|
|
|
"Ад кожнага - па здольнасьцях, кожнаму - па патрэбе"06/13/2007 - 01:21 Урывак з кнігі Айн Рэнд "Атлянт расправіў плечы". - На заводзе, дзе я прапрацаваў дваццаць гадоў, нешта здарылася. Усё пачалося, калі памёр стары гаспадар і справы прынялі яго спадчыньнікі. Іх было трое, двое сыноў і адна дачка. Яны распрацавалі новы плян кіраваньня заводам. Яны прапанавалі, каб мы прагаласавалі за яго, і мы амаль адзінагалосна прагаласавалі "за". Мы ня ведалі, што гэта за плян, і думалі, што ён добры. Не, не зусім так. Мы думалі, што павінны лічыць яго добрым. Плян прадугледжваў, што кожны будзе працаваць па сваіх здольнасьцях, а яго праца будзе аплочвацца па ягоных запатрабаваньнях. Мы... У чым справа, мэм? Чаму вы так глядзіце на мяне? - Як зваўся завод? - ледзь чуваць спытала Дэґні. - "Twentieth Century Motor Company " з Старнзвілу, штат Вісконсін, мэм. - Працягвайце. - Мы прагаласавалі за гэты плян на агульным сходзе, мы ўсе, шэсьць тысяч, што працавалі на заводзе. Спадчыньнікі Старнса выступалі з доўгімі прамовамі. Было не асабліва зразумела, але ніхто не задаваў пытаньняў. Ніхто не ўяўляў, як будзе працаваць гэты плян на практыцы, але кожны спадзяваўся, што ягоны сусед уяўляе. А калі ў каго і былі сумневы, ён пачуваўся вінаватым і сядзеў моўчкі, таму што яны зрабілі бы так, каб той, хто выступіў супраць пляну, быў прызнаны недачалавекам і дзетазабойцам у душы. Яны гаварылі нам, што плян разьлічаны на дасягненьне шляхотнага ідэалу. Ну адкуль нам было ведаць, што гэта не так? Бо мы ўсё жыцьцё толькі і чуем пра гэта ад бацькоў, настаўнікаў і сьвятароў, чыталі гэта ў любой газэце, бачылі ў кожным фільме, чулі ва ўсіх прамовах. Хіба нам не паўтаралі, што гэта правільна і справядліва? Мабыць, існуе нейкае апраўданьне таму, што мы зрабілі на тым сходзе. Але ўсё ж мы прагаласавалі за гэны плян і паплаціліся за гэта. Ведаеце, мэм, мы свайго роду пазначаныя, я гавару пра тых, хто працаваў на заводзе яшчэ чатыры гады пасьля таго, як быў прыняты гэты плян. Да чаго падобнае пекла? На зло – прастое, непрыхаванае, усьміхаючаеся ліха. Хіба ня так? Менавіта гэта мы ўбачылі і гэтаму дапамаглі зьявіцца. Таму я думаю, што на ўсіх нас ляжыць праклён і, мабыць, нам няма прабачэньня... Ведаеце, як плян ажыцьцяўляўся і што ён рабіў з людзьмі? Паспрабуйце напоўніць вадой бочку, на дне якой ёсьць цеча, празь якую вада сыходзіць хутчэй, чым яе наліваюць. З кожным новым вядром, якое вы прыносіце, гэтая дзюра павялічваецца ў дыямэтры на цалю, і чым больш вы працуеце, тым больш працы ад вас патрабуецца. Вы выліваеце ўсё новыя і новыя вёдры, спачатку сорак гадзінаў у тыдзень, потым сорак восем, потым пяцьдзесят шэсьць - і ўсё для таго, каб у вашага суседа стаяла на стале вячэра, каб ягонай жонцы зрабілі апэрацыю, каб у ягонага дзіцяці вылечылі адзёр, каб ягоаня маці атрымала крэсла на колах, каб ягоны дзядзька меў кашулю; для дзіцяці, якое яшчэ не нарадзілася, для ўсіх вакол, усё - для іх, ад пялёнак да зубных пратэзаў. Вы жа павінны працаваць ад сьвітанку да заходу, месяц за месяцам, год за годам, нічога не атрымоўваючы за гэта, акрамя свайго жа поту, нічога не бачачы, акрамя іх задавальненьня, якое вы павінны ім дастаўляць да канца сваіх дзён, працуючы без адпачынку і надзеі, бесконца... Ад кожнага па здольнасьцях, кожнаму па патрэбе... Яны казалі, што мы ўсё адна вялікая сям'я. Але ня ўсе мы стаім за адным зварачным апаратам да дзесяці гадзін у дзень, і не ва усіх адначасова баліць жывот. Чые здольнасьці і чые патрэбы найважнейшыя? Бо калі ўсё ў адзін кацёл, чалавеку не дазволена вызначыць свае патрэбы. А то ён заявіць, што яму патрэбная яхта, і, калі нам застаецца кіравацца толькі яго пачуцьцямі, ён цалкам можа абгрунтаваць сваё запатрабаваньне. Чаму не? Калі я ня маю права зарабіць на машыну, пакуль не патраплю на бальнічную койку, сваёй працай зарабляючы па машыне кожнаму гультаю і голаму насельніку джунгляў, чаму бы не запатрабаваць ад мяне яхту, пакуль я яшчэ здольны трымацца на нагах? Не? Тады чаму хтосьці патрабуе, каб я піў каву без сьлівак, пакуль ён не адрамантуе сваю гасьцёўню? Такія вось справы... Так ці інакш, было вырашана, што ніхто ня мае права сам судзіць пра свае патрэбы і здольнасьці. Мы галасавалі па гэтым пытаньні. Так, мэм, галасавалі два разы на год на агульным сходзе. А як інакш? Як вы думаеце, што адбывалася на падобных сходах? Пасьля аднаго такога сходу мы зразумелі, што ператварыліся ў жабракоў, у брудных, скулячых просьбітаў - мы ўсё, таму што ніхто ня мог сказаць, што атрымоўвае заробленае па праву. У нас не засталося ані правоў, ані заробку, наша праца не належала нам - наша праца належала "сям'і", і яна нічога не павінна была наўзамен. Нашы патрэбы служылі адзінай прычынаю звароту да "сям'і"; кожны павінен быў прад'яўляць свае запатрабаваньні, нібы апошні сьлімак, пералічваць усе свае клопаты і няшчасьці, не забываючы пра дрэнную мэблю і насмарк жонкі і спадзяючыся, што "сям'я" падасьць яму на беднату. Патрабавалася заяўляць пра свае няшчасьці, бо яны, а не праца, сталі ў нашай гаспадарцы звонкай манэтай. Праца ператварылася ў спаборніцтва паміж шасьцю тысячамі жабракоў, кожны зь якіх сцьвярджаў, што ягоныя патрэбы вастрэй, чым патрэбы яго блізкага. А як інакш магло здарыцца? Вы не здагадваецеся, што адбылося? Якія людзі маўчалі, згараючы ад сораму, а якія зрывалі куш?
Але гэта яшчэ не ўсё. На тым сходзе мы зразумелі сёе-тое яшчэ. Вытворчасьць звалілася на сорак адсоткаў толькі за першае паўгодзьдзе. Таму вырашылі, што хтосьці працаваў не ў адпаведнасьці са сваімі здольнасьцямі. Хто? Як пазнаць? "Сям'я" прагаласавала і па гэтым пытаньні. Прагаласавалі за тое, каго лічыць найлепшымі працаўнікамі: іх прысудзілі да звышвызначанай працы штовечар на працягу паўгода. Звышвызначана і бясплатна, таму што плацілі не пачасова і не за зробленую працу, а толькі за патрэбу. Ці трэба казаць, што адбылося потым і ў якіх пачвараў мы ператварыліся, мы, хто калісьці былі людзьмі? Мы сталі хаваць свае здольнасьці, павольней працаваць і з зоркасьцю каршака сачылі за тым, каб працаваць ня лепш за суседа. Што яшчэ мы маглі зрабіць, калі ведалі, што, аддаўшы ўсе сілы дзеля "сям'і", атрымаем не падзяку і не ўзнагароду, а пакараньне? Мы ведалі, што кожны падонак можа сапсаваць партыю матораў, што дорага абыйдзецца кампаніі, альбо з-за сваёй няспрытнасьці, альбо проста зь няведаньня. А іншым давядзецца адплачвацца за гэта сваімі вольнымі вечарамі і выходнымі днямі. Таму мы з усіх сілаў імкнуліся працаваць дрэнна. Быў у нас адзін хлапчук, які нядаўна пачаў працаваць і прасякнуўся высакароднай ідэяй, разумніца, праўда без адукацыі, але з надзвычай сьветлай галавой. У першы год ён прыдумаў, як рэарганізаваць вытворчы працэс, і зэканоміў тысячы чалавека-гадзінаў. Ён аддаў гэта "сям'і", і нічога не папрасіў наўзамен, ды ён і не мог прасіць, такі ўжо ён быў. Ён казаў, што робіць гэта дзеля дасягненьня вялікай мэты. Калі гэты хлапчук пазнаў, што за яго прагаласавалі як за аднаго з найбольш здольных і прысудзілі да звышвызначанай працы, ён змоўк і стаў спыняць свае думкі. Само сабою, у наступным годзе ён ня высунуў ніякіх прапанваў. Пра што нам без умолку казалі? Пра прадажніцкую канкурэнцыю ў сыстэме вытворчасьці, арыентаванай на прыбытак, дзе людзі павінны змагацца адзін з адным, хто лепш працуе. Жорстка, праўда? Ну, мабыць, ім жадалася паглядзець, як мы будзем спаборнічаць адзін з адным, імкнучыся зрабіць сваю працу як мага горш. Няма вярнейшага шляху зьнішчыць чалавека, чым вымусіць яго з дня ў дзень працаваць як мага горш. Гэта губіць хутчэй, чым п'янства, лянота або зладзейства. Але нам нічога не заставалася, акрамя як разгульваць няўмех. Мы баяліся толькі аднаго абвінавачваньня - ва ўладаньні здольнасьцямі. Талент быў накшталт банкаўскага крэдыту, па якім немагчыма разьлічыцца. Дзеля чаго працаваць? Усе ведалі, што заробак выплацяць бяз розьніцы, ці ён сапраўды зароблены, ці не, але вышэй за кватэрную і харчовцю пайку, як яе звалі, нічога не дадуць, як ні імкніся. Мы не маглі спадзявацца на тое, што ў наступным годзе купім сабе новай вопраткі, бо невядома, ці выдадуць грошы на вопратку ці не, - раптам хтосьці зламае нагу, камусьці трэба будзе тэрмінова зрабіць апэрацыю, хтосьці народзіць яшчэ адно дзіця. А калі бракавала грошай на строі ўсім, то і вам грошай таксама не давалі. Я ведаў аднаго чалавека, які прапрацаваў усё жыцьцё дзеля таго, каб адправіць сына ў калегіюм. Хлопчык скончыў сярэднюю школку на другі год ажыцьцяўленьня пляну, але "сям'я" адмовілася даць бацьку хлопчыка грошы для навучаньня ў калегіюме. Яму сказалі, што ягоны сын ня зможа вучыцца ў калегіюме, пакуль у нас ня будзе досыць грошай, каб сыны ўсіх астатніх таксама маглі вучыцца там, і што спачатку трэба вывучыць у сярэдняй школе ўсіх, але і на гэта ў нас няма сродкаў. Праз год гэты чалавек загінуў у панажоўшчыне, якая завязалася з-за дробязі. Такія рэчы пачалі адбывацца ўсё часьцей. Памятаю яшчэ аднаго старога, бязьдзетнага ўдаўца, які песьціў адно захапленьне: грамафонныя кружэлкі. Мабыць, гэта была яго адзіная радасьць у жыцьці. Ён эканоміў на ежы, каб купіць новую кружэлку клясычнай музыкі. Яму адмовілі ў датацыі на кружэлкі, назваўшы гэта асабістай раскошай. Але на тым жа сходзе агульным галасаваньнем было вырашана, што Мілі Буш, чыясьці дачка, агідная васьмігадовая пачвара, павінна атрымаць пару залатых клямак для крывых зубоў, таму што завадзкі лекар заявіў, што ў небаракі можа разьвіцца комплекс непаўнавартаснасьці, калі не выправіць яе зубы. Стары, які любіў музыку, запіў, дапіўся да таго, што яго рэдка можна было ўбачыць у чалавечым стане. Але аднаго ён не забыў. Аднойчы ўвечары, ледзьве плятучыся па вуліцы п’яны, ён убачыў Мілі Буш, размахнуўся і выбіў ёй усе зубы. Усе да адзінага. Мы ўсе, хто больш, хто менш, пацягнуліся да выпіўкі. Не пытайце, як мы даставалі грошы; калі ўсе прыстойныя пацехі забароненыя, заўсёды знойдуцца спосабы пажывіцца грошыкамі на непрыстойныя. Чалавек не ўрываецца ў харчовую краму зацемна і не залазіць у кішэню суседа, каб купіць запісы клясычных сымфоніяў або ляску з вудай. Але зробіць гэта, каб упіцца да непрытомнасьці і забыцца. Вуды? Паляўнічыя стрэльбы? Фотаапараты? Гобі? Субсыдыі на забаўкі не выдаваліся нікому. Пацехі забаранілі перш за ўсё. Бо лічыцца ганебным пярэчыць, калі вас папросяць адмовіцца ад чагосьці, што дастаўляе вам асалоду. Нават датацыю на тытунь зрэзалі да таго, што яе хапала толькі на дзьве пачкі цыгарэтаў у месяц. Яны сказалі, што грошы накіраваныя ў фонд для дзяцей. Дзеці заставаліся адзіным вытворчым паказчыкам, які не зваліўся, насупраць, ён вырас і працягваў расьці, таму што людзям было няма чаго больш рабіць, дзіця рабілася ня іх цяжарам, а цяжарам "сям'і". Фактычна выдатным шанцам атрымаць дадатак да заробку і кароткую разрыўку зьяўлялася субсідыя на дзіця. Альбо дзіця, альбо сур'ёзная хвароба. Мы вельмі хутка зразумелі, да чаго вядзе гэты плян. Кожнаму, хто паводзіў сябе па-сумленнаму, прыходзілася ва ўсім сабе адмаўляць. Ён губляў жаданьне пацехаў, неахвотна паліў тытунь, які каштаваў пяць цэнтаў, або жаваў гумку, увесь час турбуючыся, каб у яго не аднялі гэтыя пяць цэнтаў, аддаўшы камусьці, чыя патрэба будзе палічаная больш важкай. Ён саромеўся кожнай лыжкі ежы, якую глынаў, думаючы пра тое, чыёй стомнай вячэрняй працай яна аплочаная, ведаючы, што есьць сваю ежу не па праве, аддаючы перавагу быць ашуканым, але не ашуканцам, прасьцяком, але не крывасмокам. Ён адмаўляўся ажаніцца, не дапамагаў бацькам і не ўскладаў на плечы "сям'і" дадатковы цяжар. Акрамя таго, калі ён яшчэ захаваў хоць нейкае пачуцьцё адказнасьці, ён ня мог ажаніцца і даць жыцьцё дзецям, паколькі ня мог нічога плянаваць, нічога абяцаць, ні на што абаперціся. Але для гультаяватых і безадказных гэта атрымалася сьвятам. Яны нараджалі дзяцей, стваралі непрыемнасьці маладзіцам, звазілі да сабе нямоглых сваякоў з усёй краіны, незамужніх цяжарных сясьцёр, каб атрымаць дадатковую субсідыю па непрацаздольнасьці. У іх адчынялася больш хваробаў, чым доктар змог бы адмаўляць, яны псавалі сваю вопратку, мэблю, хаты - якога чорта, за ўсё плаціць "сям'я"! Яны знаходзілі значна больей спосабаў запасьці ў патрэбу, чым можна прадставіць, яны ўзьвялі гэта ў ранг мастацтва, гэта было адзіным, у чым ім не было роўных.
Дапамажы нам Божа, мэм! Вы разумееце тое, што зразумелі мы? Мы зразумелі, што ёсьць закон, па якім мы павінны жыць, маральны кодэкс, як яны яго звалі; і гэты закон караў тых, хто яго выконваў. Чым больш чалавек імкнуўся жыць па ім, тым мацней ён пакутаваў; чым больш ашукваў, тым больш атрымоўваў. Сумленнасьць аднаго была закладам несумленнасьці іншага. Сумленны прайграваў, несумленны выйграваў. Як доўга можна было заставацца добрым чалавекам пры такіх законах? Калі мы пачыналі працаваць, усе былі прыстойнымі хлопцамі. Сярод нас не было прахвостаў. Мы ведалі сваю справу і ганарыліся тым, што працуем на найлепшым заводзе ў краіне, - стары Старнс наймаў эліту працоўнай клясы. Праз год пасьля прыняцьця пляну сярод нас не засталося ніводнага сумленнага чалавека. Гэта і было то самае зло, якім палохаюць прапаведнікі і якое, як людзям падаецца, яны ніколі не ўбачаць наяве. Ня тое, каб плян заахвочваў жменьку байструкоў, але дзякуючы яму прыстойныя людзі рабіліся байструкамі. Такі плян і ня мог спарадзіць нічога іншага - і гэта звалі маральным ідэалам! Дзеля чаго было працаваць? Зь любові да бліжніх? Якіх бліжніх? Дзеля прахвостаў, валацугаў і жабракоў, якіх мы бачылі вакол? Для нас не было ніякай розьніцы, ці былі яны ашуканцамі, альбо проста нічога ня ўмелі, не жадалі ці не маглі зрабіць. Калі да канца сваіх дзён мы апынуліся пастаўленыя ў залежнасьць ад іх бясталентнасьці, выдуманай альбо сапраўднай, як доўга мы маглі трываць? Мы ня ведалі пра іх здольнасьці, у нас не было спосабу кіраваць інымі патрэбамі. Мы ведалі толькі, што мы - быдла, якое тупа таўчэцца ў нейкім месцы, якое нагадвае і лякарню, і бойню, - у нейкім прыстанку для ўбогіх і нямоглых. Мы былі жывёлінамі, якіх прыгналі для задавальненьня нечых патрэбаў. Любоў да сваіх блізкіх? Менавіта тады мы навучыліся ненавідзець сваіх блізкіх. Мы ненавідзелі іх за кожны зьедзены імі кавалак, за кожную атрыманую асалоду, за новую кашулю, новы капялюшык для жонкі, паездку за горад зь сям'ёй, за сьвежую фарбу на іх хатах - таму што ўсё гэта было аднята ў нас, за гэта было заплочана коштам нашых пазбаўленьняў. Мы пачалі шпіёніць адзін за адным, і кожны спадзяваўся выкрыць каго-небудзь, хто гаворыць няпраўду пра свае патрэбы, каб на чарговым сходзе скараціць яму датацыю. Зьявіліся інфарматары, якія даносілі, напрыклад, што ў нядзелю хтосьці прынёс у хату індычку, за якую заплаціў грашыма, як правіла, выйгранымі за картачным сталом. Людзі пачалі ўмешвацца ў жыцьцё адзін аднаго. Мы правакавалі сямейныя сваркі, каб вымусіць зьехаць якіх-небудзь сваякоў. Штораз, калі які-небудзь хлопец пачынаў сур'ёзныя адносіны з маладзіцай, мы атручвалі яму жыцьцё. Было разарвана шмат змовінаў. Мы не жадалі, каб хто-небудзь ажаніўся, павялічваючы лік утрыманцаў, якіх трэба карміць. Раней мы ладзілі сьвяты, калі ў кагосьці нараджалася дзіця; калі ў кагосьці ўзьнікалі часовыя цяжкасьці, мы зьбіралі грошы і дапамагалі яму адплаціцца па бальнічных рахунках. Цяпер жа, калі нараджалася дзіця, мы тыднямі не размаўлялі з бацькамі. Дзеці сталі для нас тым жа, чым для фэрмэра саранча. Раней мы дапамагалі таму, у чыёй сям'і хтосьці сур'ёзна хварэў. А цяпер... Чаму камусьці захацелася прапаведаваць такое зло? Ці было гэта камусьці выгодна? Так, было. Спадчыньнікам Старнса. Спадзяюся, вы не станеце нагадваць мне, што яны ахвяравалі сваім багацьцем і падарылі нам свой завод. Так і нас абдурылі. Так, яны адмовіліся ад завода, але выгада, мэм, бывае рознай - гледзячы чаго вы дамагаецеся. А то, чаго дамагаліся Старнсы, ні за якія грошы ня купіш. Грошы занадта чыстыя і нявінныя для гэтага. Эрык Старнс быў самым маладым зь іх, сапраўдны смоўжань, у яго ні на што не хапала волі. Яго вылучылі начальнікам аддзела інфармацыі, які нічога не рабіў, хіба што сачыў за штатам супрацоўнікаў, занятых тым жа, таму ён не асоба турбаваў сябе службай. Заробак, які ён атрымліваў, хоць гэта і не належала зваць заробкам, апынуўся адносна сьціплым - раз у дзесяць больш за мой, але і гэта было ня вельмі шмат. Эрыка не цікавілі грошы, ён ня ведаў бы, што з імі рабіць. Ён бавіў час, бэрсаючыся ў нас пад нагамі і дэманструючы, які ён таварыскі і дэмакратычны. Падаецца, ён жадаў, каб яго любілі. Ён стала нагадваў, што падарыў нам завод. Мы яго ненавідзелі. Джэральд Старнс кіраваў вытворчасьцю. Мы так і не пазналі, якая была яго доля... гэта значыць яго міласьціна. Каб вылічыць памер яго заробку, запатрабаваліся бы паслугі цэлай групы бухгальтараў, а каб зразумець, якімі шляхамі гэтыя сродкі траплялі да яго, - пачуць меркаваньне цэлай брыгады інжынэраў. Ніводзін даляр не прызначаўся для яго асабіста, усё ішло на патрэбы кампаніі. Джэральд меў тры аўтамабілі, чатыры сакратары, пяць тэлефонаў. Ён уладкоўваў прыёмы, на якіх падавалі шампанскае і кавіяр; ніводзін магнат, які плоціць падаткі, ня мог дазволіць сабе нічога падобнага. За год ён выдаткаваў больш, чым ягона бацька зарабіў за апошнія два гады свайго жыцьця. Мы бачылі пачак часопісаў вагай у трыццаць кіляграмаў - мы іх узважвалі - у кабінэце Джэральда. Часопісы былі нашпігаваныя апавяданьнямі пра наш завод і наш высакародны плян, у іх мясьціліся вялізныя партрэты Джэральда Старнса, яго звалі выбітным барацьбітом за ўсеагульнае шчасьце. Джэральд любіў вечарамі па вечарах захадзіць у цэхі ў сваім парадным гарнітуры, зіхацеў дыяментавымі запанкамі велічынёй з пяціцэнтавую манэту і стрэсваў паўсюль попел са сваёй цыгары. Нікчэмнік, які ня мае чым пахваліцца, акрамя сваіх грошай, - ня вельмі прыемнае відовішча. Ён хоць упэўнены, што грошы належаць яму, а ты жадаеш – глядзі на яго, не жадаеш - не глядзі. Звычайна ня вельмі жадаецца. Але калі такая пачвара, як Джэральд Старнс, ламае камэдыю і прамаўляе, што яму абыякавыя матэрыяльныя выгоды, што ён служыць "сям'і", што раскоша патрэбна не для яго, а дзеля нас і агульнай выгоды, таму што прэстыж кампаніі, як і імідж высакароднага чалавека, неабходна падтрымліваць у вачах грамадзкасьці... Менавіта тады пачынаеш ненавідзець, як ніколі раней, тое, што завецца чалавекам. Але яшчэ жудасней была ягоная сястра Айві. Вось ужо каму-каму, а ёй было сапраўды пляваць на багацьце. Яна зарабляла так жа мала, як і мы, і каб даказаць сваю самаахвярнасьць, яна стала хадзіла ў старых патнофлях без абцасаў і ў пацертай блузе. Яна кіравала разьмеркаваньнем. Гэтая дама адказвала за нашыя патрэбы. Яна трымала нас за глотку. Вядома, усё датычнае разьмеркаваньня павінна было вырашацца галасаваньнем, шляхам выяўленьня народам сваёй волі. Але народная воля выяўлялася выцьцём шасьці тысяч чалавек, якія спрабавалі нешта вырашыць, ня маючы крытэраў, наогул нічога не разумеючы. Не існавала правілаў гульні і кожны мог запатрабаваць усяго, чаго захоча, не маючы правы ні на што, мог распараджацца жыцьцём суседа, але не сваім. Атрымалася, што голасам народа гаворыць Айві Старнс. Да зыходу другога году мы перасталі ладзіць "сямейныя сустрэчы", як было сказана, у інтарэсах вытворчасьці і эканоміі часу, бо адна такая сустрэча доўжылася дзесяць дзён. Зараз усё прашэньні трэба было проста накіроўваць у кабінэт міс Старнс. Не, не накіроўваць. Кожны просьбіт павінен быў асабіста зьяўляцца да яе ў кабінэт і зачытваць уголас свой зварот. Яна складала сьпіс разьмеркаваньня, які потым прадстаўляўся на галасаваньне на сходзе, які цягнуўся тры чвэрці гадзіны. Мы галасавалі, натуральна, "за". |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Даслаць камэнтар