свабоды грамадзян Беларусi, замацаваныя ў Канстытуцыi, законах i прадугледжаныя мiжнароднымi абавязацельствамi дзяржавы.” (Артыкул 21.). “Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў i iх свабоднае выказванне.” “Манапалiзацыя сродкаў масавай iнфармацыi дзяржавай, грамадскiмi аб'яднаннямi або асобнымi грамадзянамi, а таксама цэнзура не дапускаюцца.” (Артыкул 33.) “Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзяржаўныя органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.” (Артыкул 38.) [1] Цытаваць Канстытуцыю Беларусі ў такім кантэксьце можна бясконца. Не патрэбная адмысловая юрыдычная экспэртыза для канстатацыі таго факту, што непрыхаваная цэнзура прэсы, абмежаваньні правоў чалавека, грубыя парушэньні Канстытуцыі, выбарчага законадаўства - гэта рэаліі Беларусі сёньня. Было б меней фармальных падставаў для люстрацыі, калі б усе гэтыя людзі – прапагандысты, судзьдзі, шпегі – выконвалі свае службовыя абавязкі паводле закону, калі б дыктатарскі рэжым быў адпаведна інстытуцыяналізаваны і законадаўча аформлены на ўзроўні Канстытуцыі. Але атрымўваецца, што беларуская дзяржава парушае свае ж законы! Аляксандар Лукашэнка, ягонае атачэньне і адказныя чыноўнікі зьяўляюцца злачынцамі паводле дзеючых законаў Рэспублікі Беларусі і міжнародных пагадненьняў, удзельнікам якіх Рэспубліка Беларусь зьяўляецца. Людзі, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, падтрымліваюць парушэньне законадаўства. А тыя, хто супрацоўнічае з гэтым рэжымам, зьяўляюцца саўдзельнікамі канстытуцыйнага злачынства. Парушэньні законадаўства, як мы высьветлілі, павінны карацца. Не прыцягнуць злачынцаў да адказнасьці – злачынства самое па сабе. Рыхтуй сані ўлетку Расейская прымаўка кажа “рыхтуй сані ўлетку”. Ужо зараз павінна быць распачатая праца па складаньню дасье на дзяржаўных злачынцаў і павінны рыхтавацца напрацоўкі дакумэнтаў па дэкамунізацыі і дэлукашызацыі. У інтэрнэце цыркулюе праект Закону аб люстрацыі. Гэты сумнаваты напаўжарт - больш сур’ёзная рэч, чым можа падасьціся на першы погляд. Ніхто не павінен застацца непакараным, бо гэткі яскравы прэцэдэнт талерацыі да злачынстваў супраць Канстытуцыі краіны дэвалююе саму ідэю прававой дзяржавы. Для канстытуцыйных злачынцаў не павінна быць літасьці, як не павінна быць літасьці да рабаўнікоў, гвалтаўнікоў ці забойцаў. Чалавек альбо зьдзейсьніў злачынства, альбо не. Той, хто зьдзейсьніў злачынства супраць Канстытуцыі краіны і супраць сваіх суграмадзянаў – павінен несьці адказнасьць за гэта. Жалезная лёгіка правапрымяненьня ня церпіць выключэньняў. Архівы КГБ СССР і КГБ Беларусі, сьпісы агентаў і супрацоўнікаў павінны быць проста апублікаваныя. Людзі, каму няма чаго саромецца ў сваім мінулым – ім няма прычыны баяцца публікаваньня гэтых дадзеных. А іншыя ня вартыя нашага спачуваньня. Ня трэба пужацца і рассакрэчваньня мэтадаў працы тайнай паліцыі таталітарнага рэжыму. У дэмакратычнай краіне яны будуць непатрэбныя. Павінна быць праведзеная “дэзынфэкцыя” шэрагаў Міністэрства ўнутраных справаў, міністэрства інфармацыі, дзяржаўных мэдыяў, з адпаведным улікам ахвочасьці кожнага падазраванага да супрацоўніцтва зь сьледзтвам. Былому афіцэрскаму складу савецкага і лукашысцкага КГБ павінна пагалоўна быць забаронена займаць любыя дзяржаўныя пасады. Хай гэтыя людзі займаюцца бізнэсам і ствараюць рабочыя месцы – але да кіраваньня краіны былым чэкісцкім ястрабам шлях павінен быць зачынены. Сам КГБ павінен быць цалкам расфармаваны, а ягоныя функцыі разьмеркаваныя паміж МУС і ваеннай контарвыведкай. Наколькі рэальная пэрспэктыва люстрацыі ў Беларусі ў будучыні зараз сказаць цяжка. Нельга дапусьціць, каб люстрацыя сталася сродкам палітычнае барацьбы і ператварылася на ганебны спэктакль як гэта сталася ў Польшчы. Менавіта на такі варыянт разьвіцьця падзеяў любяць акцэнтаваць пэўныя скептыкі ў сёньняшняй Беларусі – і, магчыма, яны самі і будуць максымальна спрыяць таму, каб па гэтаму сцэнару ўсё і пайшло. Як у савецкім вершыку - “И милиции боятся те, чья совесть не чиста”. Асабліва надае невядомасьці надыйшоўшыя беларуска-расейская крыза і выкліканыя ёй перамены ў беларускай палітыцы. Але прынамсі можна меркаваць, што будучая люстрацыя ставіцца пад моцную пагрозу ў выпадках, калі зьмена рэжыму адбудзецца шляхам палацавага перавароту з боку атачэньня Лукашэнкі альбо шляхам паступовай трансфармацыі рэжыму праз дыялёг з апазыцыяй. Зараз відно, што хутчэй за ўсё Беларусь будзе ісьці адным з гэтых двух шляхоў, а варыянт “аксамітнае рэвалюцыі” можна сьпісаць як нерэалістычны. Бачыцца гэткая сытуацыя “пакупкі” Беларусяй дэмакратыі, хоць якой, узамен на гарантыі недатыкальнасьці тым, на каго меч Тэміды павінен быў апусьціцца ці ня ў першую чаргу. Кампраміс з д’яблам? Меншае зь ліхаў? Называйце гэта як жадаеце. Але барацьба за люстрацыю ў любых умовах – гэта маральная павіннасьць усіх палітычных сілаў, здольных аналізаваць гісторыю і досьвед суседніх краінаў. Сілаў, якія ўкладаюць нейкі сэнс у словы “дэмакратыя” і “законнасьць”. --- [1] Цытаты паводле: http://zakanadaustva.narod.ru/zakony/Kanstytucyja_Bielarusi_2004.htm Баўтрамей Горбач |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар