|
|
|
Эканамічная канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (І)03/12/2007 - 00:47 / Навукова-дасьледчы цэнтар Мізэса ЭКАНАМІЧНАЯ КАНСТЫТУЦЫЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ПРЭАМБУЛА Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь (Беларусі), грунтуючыся на фундамэнтальных правах і свабодах чалавека; зыходзячы зь неабходнасьці рэалізацыі кожным чалавекам права на жыцьцё; лічачы асноваўтваральнымі прынцыпамі беларускай дзяржаўнасьці прынцып прыватнай уласнасьці, прадпрымальніцтва і свабоды эканамічнага абмену; лічачы сябе паўнавартасным і раўнапраўным суб'ектам рэгіянальнай і сусьветнай сыстэмы падзелу працы; абапіраючыся на прынцыпы свабоднага гандлю, адкрытай канкурэнцыі і адказнай дзяржавы; жадаючы забясьпечыць доўгатэрміновы, устойлівы рост дабрабыту грамадзянаў, улічваючы сусьветны досьвед сыстэмных трансфармацыяў у сусьветнай эканоміцы і высновы сучаснай эканамічнай навукі, прымаем дадзеную Эканамічную Канстытуцыю – асноўны закон, які рэгулюе эканамічныя праваадносіны паміж грамадзянінам, камэрцыйнай арганізацыяй і дзяржавай. РАЗЬДЗЕЛ I. ПРАВЫ ЎЛАСНАСЬЦІ Артыкул 1. Права ўласнасьці ёсьць набор дапушчальных эканамічных рашэньняў або частковых правамоцтваў у дачыненьні да вызначанага матэрыяльнага і нематэрыяльнага актыву ці рэсурсу. Гэта юрыдычна забясьпечаная і замацаваная за ўласьнікам магчымасьць валодаць, карыстацца і распараджацца належнай яму маёмасьцю, а таксама ўхіляць умяшаньне ўсіх трэціх асобаў у сфэру яго гаспадарчага панаваньня над такой маёмасьцю, дзеючы пры гэтым па ўласнаму меркаваньню, у сваіх інтарэсах і не парушаючы правы ўласнасьці іншых грамадзянаў. Артыкул 2. Пералік паўнамоцтваў, якія складаюць права ўласнасьці, уключае правы на выкарыстаньне рэсурсу, яго спажываньне, кіраваньне, на прыбытак, забарона шкоднага выкарыстаньня, зьнішчэньне, перайначваньне, паляпшэньне, кіраваньне, продаж, дарэньне, завяшчаньне, здаваньне ў арэнду, заклад, атрыманьне ад яго прыбытку і іншыя апэрацыі. Артыкул 3. Права ўласнасьці азначае забарону на прысвойваньне рэсурсу, канфіскацыю, псаваньне, забруджваньне, скрыжаваньне, выкарыстаньне без дазволу і ажыцьцяўленьне іншых дзеяньняў без дазволу ўласьніка. Артыкул 4. Акт эканамічнага абмену ёсьць перадача вызначаных паўнамоцтваў ад аднаго суб'екта іншаму па ўзаемнай добраахвотнай згодзе. Грамадзяне маюць права самастойна выбіраць парамэтры абмену на рынку грошай, тавараў, паслуг і працоўнай сілы. Дзяржава ня мае права абмяжоўваць свабоду абмену паміж грамадзянамі і камэрцыйнымі арганізацыямі. Артыкул 5. Адносіны ўласнасьці зьяўляецца падмуркам грамадзкіх адносінаў у Рэспубліцы Беларусь. У прыватнай уласнасьці грамадзянаў Рэспублікі Беларусь знаходзяцца ўсе формы актываў і рэсурсаў: зямля, грошы, каштоўныя паперы, эмітаваныя ў Беларусі і ў іншых краінах, тавары, аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці, аб’екты нерухомай маёмасьці. Любыя спрэчкі і дыспуты паміж грамадзянамі вырашаюцца ў выніку перамоваў альбо ў судовым парадку. Часовы або пэрманэнтны трансфэрт правоў уласнасьці ад аднаго эканамічнага суб’екта да іншага можа быць зьдзейсьнены толькі па згодзе ўласьніка або па рашэньні суду. Артыкул 6. Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь і грамадзянін замежнай дзяржавы мае права ўласнасьці ў Рэспубліцы Беларусь на ўсе формы актываў і рэсурсаў. Дыскрымінацыя ў правах уласнасьці па прыкмеце грамадзянства незаконная.
Артыкул 7. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на самастойнае азначэньне парамэтраў абмену правамі ўласнасьці на актывы і рэсурсы, зыходзячы з свайго паданьня аб выгадзе, карысьці і каштоўнасьці. Дзяржава ня мае права прымушаць грамадзян да зьдзяйсненьня ўгод абмену правамі ўласнасьці як з грамадзянамі сваёй краіны, так і з грамадзянамі іншых краінаў. Артыкул 8. Правы ўласнасьці абараняюцца ў судовым парадку. Па сузгодзе грамадзянаў спрэчкі і рознагалосьсі могуць вырашацца ў прыватных судах (арбітражах). Судовыя рашэньні прыватных судоў маюць такую жа юрыдычную сілу, як і рашэньні дзяржаўных судоў і зьяўляюцца абавязковымі для выкананьня праваахоўнымі ворганамі. Артыкул 9. Дзяржава гарантуе роўнасьць умоваў для рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў уласнасьці. Пад роўнасьцю ўмоў гаспадараньня разумеецца адсутнасьць палёгак, прывілеяў або прэфэрэнцый па доступе, дзейнасьці або выхаду з рынку грошай, тавараў, паслугаў альбо працоўнай сілы. Дзяржава ня мае права ўводзіць дазваленчыя працэдуры, мінаньне якіх зьяўляецца неабходным для рэалізацыі правоў уласнасьці. Артыкул 10. Пры перадачы сваіх актываў і рэсурсаў у камэрцыйнае карыстаньне іншым эканамічным суб’ектам дзяржава абавязаная ствараць роўныя ўмовы доступу, не дапушчаючы дыскрымінацыі па форме ўласнасьці, краіне паходжаньня ці іншаму парамэтру. Артыкул 11. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь і камэрцыйныя арганізацыі маюць права ажыцьцяўляць любыя спосабы эканамічнага абмену на любых рынках на ўмовах, якія яны лічаць выгоднымі. Забароненымі спосабамі дзейнасьці зьяўляюцца дзеяньні, якія накіраваныя на пазбаўленьне грамадзяніна жыцьця, здароўя і маёмасьці. Для заняцьця відамі дзейнасьці, якія могуць стварыць непасярэдную пагрозу жыцьцю, здароўю і маёмасьці грамадзянаў, эканамічным суб’ектам патрабуецца атрымаць ліцэнзію. Іншыя дазваленчыя працэдуры, у тым ліку адмысловы парадак рэгістрацыі юрыдычных асобаў, атрыманьне дадатковых дазволаў, забараняецца. Артыкул 12. Эканамічныя суб’екты самастойна вызначаюць рэжым вырашэньня спрэчак, памер і парадак атрыманьня кампэнсацыяў. Калі ў дамовах паміж грамадзянамі ня вызначаны парадак вырашэньня спрэчак, азначэньне памеру і парадку атрыманьня кампэнсацыі, бакі карыстаюцца адпаведнымі нарматыўнымі актамі. Артыкул 13. Грамадзяне самастойна вызначаюць прававыя формы для ажыцьцяўленьня эканамічных абменных апэрацый. Абмежаваньні на колькасьць і формы ўдзелу грамадзян у эканамічных абменных апэрацыях, не дапушчаюцца. Грамадзяне могуць самастойна выбіраць формы маёмаснай адказнасьці і паказваць іх у дамовах. Артыкул 14. Грамадзяне інфармуюць пра пачатак сваёй камэрцыйнай дзейнасьці дзяржаву, калі абраная імі дзейнасьць не патрабуе атрыманьне ліцэнзіі. Увядзеньне дзяржавай дадатковых патрабаваньняў да грамадзянаў для пачатку камэрцыйнай дзейнасьці, такіх як абавязковае фармаваньне статутнага фонду, натарыяльнае пацьверджаньне дакумэнтаў і іншых абавязальніцтваў, якія вядуць да росту выдаткаў уваходу на рынак, не дапушчаецца. Грамадзяне самастойна вызначаюць формы ўдзелу, кошт сваіх укладаньняў у сумесныя камэрцыйныя праекты, мэханізмы гарантыі, формы закладу, страхаваньня рызыкаў і іншыя аспэкты эканамічнай дзейнасьці. Прымус грамадзянаў да пэўных формаў нэўтралізацыі або дывэрсыфікацыі рызыкаў, да правядзеньня цанавой, вытворчай, інвэстыцыйнай, збытавай, фінансавай палітыкі не дапушчаецца. Дзяржава ня мае права ўсталёўваць дазваленчы характар на любую эканамічную дзейнасьць, акрамя той, якая падлягае ліцэнзіяваньню. Дзяржава прымае закон, у якім утрымоўваецца поўны пералік ліцэнзіяванай дзейнасьці.
Артыкул 15. Грамадзяне самастойна вызначаюць парамэтры ўзаемаадносінаў з крэдыторамі і фінансавымі ўстановамі, у тым ліку парадак вяртаньня крэдытаў і пакрыцьця стратаў. Артыкул 16. Грамадзяне самастойна выбіраюць спосаб верыфікацыі асоб і дакумэнтаў у камэрцыйных угодах і іншых дамовах аб эканамічным абмене. Артыкул 17. Грамадзяне маюць права займацца любымі дазволенымі заканадаўствам формамі эканамічнага абмену, у тым ліку набываць правы ўласнасьці на розныя аб’екты, з эканамічнымі суб’ектамі іншых дзяржаваў. Дзяржава ня мае права ўводзіць дазваленчыя працэдуры ці забароны на такія формы абмену. Артыкул 18. Грамадзяне самастойна ацэньваюць прыроду і сутнасьць рызыкаў пры правядзеньні апэрацый эканамічнага абмену. Страхаваньне любых рызыкаў зьяўляецца добраахвотным. Умовы заключэньня дамоваў страхаваньня вызначаюцца ўдзельнікамі ўгодаў самастойна. Эканамічныя суб’екты пры распараджэньні сваімі актывамі самастойна вызначаюць рэжым іх выкарыстаньня. Дзяржава ня мае права надаваць любым формам страхаваньня абавязковы характар. Працяг будзе Навукова-дасьледчы цэнтар Мізэса |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар